Так выглядаў крыж. Фота: Catholic.by

Так выглядаў крыж. Фота: Catholic.by

Прапагандыстка Вольга Бондарава паведаміла, што крыж памяці аб каталіцкім святары Вінцэнту Гадлеўскім знік ад касьцёла Сьвятога Роха дзякуючы «намаганьням Камуністычнай партыі Беларусі». Бондарава назвала «нацыстам» самога сьвятара.

Паводле інфармацыі «Радыё Свабода», крыжа цяпер каля касцёла Сьвятога Роха няма, ён зберагаецца ў адпаведным яго рэлігійнаму статусу месцы.

Вінцэнт Гадлеўскі родам з-пад Ваўкавыска, ён быў адным з першых святароў, якія пачалі праводзіць службы на беларускай мове. У 20-я гады мінулага стагоддзя ксяндза двойчы арыштоўвалі польскія ўлады, ён быў абвінавачаны ў распаўсюдзе «рэвалюцыйнага вучэння» і асуджаны да двух гадоў турмы. Знаходзячыся ў зняволенні, ксёндз напісаў адзіны ў той час беларускі падручнік па гісторыі ранняга хрысціянства.

У гады вайны Гадлеўскі быў пробашчам Чырвонага касцёла і адзіным ва ўсім горадзе беларускім каталіцкім святаром. Выкарыстоўваючы сваё становішча, ён стаў адным з арганізатараў беларускага антынацысцкага руху і стварыў па ўсёй краіне цэлую сетку беларускамоўных школ.

24 снежня 1942 года Гадлеўскі быў арыштаваны проста ў Чырвоным касцёле, дастаўлены ў гестапа і падвергнуты катаванням без суда. Загінуў у лагеры смерці каля вёскі Малы Трасцянец.

Там жа, у Трасцянцы, у 2008 годзе быў усталяваны крыж у памяць пра ксяндза. Гэтую акцыю ініцыяваў краязнавец і навуковец Анатоль Белы.

Пры ўпарадкаванні тэрыторыі крыж дасталі з зямлі і перадалі ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. У 2019 годзе крыж блаславіў вікарны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Клас
2
Панылы сорам
11
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
89