Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Кепскае сэксуальнае жыццё можа стаць прадвеснікам праблем з памяццю ў наступныя гады. Нядаўняе даследаванне паказала, што мужчыны сярэдняга ўзросту, якія адзначалі зніжэнне сэксуальнага задавальнення, па меры сталення таксама звычайна адначасова адчувалі больш яўнае зніжэнне кагнітыўных здольнасцяў. Атрыманыя даныя сведчаць аб тым, што наша сэксуальнае здароўе цесна звязана са здароўем нашага мозга, хоць неабходны дадатковыя даследаванні, каб лепш зразумець гэтую сувязь, кажуць аўтары даследавання.

Мінулыя даследаванні выявілі сувязь паміж сэксуальнай і кагнітыўнай функцыямі, у тым ліку ў пажылых людзей. Але большая частка гэтых даследаванняў абапіралася на вывучэнне людзей толькі ў асобныя моманты іх жыцця. У новым жа даследаванні пад кіраўніцтвам навукоўцаў з Універсітэта штата Пенсільванія каманда атрымала доступ да даных, якія дазволілі ім сачыць за людзьмі працяглы час.

У прыватнасці, даследчыкі прааналізавалі даныя сотняў пажылых мужчын, якія ўдзельнічаюць у працяглым даследаванні VETSA (В'етнамскае даследаванне, якое вывучае старэнне двайнят). VETSA спрабуе вызначыць генетычныя фактары і фактары навакольнага асяроддзя, якія ўплываюць на старэнне мозга людзей. Больш за 800 мужчын былі ўключаныя ў аналіз каманды, сярэдні ўзрост якіх складаў 56 гадоў на пачатак даследавання. Гэтыя мужчыны адказвалі на пытанні пра сваё жыццё, а іх кагнітыўныя здольнасці і памяць правяраліся ў трох хвалях даследавання на працягу ажно 12 гадоў.

Даследчыкі выявілі, што сэксуальнае задавальненне мужчын у пачатку даследавання не было звязана з іх першапачатковай кагнітыўнай функцыяй. Але мужчыны, чыё сэксуальнае жыццё з цягам часу пайшло на спад, часта таксама адчувалі пагаршэнне памяці. Мужчыны, якія паведамлялі пра эрэктыльную дысфункцыю, таксама мелі тэндэнцыю да горшай кагнітыўнай функцыі як у пачатку, так і на працягу ўсяго даследавання. Вынікі каманды былі апублікаваныя ў апошнім нумары часопіса Gerontologist.

Прадоўжаныя даследаванні выгадна адрозніваюцца ад кароткатэрміновых тым, што паказваюць сапраўдную сувязь паміж любымі двума фактарамі — у гэтым выпадку сэксуальным здароўем і здароўем мозга. Аднак адно толькі гэтае даследаванне ўсё яшчэ не можа паказаць нам, у якім кірунку развіваецца гэтая ўзаемасувязь: які фактар першапачаткова ёсць прычынай, а які — наступствам; ці абодва фактары (і сэксуальнае жыццё, і здароўе мозга) знаходзяцца пад уплывам іншага няўлічанага фактару.

Але некаторыя тэорыі ў аўтараў ёсць, піша Gizmodo. У выніку мужчыны, у якіх пагаршаецца сэксуальнае жыццё, могуць адчуваць большы стрэс, што, напрыклад, можа непасрэдна ўплываць на іх кагнітыўнае здароўе. Таксама вядома, што нязначныя змены ў кровазвароце павышаюць рызыку эрэктыльнай дысфункцыі ў мужчын і, магчыма, могуць нанесці шкоду гэтаксама і мозгу.

Аўтары кажуць, што іх вынікі як мінімум звяртаюць увагу на тое, што пагаршэнне сэксуальнага здароўя пажылых мужчын можа быць раннім сігналам праблем з памяццю. У ідэале гэта таксама можа азначаць, што людзі могуць падтрымліваць розум, актыўна вырашаючы праблемы са сваім сэксуальным жыццём.

«Паляпшэнне сэксуальнага задавальнення можа фактычна выклікаць паляпшэнне функцыі памяці. Мы кажам людзям, што яны павінны больш займацца спортам і харчавацца лепш. Мы паказваем, што сэксуальнае задавальненне таксама мае важнае значэнне для нашага здароўя і агульнай якасці жыцця», — гаворыцца ў заяве аўтара даследавання Марціна Слівінскі, прафесара чалавечага і сямейнага развіцця ў Пенсільванскім універсітэце.

Чытайце таксама:

Студэнтка прааналізавала, як пратэсты паўплывалі на сэксуальнае жыццё беларусаў 

Пара з Гродна пераехала ў Польшчу і зарабляе грошы здымкамі фільмаў для дарослых

Восем спосабаў палепшыць працу мозгу

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?