Tom Cruise and Hayley Atwell

Том Круз і Хэйлі Этвел. Фота: FlixPix/Alamy

«Місія невыканальная» — гэта серыя шпіёнскіх баевікоў, першы фільм якой выйшаў у 1996-м. У цэнтры сюжэта — гісторыя агента Ітана Ханта, якога (як і Харысан Форд на працягу 40 гадоў іграе Індыяна Джонса) на працягу ўсіх серый іграе Том Круз.

У рэцэнзіях на новы фільм, які выходзіць у пракат 12 ліпеня, крытыкі адзначаюць, што стужка займае дух ад пачатку і да самага канца, пры гэтым яна і пазачасавая, і актуальная. Крытыкі таксама высока ацанілі трукі і смеласць Тома Круза, якому ў пачатку ліпеня споўніўся 61 год.

«Місія невыканальная: Смяротная расплата. Частка першая» — сёмы фільм франшызы, якая па сваёй прыродзе штораз павінна перасягнуць саму сябе. І гэтым разам атрымалася менавіта так, як адзначае аглядальнік выдання Gizmodo Жэрмэн Люсье. Па яго словах, сутнасць фільма не зведзеная да аднаго фірмовага трука, якога ўсе чакаюць. Новы фільм «Місіі» атрымаўся больш цікавым і складаным, і гэта звязана ў тым ліку з двума нетыповымі персанажамі: больш складаным зладзеем і з’яўленнем патэнцыйна новага члена каманды агента Ханта.

Па сюжэце Ітан Хант (Том Круз) і яго каманда (Вінг Рэймс і Сайман Пег) спрабуюць спыніць нешта па мянушцы Субстанцыя (Entity). Гэта безаблічны штучны інтэлект, які патэнцыйна можа зрабіць любую краіну лідарам свету. Вядома, мы бачылі ўжо шмат кінаработ пра небяспеку штучнага інтэлекту (адна з нядаўніх — серыял «Місіс Дэвіс»), але ў баевіку з Томам Крузам ёсць нешта, што робіць гэтую тэму вельмі моцнай. Рэжысёр Крыстафер Мак-Куоры стварае для герояў такія сітуацыі, што выклікаюць напраўду моцнае пачуццё страху і небяспекі.

Каб спыніць Субстанцыю, Ітан і яго каманда павінны змагацца з праціўнікамі, каб атрымаць дзве часткі ключа. Што робіць ключ? Як ён можа кіраваць Субстанцыяй? Мы не ведаем. Але мы ведаем, што таямнічая зладзейка Грэйс (Хэйлі Этвел) мае адну з частак. Гульні Ітана з Грэйс у ката і мышку — сіла, што рухае першыя сцэны фільма, уключаючы незабыўную аўтамабільную пагоню і напружаны шпацыр па аэрапорце. Але характар гераіні сапраўды раскрываецца, калі яна вымушаная працаваць з камандай. Грэйс павінна вырашыць, ці хоча яна працягваць бегчы або паддацца перакананням Ітана. Гэты міні-сюжэт дае фільму прыемны дадатковы пласт для аналізу.

Ёсць у фільме і пэўныя праблемы, звязаныя з названымі перавагамі: наяўнасць новых герояў і складанага, тэхналагічнага злыдня часам робіць стужку больш заблытанай. Напрыклад, ёсць сцэна ў начным клубе з удзелам амаль усіх галоўных персанажаў, і пакуль яны сядзяць і размаўляюць на працягу 10 хвілін, вы можаце наогул не разумець, пра што ідзе гаворка. Гэтае пачуццё з'яўляецца некалькі разоў на працягу фільма. Аднак потым няўцямныя дэталі таго, што адбываецца, збольшага знікаюць. Усё зводзіцца да зразумелых крокаў: атрымаць ключы, спыніць Субстанцыю, выратаваць свет.

Tom Cruise and Vanessa Kirby

Том Круз і Ванеса Кірбі. Фота: FlixPix/Alamy

Больш за ўсё «Місія невыканальная» прызначаная для таго, каб паказаць гледачам захапляльны набор экшн-сцэн, і «Смяротная расплата» прапануе іх вялікае мноства. Мак-Куоры і Круз робяць тое, чаго ніхто ніколі не рабіў, проста таму, што яны могуць. Гэтай іх упэўненасцю можна зачаравацца, і па меры таго, як кожная сцэна становіцца яшчэ больш захапляльнай і шакавальнай, чым папярэдняя, цяжка не дазволіць усяму гэтаму цябе захліснуць.

Калі фільм нарэшце дойдзе да шырока разрэкламаванай сцэны, дзе Ітан зганяе матацыкл са скалы і скача ў паветры, вы ўжо не здзівіцеся, зразумеўшы, што гэта толькі пачатак. Тое, што рушыць услед, магчыма, ёсць найлепшай экшн-сцэнай ва ўсёй серыі «Місій». Яна пакідае ў радасным натхненні, але разам з лёгкім расчараваннем, бо гэта толькі першая частка і наперадзе яшчэ шмат невядомых падзей. Выхад другой часткі запланаваны на чэрвень 2024 года.

Больш пра кіно:

Дзевяць галоўных кінастужак гэтага лета

Папулярны серыял «Мядзведзь» выпусціў другі сезон — спадабаецца фанатам гатоўкі і рэстаранаў

«Анатомія падзення»: фільм-пераможца Канскага кінафестывалю даследуе жыццё пары, у якім не ўсё так адназначна

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?