Фота: Мінск-Навіны

Фота: Мінск-Навіны

Дзе можна купацца

На мінулым тыдні МНС апублікавала карту дазволеных для купання месцаў. У Мінску і ваколіцах гэта Мінскае мора (яно ж Заслаўскае вадасховішча), Цнянскае вадасховішча, Дразды /Крыніца і Камсамольскае возера.

Побач з нумарамі пляжаў Мінскага мора ў дужках пазначаны адміністрацыйныя раёны Мінска. Што гэта значыць? Мінскае мора знаходзіцца ж за межамі адміністрацыйнай гарадской мяжы? Насамрэч гэта ўсё мае значэнне, але пра тое пасля.

Праблема прыбіральняў на пляжы

Мінчукі склалі петыцыю: іх не задавальняе сітуацыя з туалетамі на пляжы №5 Мінскага мора — адным з самых вялікіх.

«На пляжы №5 на Мінскім моры адсутнічае стацыянарная грамадская прыбіральня. У апошні час гэта месца стала вельмі папулярнае, адкрыта некалькі добрых кавярняў, рэгулярна праводзяцца фэсты і іншыя мерапрыемствы. У добрае надвор'е летам або падчас мерапрыемстваў на пляжы знаходзяцца сотні, а магчыма, і тысячы людзей. Біяпрыбіральні катэгарычна не спраўляюцца са сваёй функцыяй і практычна адразу запаўняюцца і забруджваюцца! Ужо праз пару гадзін туды немагчыма зайсці з-за смуроду і бруду! У выніку сотні людзей ходзяць запаскуджваць лес — «міны» і паперкі паўсюль.

Пераканаўча просім пабудаваць на пляжы стацыянарную прыбіральню (можна платную, летам адбою ў ахвотных дакладна не будзе).

Адзначым, што наяўнасць дастатковай колькасці грамадскіх прыбіральняў — адна з умоў камфортнага баўлення часу грамадзян у рэкрэацыйных зонах. Таксама наяўнасць грамадскіх прыбіральняў — мінімальны стандарт якасці жыцця, якому па сілах адпавядаць і нашаму любімаму гораду!»

Далей ідуць спасылкі на некалькі нарматыўных прававых актаў, а завяршаюць аўтары патрабаваннямі:

«На падставе вышэйсказанага, просім:

  • абсталяваць грамадскую прыбіральню — у адпаведнасці з патрабаваннямі НПА і ТНПА;
  • на падставе п. 6 правілаў — уключыць правядзенне работ па абсталяванні грамадскай прыбіральні ў План мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і ўтрыманні (эксплуатацыі) тэрыторыі на 2023 або 2024 год».

Хто адказвае за прыбіральні і пляжы?

Аўтары адправілі петыцыю двум адрасатам: у ЖКГ Мінскага раёна і ЖКГ Мінскай вобласці. Гэта выглядае лагічным: Мінскае мора знаходзіцца па-за межамі Мінска, а канкрэтна — у Мінскім раёне, які, у сваю чаргу, адносіцца да Мінскай вобласці.

А далей пачынаюцца дзіўныя прыгоды і падарожжа петыцыі. Аказалася, для некаторых дзяржаўных арганізацый прыналежнасць пляжаў Мінскага мора — такая ж загадка, як і для звычайных мінчан.

Такім чынам, можна пабачыць, які шлях прарабіла петыцыя.

Першы атрымальнік — ЖКГ Мінскага раёна. Ад яго петыцыя трапіла ў Бараўлянскі спецлясгас (уваходзіць у Мінскае дзяржаўнае лесагаспадарчае аб'яднанне). А спецлясгас перанакіраваў зварот ва ўнітарнае прадпрыемства «Мінская лесапаркавая гаспадарка». Гэта даччынае камунальнае прадпрыемства ўваходзіць у структуру «Мінскзелянбуд».

І вось ад «Мінскай лесапаркавай гаспадаркі» прыйшоў адказ па сутнасці. Гэты адказ прыводзіцца крыху ніжэй.

А што з другім атрымальнікам петыцыі — ЖКГ Мінскай вобласці? Адтуль петыцыю пераслалі, у сваю чаргу, яшчэ двум адрасатам. А менавіта: у Мінскі райвыканкам і ў «Мінскую гарадскую жыллёвую гаспадарку».

Мінскі райвыканкам стаў адзінай дзяржструктурай, якая зняла з сябе адказнасць: нікому петыцыю перасылаць не сталі, але затое выканкам выразна засведчыў, хто адказвае за пляжы.

