Айцішнік з жонкай спачатку змяніў некалькі краін вакол Беларусі, а потым пераехаў ва… Уругвай. Гэтая лакацыя здаецца экзатычнай нават на фоне Аргенціны. Чаму гэтая краіна, дзе атрымаць візу і як жывецца ва Уругваі праз год, мужчына падрабязна расказаў dev.by.

Чаму Уругвай

Мы жылі ў Львове. 24 лютага за пару гадзін сабраліся і з’ехалі ў Польшчу, але заставацца ў Еўропе не хацелі, бо і там усё выглядала нестабільна. Вяртацца ў Беларусь у агляднай перспектыве не здаецца бяспечным рашэннем, а пашпарты нашыя не вечныя. 

Мы вырашылі, што трэба шукаць месца далей ад Еўропы, у той жа час з досыць простай легалізацыяй і агляднай перспектывай атрымання грамадзянства. Уругвай сумясціў два гэтыя ключавыя крытэры. У Лацінскай Амерыцы няма ядзерных дзяржаў, значыць бамбіць яе будуць у апошнюю чаргу. Падавацца на грамадзянства сужэнцам тут можна праз тры гады пасля ўезду плюс каля года разглядаецца справа. Ну, і плюс дэмакратыя, стабільная эканоміка, белае насельніцтва (то-бок мы тут не грынга, а такія ж, як усе), мяккі клімат, адносна нізкая злачыннасць. Пры гэтым у Лацінскай Амерыцы раней мы ні разу не былі. Іспанскую мову я тады толькі пачынаў вучыць, жонка дагэтуль збіраецца. 

ЗША пужалі складанай легалізацыяй. Аргенціна — бясконцай інфляцыяй. Нам было важна працаваць легальна, а ў Аргенціне гэта практычна немагчыма. Калі працаваць паводле афіцыйнага курса, то заробак падае ўдвая. Хацелася чагосьці больш стабільнага. Да таго ж у Аргенціне цяжэй легалізавацца. Для гэтага патрэбныя падставы: вучоба, пасіўны прыбытак ад здачы нерухомай маёмасці, укладаў (нашых 200 даляраў недастаткова) і г. д. Прыдумляць шэрыя схемы мы не хочам. Ва Уругваі ж для падачы на пастаянае месца жыхарства дастаткова толькі намеру жыць у гэтай краіне і даходу (можна з-за мяжы) каля 600 даляраў на сямейніка.

Мантэвідэа

Мантэвідэа

Як атрымаць візу 

Ва Уругвай беларусам патрэбна віза. 

Прабыўшы пасля пачатку вайны тыдзень у Польшчы, мы паляцелі ў Турцыю. Хацелі атрымаць турыстычны дазвол на жыхарства на паўгода, але нам адмовілі, таму ў нас было ўсяго 10 дзён на выезд. Мы з’ехалі на 2—3 месяцы ў Грузію.

Плануючы пераезд у Лацінскую Амерыку, мы звязаліся з консульствамі Уругвая ў Турцыі і ў Аргенціне. І на ўсялякі выпадак запісаліся ў консульства ў Беларусі. Расказалі, што мы ў Турцыі, дазволу на жыхарства не маем, прыехаць у Беларусь не можам, хочам ва Уругвай. Консул адказаў: без праблем, дасылайце сканы дакументаў, калі міграцыйная служба Уругвая іх ухваліць, вы можаце прыйсці па візу ў консульства ў любой краіне.

Калі прыйшоў станоўчы адказ, мы ўжо былі ў Грузіі, там няма консульства Уругвая. Прыйшлося ляцець па візу на пару дзён у Абу-Дабі.

Але цяпер атрымаць візу стала складана. Знаю некалькі гісторый адмоў знаёмым праграмістам з Беларусі. Адмовілі і ў Мінску, і ў Бразіліі. Чым матывуюць? Нічым. Але не думаю, што гэта звязана з вайной. Вайны ва ўругвайскім парадку дня няма наогул.

