Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская

У Расіі адбываецца хаос, які ўсё больш становіцца падобны да грамадзянскай вайны. ПВК пад кантролем Яўгена Прыгожына кінула выклік афіцыйнай уладзе Расіі праз незадаволенасць тым, што Расія прайграе вайну супраць Украіны. У ФСБ ужо завялі крымінальную справу на Прыгожына, а ў навінах мы бачым, што вагнераўцы занялі Растоў і Варонеж.

Расійская дыктатура развязала вайну супраць Украіны, а цяпер прынесла яе ў свой уласны дом. Гэты досвед павінен запомніць кожны, хто хоча пачаць або падтрымаць агрэсіўную вайну: вайна паглынае ўсё вакол сябе.

Лукашэнка і Пуцін спрабуюць уцягнуць у вайну і нашу Беларусь. Яны прыкрываюцца Саюзнай дзяржавай. Яны кажуць: Расія — ваш саюзнік. Але гэты саюзнік нясе хаос, вайну, крызіс. Пуцін можа паспрабаваць уцягнуць беларускіх вайскоўцаў у свой унутраны канфлікт, каб ён стаў і нашым канфліктам таксама.

Я хачу заклікаць беларускіх дыпламатаў, чыноўнікаў і сілавікоў памятаць, што ў нас — беларусаў — свае нацыянальныя інтарэсы. Ні Пуцін, ні Прыгожын — не сябры Беларусі, і вы не павінны выбіраць іх бок.

Беларусы павінны бараніць сваю краіну. Як гэтая сітуацыя паўплывае на Беларусь — залежыць толькі ад нас з вамі.

Галоўная задача ўсіх беларусаў зараз — захаваць бяспеку і суверэнітэт у Беларусі. Выратаваць нашу краіну ад таго, у што ператварылася Расія. Мы павінны быць гатовыя да любога сцэнара.

Я таксама звяртаюся да беларускай арміі: мы не можам разлічваць на лёс і спадзявацца, што Расія пакіне Беларусь у спакоі.

Цяпер найлепшы шанец выгнаць расійскіх вайскоўцаў з нашай краіны. Калі гэты шанец будзе прапушчаны, Расія зробіць з намі гэтак жа, як з Украінай.

Расія не змагла ўцягнуць беларусаў у ваенныя дзеянні ва Украіне.

Мы не павінны дазволіць, каб Беларусь была ўцягнутая ў ваенныя дзеянні ў Расіі, і самае галоўнае — мы не павінны дапусціць ваенных дзеянняў Расіі ў нас дома, у Беларусі. Беларусь павінна закрыць мяжу з Расіяй і пачаць вывад расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі.

Сёння я стварыла аператыўны штаб. Яго кіраўніком я прызначыла Валерыя Сахашчыка. Мы запрашаем да ўдзелу прадстаўнікоў дэмакратычных структур. Мы праводзім кансультацыі з палком Каліноўскага і беларускімі добраахвотнікамі. Мы сочым за сітуацыяй. Мы будзем дабівацца міжнароднай падтрымкі нашых дзеянняў.

Наша вера ў беларусаў моцная — мы ведаем, што беларусы заўсёды абяруць Беларусь.

Чытайце таксама:

Рада бяспекі Беларусі заклікала да падаўлення мяцяжу Прыгожына, каб прадоўжылася «цяжкая, вымушаная і апраўданая місія па абароне рускіх людзей на Данбасе»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?