«Зона масавага адпачынку «Заслаўскае вадасховішча» пляж №5 замацаваная за адміністрацыяй Фрунзенскага раёна горада Мінска, добраўпарадкаванне прыбярэжнай зоны, у тым ліку ўстаноўка грамадскіх прыбіральняў, замацаваная за УП «Мінская лесапаркавая гаспадарка».

Петыцыя ж, перанакіраваная ў «Мінскую гарадскую жыллёвую гаспадарку», прарабіла больш доўгі шлях. МГЖГ адказала, што зварот перанакіраваны ў «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама». Гаррамаўтадараўцы перанакіравалі яго ва УП «Мінскзелянбуд». І вось адтуль ужо прыйшоў разгорнуты адказ.

Blizko.by склала схему руху петыцыі, з якой відаць, якую няпростую дарогу яна прарабіла, каб у адпачывальнікаў на пляжы з'явілася прыбіральня. У высвятленне лёсу пляжных прыбіральняў аказаліся ўцягнутымі восем дзяржаўных арганізацый. Кола замкнулася, і цяпер хоць дакладна вядома, хто адказвае за абслугоўванне пляжаў і іх добраўпарадкаванне.

У пачатку артыкула згадвалася карта і назвы раёнаў Мінска на ёй. Дык вось, тыя назвы і адзначаюць адказных за пляжы.

Атрымліваецца, за пляжамі Мінскага мора глядзяць Заводскі, Першамайскі, Фрунзенскі і Цэнтральны раёны, канкрэтна за пляж №5 адказвае Фрунзенскі. За вадасховішча Дразды / Крыніца адказваюць Ленінскі, Маскоўскі і Цэнтральны раёны, за Цнянскае вадасховішча — Савецкі, за Камсамольскае возера — Цэнтральны. А за добраўпарадкаванне прысталічных пляжаў адказвае «Мінскзелянбуд» і яго падраздзяленне — «Мінская лесапаркавая гаспадарка».

Дык а з прыбіральнямі што?

Цяпер, зразумеўшы іерархію прыбіральна-пляжнай гаспадаркі, самы час высветліць: што ж будзе з запытанай стацыянарнай прыбіральняй? Вось што адказала даччыная структура — «Мінская лесапаркавая гаспадарка»:

«На пляжы №5 Заслаўскага вадасховішча ўстаноўлена дзевяць біяпрыбіральняў, якія для грамадзян, што адпачываюць, бясплатныя, выдаткі на іх устаноўку і абслугоўванне цалкам кладуцца на наша прадпрыемства.

Варта адзначыць, што ў выпадку правядзення розных масавых мерапрыемстваў, усталяванне дадатковых біяпрыбіральняў павінна забяспечвацца арганізатарамі названых мерапрыемстваў у колькасці, неабходнай для забеспячэння патрэбы планаванай да ўдзелу колькасці людзей. Уласнікі розных кавярняў і іншых устаноў, якія аказваюць паслугі па арганізацыі адпачынку і грамадскага харчавання, абавязаныя ўлічваць колькасць наведвальнікаў і ў выпадку неабходнасці ўсталёўваць для сваіх гасцей дадатковыя прыбіральні і (або) біяпрыбіральні.

У сваю чаргу, паведамляем, што прадпрыемствам пры планаванні работ па падрыхтоўцы зон адпачынку да вяснова-летняга сезона 2024 года, з улікам фактычнай забяспечанасці прыбіральнямі ў 2023 годзе, будзе прааналізавана іх неабходная колькасць для забеспячэння камфортнага баўлення часу грамадзян».

Адказ ад галаўной структуры — унітарнага прадпрыемства «Мінскзелянбуд» — практычна слова ў слова паўтарае паведамленне ад «Мінскай лесапаркавай гаспадаркі».

Такім чынам, гэтым гарачым летам дадатковых прыбіральняў на пляжы №5 чакаць не даводзіцца. Адпачывальнікам прыйдзецца карыстацца тымі самымі, што і раней.

Магчыма, сітуацыя зменіцца толькі ў наступным годзе, але ўсё адно зелянбудаўцы не гавораць, што пабудуюць стацыянарную прыбіральню. Найімаверней, у найлепшым выпадку дададуць некалькі пластыкавых кабінак.

Чытайце таксама:

Кіраўнік Добрушскага раёна выратаваў хлопчыка, які тануў у віры на Іпуці, добрай парадай

«Цярпенне людзей канчаецца». Як вёска пад Лагойскам два месяцы жыве без вады. Ад слова «зусім»

Чаму ў Мінску ў спякотныя дні моцна смярдзіць?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?