Як ідзе легалізацыя

Мы скарысталіся паслугамі прафесіяналаў і падаліся на Residencia Legal (ПМЖ) праз тыдзень пасля прыезду. Праз два тыдні ў нас на руках былі седулы (мясцовыя ID) тэрмінам 2 гады. Заява на ПМЖ звычайна разглядаецца да двух гадоў, але адразу пасля падачы вы атрымліваеце статус Residencia en trámite (ПМЖ на разглядзе), які з’яўляецца падставай для легальнага пражывання. Мы знаем некалькі сем’яў, якія атрымалі ПМЖ на працягу 4—8 месяцаў. Мы чакаем ужо 10 месяцаў.

Уругвайскія пашпарты плануем атрымаць праз чатыры гады, але ёсць нюанс: у графе «нацыянальнасць» тут пішуць краіну не грамадзянства, а нараджэння. У нас будзе напісана «Беларусь», таму падчас падарожжаў могуць узнікаць праблемы, прычым, хутчэй, не на мяжы, а пры пасадцы ў самалёт. Так, пішуць, што мясцовыя лаўкосты, якія лётаюць у Еўропу, могуць не пасадзіць на рэйс без шэнгенскай візы. У памежнікаў жа пытанняў звычайна не ўзнікае.

Яшчэ мігрантам варта ведаць, што ва Уругваі няма беларускага консульства, найбліжэйшае знаходзіцца ў Буэнас-Айрэсе. Але там не займаюцца Уругваем, за яго адказвае Бразілія, а да консульства ў Бразіліа — 2000 км. І там партугальская мова, а не іспанская.

Даведкі быццам бы можна заказаць анлайн, іх дашлюць поштай. Але мы займаемся гэтым ад снежня, і пакуль без выніку. Даведка пра несудзімасць і пра пасведчанне ўжо ў Бразіліі, мы чакаем даведку аб шлюбе, каб іх адправілі разам і выйшла крыху танней. Але консул паляцеў на адпачынак у Беларусь і перастаў адказваць (UPD. Консул вярнуўся, даведка пра шлюб гатовая). 

Заапарк ля падножжа Pan De Azucar

Заапарк ля падножжа Pan De Azucar

Як працуецца

Я франтэнд-распрацоўшчык у амерыканскім стартапе. Пачынаў з ім працаваць яшчэ ў 2020 годзе ў Мінску, тады яны якраз адкрылі там офіс (у снежні 2022-га яго прыйшлося закрыць). 

Так як уся інжынерыя ў Еўропе, то ўстаю а пятай раніцы і працую да гадзіны-другой. Графік, насамрэч, агонь, пасля працы яшчэ ўвесь дзень вольны. Ну, і калі разглядаць перспектыву змены працы, то тут распрацоўшчыкі ў асноўным працуюць са Штатамі, бо часавы пояс супадае.

Адкрыў ва Уругваі ІП і ўклаў кантракт з амерыканскім офісам. ІП можа адкрыць нават турыст. Складаней з банкаўскім рахункам. Ёсць імавернасць, што запатрабуюць пакласці на дэпазіт 5000$ на паўгода. А можа, і не запатрабуюць — Вялікі Уругвайскі Рандам (пра яго ніжэй).

Падаткі на даход з-за мяжы ў ІТ тут 0% (праўда, трэба выканаць некаторыя ўмовы, я пад іх трапляю). Акрамя падаходнага, плаціцца BPS (унёсак у пенсійны фонд) — каля 80$ і абавязковая медстрахоўка (на яе можна аформіць усю сям’ю) — 4% ад даходу.

Насамрэч, тут вельмі складаная падатковая сістэма, кожны лічыць як умее. Але я зрабіў выснову, што праграміст-ІП (здаецца, любы інжынер), які працуе на замежную кампанію на абсталяванні кампаніі і вырабляе прадукт, што выкарыстоўваецца па-за Уругваем, вызвалены ад падаходнага падатку. 

Што праўда, гэта не азначае, што вы выйграеце ў грашах ад пераезду ва Уругвай. Калі я быў у Грузіі, адкрыў там ІП з 1% падатку, таму тут з 4% на медстрахоўку і каля 80$ на пенсійны я, вядома, прайграў. А калі браць у разлік высокі мясцовы цэннік, то вельмі моцна прайграў.

