Лукашэнка адказаў, што ПВК «Вагнер» — гэта расійская кампанія, таму пытанне не да яго.

«Наколькі я інфармаваны, байцы знаходзяцца ў сваіх лагерах. Што тычыцца Прыгожына, то ён знаходзіцца ў Піцеры. На тэрыторыі Беларусі яго няма», — адказаў Лукашэнка.

Але, па яго словах, ён не бачыць рызык для Беларусі, калі байцы ПВК будуць размешчаны ў краіне. На яго думку, ПВК «Вагнер» у Беларусі можа быць задзейнічана для абароны краіны.

«Мяне абсалютна не хвалюе і не турбуе, што ў нас будзе размешчана пэўная колькасць гэтых байцоў. Больш за тое, яны будуць размешчаны пад пэўныя ўмовы. Галоўная ўмова: калі нам трэба будзе задзейнічаць гэтае падраздзяленне для абароны дзяржавы, яно будзе задзейнічана імгненна. І іх вопыт будзе запатрабаваны», — сказаў ён.

Журналісты з Францыі запыталі пра здымкі са спадарожніка, на якіх відаць, што пад Асіповічамі ўзводзіцца лагер для ПВК «Вагнер». Раней пра тое, што пачалі аднаўляць закінуты ваенны гарадок пад вёскай Цэль, расказвалі мясцовыя жыхары. На нядаўніх спадарожнікавых здымках былі відаць палаткі. Расійскія каналы публікавалі таксама фоты самога лагера знутры. Лукашэнка адказаў, што лагеры «мы не ўзводзім».

«Мы прапанавалі ім некалькі былых вайсковых гарадкоў, якія выкарыстоўваліся ў савецкі час, у тым ліку пад Асіповічамі. Калі яны пагодзяцца. Але ў ПВК «Вагнер» іншае бачанне па размяшчэнні (натуральна, пра гэта бачанне я вам не скажу)», — адказаў ён.

На сённяшні дзень, паводле Лукашэнкі, пытанне перадыслакацыі падраздзялення не вырашана.

Журналіст BBC Стывен Розэнберг спытаў у Лукашэнкі, ці гатоў той дазволіць вагнераўцам выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для нападу на Украіну?

«Мы ніколі ні на каго не нападалі. І з нашай тэрыторыі ніхто нападаць не збіраецца», — адказаў у традыцыйнай манеры Лукашэнка.

Згодна з афіцыйнай версіяй, агучанай як Пуціным, так і Лукашэнкам, адной з умоў пагаднення з вагнераўцамі быў іх «адыход» у Беларусь. 

Клас
1
Панылы сорам
22
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
13