Раней нам удавалася адкладаць палову даходу, тут — толькі 15—20%, прытым што мы эканомім.

Цэны

Мы жывём у прыгарадзе Пунта-дэль-Эстэ, курортнага гарадка на поўдні краіны, за 140 км ад Мантэвідэа. Яго пабудавалі аргенцінцы. Улетку (еўрапейскай зімой) багатыя аргенцінцы і бразільцы тут выгульваюць свой аўтапарк.

Тут вельмі дорага. Не канкрэтна ў Пунта-дэль-Эстэ, а наогул ва Уругваі. 

Праз мыта цэны на электроніку — удвая да цэн «Амазона». Спецыялізаваных тавараў тут або няма, або іх выбар вельмі маленькі.

Цэны на прадукты, бытавую хімію ды іншае таксама досыць высокія. Калі параўнаць з Батумі, дзе мы жылі да адлёту ва Уругвай, то ў тры-чатыры разы вышэйшыя.

У аснове нацыянальнай кухні — ялавічына. Тоны ялавічыны. На кожнага ўругвайца прыпадае тры ці чатыры каровы. Галоўныя стравы — гэта розныя часткі ялавічыны, прыгатаваныя на парышы (парыша — мясцовы від мангала). І яшчэ вараная згушчонка, яе дадаюць усюды, нават у макфлары. Знайсці торт без згушчонкі, той яшчэ квэст. 

Бывае, у мяне падгарае ад цэн. У Мінску ў мяне быў FPV-дрон, які давялося пакінуць. Ва Украіне купіў яшчэ адзін. Тут гэта немагчыма. Для абслугоўвання дрона патрэбны доступ да AliExpress: пастаянна патрабуецца нейкая дробязь, якая каштуе ад 1 да 80 даляраў. Хацеў неяк заказаць кантролеры і датчыкі для «разумнага дома». Выявілася, што нельга заказаць адзін кантролер — трэба сабраць заказ на 200 даляраў і яшчэ заплаціць 300 даляраў за размытнёўку і дастаўку.

Гэта супердорага і нерацыянальна. Увогуле, тыя хобі, якімі я займаўся ў Беларусі, тут немагчымыя. Затое тут ёсць сёрфінг, дый Аргенціна, Бразілія пад бокам. Вось цяпер плануем адпачынак. Хочацца глыбей у Бразілію, але пужалкі ад мясцовых насцярожваюць. Можа быць, атрымаецца на гарналыжку ў Аргенціну.

Від на Пунта-дэль-Эстэ

Від на Пунта-дэль-Эстэ

Жытло, інтэрнэт і жывёлы

Жытло таксама дарагое, пры гэтым яго якасць нізкая. Плесня, вокны, якія сіфоняць, — звычайная рэч. За неблагую аднапакаёўку ў добрым (бяспечным) раёне Мантэвідэа трэба заплаціць 700—800 даляраў. Плюс рыэлтары возьмуць за цэлы месяц арэнды, яшчэ ўласніку патрэбна гарантыя са страхавой (каля месяца арэнды) альбо дэпазіт (вяртанне толькі пасля выезду) прыблізна за шэсць месяцаў. Кантракт укладаецца звычайна на год, калі трэба з’ехаць датэрмінова, альбо працягваеш плаціць арэнду, альбо шукаеш жыхароў сабе на замену.

Мы здымаем дом за 1300$ + 100$ (летам 120$) садоўніку + 90$ за ахову + 45$ за інтэрнэт + 25$ за ваду + 80$ (зімой каля 350$) за электрычнасць. Плюс агенту мы заплацілі за першы год 1300$+22% падатку. Плюс каля 800$ гарантыі ад страхавой кампаніі (калі раптам мы знікнем, уласнік усё роўна будзе атрымліваць грошы). 

То-бок пры намінальнай арэнднай плаце 1300$ на месяц фактычна выходзіць 1800 — 2150$. Пры гэтым тут прынята пералічваць кошт арэнды кожны год, а агенты ў Пунце любяць браць грошы за кожны наступны год кантракта.

З плюсоў: інтэрнэт тут цудоўны, краіна грунтоўна ўклалася ў тэлекам-інфраструктуру. У нашай вёсцы з 8—10 жылых дамоў праведзена оптавалакно, хуткасць 400 або 600 Мбіт/сек. Праўда, аднойчы садоўнік перабіў наш кабель, і мы тыдзень чакалі тэхніка.

Наш дом

Наш дом

У Пунта-дэль-Эстэ можна бяспечна адпачываць і інвеставаць грошы ў нерухомую маёмасць. І аргенцінцы карыстаюцца гэтым. Нерухомая маёмасць ва Уругваі — добры спосаб захаваць і прымножыць грошы. Дом, які ў звычайны час каштуе 1800$ на месяц, на Новы год прынясе 18 000$ за тры тыдні. Гаспадары нашага здымнага дома таксама жывуць у Буэнас-Айрэсе. Ён — архітэктар, яна — псіхолаг. 

Мы ўжо задумваемся пра сваё жыллё і прыглядаемся да цэн. Добрая двухпакаёўка ў добрым доме будзе каштаваць каля 150 000$. Цэны ў Мантэвідэа і ў Пунта-дэль-Эстэ будуць падобныя. Можна знайсці жытло і значна танней, але наўрад ці там захочацца жыць.

З бытавых нюансаў: дома цяпер холадна, бо няма цэнтральнага ацяплення, а абаграваць жытло кандыцыянерамі/электраабагравальнікамі складана і дорага. У кожным пакоі велізарнае акно, 2,5×2,5 м, у адно шкло. Цяпла такое акно не трымае. Мінулага жніўня за электрычнасць і дровы аддалі прыкладна 400 даляраў. 

Таму мы плануем не купляць, а будаваць (у спадзеве, што ўдасца пракантраляваць якасць будаўніцтва і ўцяпліць дом). Ужо ведаем цэны на зямлю: у Пунта-дэль-Эстэ ўчастак пад забудову абыдзецца ў 15 000$ за сотку, за 15 хвілін язды на машыне ад горада — у 8000$, яшчэ за 15 хвілін — у 5000 $ за сотку. 

А так клімат тут цудоўны: летам +30, зімой (3-4 месяцы ў годзе) +12-25. І яшчэ з плюсоў: тут амаль няма атрутных жывёл. Ёсць мясцовыя скарпіёны, але яны не атрутныя, хіба што рэдка-рэдка запаўзе атрутны бразільскі скарпіён. Мы за год аніводнага не сустрэлі.

Ёсць два віды атрутных павукоў, але іх укусы несмяротныя (праблемы могуць быць толькі ў старых і немаўлят) і жывуць яны ў асноўным на маланаселенай поўначы краіны. Атрутныя змеі таксама ёсць, але таксама на поўначы, смерцяў ад іх укусаў не было ўжо 20+ гадоў.

Жонку неяк увечары ўкусіў павук, калі яна выносіла смецце. Мы тады яшчэ не зналі мясцовай фаўны, таму спалохаліся, злавілі павука ў слоік і паехалі з ім у шпіталь. Доктар сказаў, што не знае такога павука. Сфоткаў яго і кудысьці адправіў. Прыйшоў адказ, што павук неатрутны.

Але доктар вырашыў, што так як павук вялікі, то лепей прапіць антыбіётык і пракапацца супраць алергіі. Насамрэч укусіў ён небалюча, і ніякіх грозных сімптомаў не было, але мы вырашылі, што лепш з’ездзім дарма, чым дарма не з’ездзім. Так што гісторыя гучыць страшней, чым было папраўдзе.

Ёсць кляшчы, але няма энцэфаліту. Няма шаленства. Што праўда, заражаных кажаноў нядаўна знаходзілі, але хворых людзей, кароў, сабак не было ўжо больш за 50 гадоў. 

Ёсць ліхаманка Дэнге і, імаверна, малярыя.

Паслугі

Тут ёсць бясплатная медыцына, нават для турыстаў. Яна, вядома, умоўная, але калі вам зусім дрэнна, а ніякай страхоўкі няма, то ў дзяржклініцы вам дапамогуць і грошай за гэта не возьмуць. 

Нядаўна знаёмай аперыравалі руку — яна засталася вельмі задаволеная (магчыма, праз тое, што ёй цэлы тыдзень пасля аперацыі марфін давалі). Але ёсць і непрыемныя нюансы. Трапіць да профільнага доктара складана, запіс можа быць 2—3 месяцы наперад, нават за грошы. Але калі аформіць прэміум-страхоўку за дадатковыя 200—300 даляраў на месяц, то вам мусяць знайсці любога спецыяліста цягам трох дзён.

Дзяцей у нас няма, таму адукацыю ацаніць не магу, але ад знаёмых чуў, што яна тут слабейшая, чым на постсавецкай прасторы. Пры гэтым незадаволеных няма. У дзяржшколах англійскую выкладаюць дрэнна, для добрай мовы знаёмыя аддаюць дзяцей у прыватныя школы. Іх кошт — 300—1000$ на месяц.

Стаўленне мясцовых

Уругвайцы — людзі павольныя, расслабленыя. Tranquila (расслабся), mañana (заўтра) — тыповыя словы ў іхнім лексіконе — выдатна перадаюць нацыянальны характар.

Мы мала размаўляем з мясцовымі: па-першае, іспанская мова слабаватая, па-другое, мала агульных тэм. Звычайна гэта смол-токі ў кавярнях / крамах — людзі вельмі дзівяцца, што пераехалі ва Уругвай. З іх пункту гледжання, «Беларусь — гэта ж Расія, такая вялікая краіна, а Уругвай такі маленькі, тут усё дрэнна і рабіць няма чаго».

У цэлым у вачах мясцовых Расія — гэта класная, багатая краіна, аднак у кантэксце вайны Расія / Пуцін асацыююцца са злом, а Украіна адпаведна — з дабром. Але насамрэч іх не хвалюе, што адбываецца «там». 

Тут даўным-даўно не было войнаў, і, відаць, ва ўругвайцаў проста няма разумення, што вайна — гэта страшна. Напрыклад, мая выкладчыца іспанскай мовы, калі зайшла гаворка пра вайну, шчыра здзівілася: вы ж беларусы, чаму вы з’ехалі з Украіны? Калі б прыйшлі вайскоўцы, вы б проста сказалі, што вы беларусы, і вас бы ніхто не крануў.

Увогуле, русафобіі на глебе вайны тут няма. Але нядаўна здарыўся буйны скандал: нейкія хлопцы падраблялі пасведчанні аб нараджэнні і іншыя дакументы, якія дазвалялі расіянам атрымаць уругвайскае грамадзянства нібыта на падставе паходжання. Калі ў цябе ёсць прамыя продкі з Уругвая, то ты можаш атрымаць «чалавечы» пашпарт з нацыянальнасцю «ўругваец», а не па краіне нараджэння.

У схеме было задзейнічана шмат народу, у тым ліку былы начальнік службы аховы прэзідэнта і расіяне. У выніку цяпер дакументы расіян і беларусаў (нагадваю, для ўругвайцаў «Беларусь — гэта Расія») разглядаюць нашмат даўжэй.

Сацыялізацыя

Размаўляем мы ў асноўным з такімі ж мігрантамі. У Пунце чалавек 50 рускамоўных, усе адно аднаго знаюць (у Мантэвідэа, думаю, некалькі сотняў). Ёсць некалькі беларусаў, але ў асноўным рускія. Украінцаў мы тут не сустракалі. Што робім? На пляж ездзім, у паходы ходзім, часам у парк. Або ў залу, або ў Xbox пазаліпаць. У Бразілію на закупы раз на месяц-два.

Частка рускамоўных пераехала ў канцы 90-х — пачатку 2000-х, яны не моцна ідуць на кантакт. Ёсць тут і руская вёска Сан-Хаўер, заснаваная перасяленцамі на пачатку XX стагоддзя. Але па-руску там ужо практычна ніхто не размаўляе, хіба што на Масленіцу ў какошніках танцуюць.

У нашай знаёмай прадзядуля з’ехаў ва Уругвай, дзядуля вырашыў вярнуцца ў СССР, а назад яго не пусцілі. Цяпер унучка пераехала са сваёй сям’ёй і маму захапіла. З Мінска людзі, тут з імі пазнаёміліся.

У асноўным размаўляем з тымі, хто прыехаў пасля 24.02, асабліва на хвалі мабілізацыі. 

Так, восеньская хваля міграцыі захапіла не толькі Аргенціну, але і Уругвай, праўда, для Уругвая яна аказалася не такой крытычнай. Цэны вышэйшымі не сталі: было дорага і засталося дорага.

Пра ІТ ды іншую працу

Ва Уругваі ёсць мясцовыя ІТ-кампаніі. Заробкі там ніжэйшыя, як мінімум за кошт страты падатковай ільготы. Як я зразумеў, мясцовыя, якія ведаюць англійскую мову, імкнуцца знайсці рэмоўт у ЗША. Тыя, у каго з англійскай мовай горш, ідуць у мясцовыя кампаніі.

Але рынак ІТ тут дзіўны. Незразумелыя ні дыяпазоны заробкаў, ні ўзровень мясцовых спецыялістаў. Чуў водгукі ад беларускай ІТ-кампаніі, што мясцовыя тэхнічна слабыя. Ці так гэта насамрэч, я не ведаю. Можа, проста тыповае беларускае інтэрв’ю для іх — вялікі стрэс.

З працай на мясцовым рынку не ў ІТ тут усё яшчэ складаней. Асабіста я не ведаю нікога, хто б змог тут уладкавацца. У чаце адзін хлопец пісаў, што працуе ў кавярні / казіно пры гасцініцы. І яшчэ ведаю дзяўчыну, якая працавала ў кветкавым гадавальніку, але гэта быў бізнэс расіян ранейшай хвалі міграцыі. Усё астатняе — гэта, хутчэй, адкрыццё ўласнага бізнэсу: кавярняў / пельменяў / пазногцікаў / торцікаў.

Мая жонка — псіхолаг, але каб стаць псіхатэрапеўтам ва Уругваі, ёй трэба пацвердзіць дыплом. А для гэтага трэба як мінімум здаць прадметы на іспанскай мове, якіх бракуе. Наогул пацвердзіць дыплом вельмі складана. Я знаю толькі адзін такі выпадак: дыплом пацвердзіў доктар. 

Таму жонка па-ранейшаму працуе анлайн з расійскімі кліентамі, якія параз’язджаліся па свеце. Праз грузінскае ІП. І даводзіцца рабіць выгляд, што гэта анлайн-навучанне.

Яшчэ мінусы

Усё працуе дзіўнавата. У адным і тым жа аддзяленні банка адзін і той жа менеджар кліентам з аднолькавым пакетам дакументаў можа адкрыць рахунак, а можа не адкрыць. Камусьці адкрыюць з дэпазітам, камусьці без, камусьці наогул не адкрыюць. У чатах гэта называюць Вялікі Уругвайскі Рандам.

Ён жа пануе ў дзяржорганах. Каб памяняць пасведчанне на мясцовае, у адных рэгіёнах патрэбна звычайная консульская даведка, у іншых — апастыляванае пасведчанне краіны паходжання.

Так як мы чакаем ПМЖ, для выезду з краіны (напрыклад, на закупы ў Бразілію) і паспяховага ўезду нам трэба браць дазвол. Гэта нескладана: пішаш заяву ў міграцыю і плаціш 30$ за выезд (можна купіць пакет з 10 выездамі).

Але і тут ёсць нюансы. Так, Чуй, горад на мяжы Уругвая і Бразіліі, знаходзіцца ў шэрай зоне, дзе няма мытнага і памежнага кантролю. Нам сказалі, што дазвол на выезд туды ўсё роўна патрэбны, але па факце выявілася, што не.

Знаёмы беларус (у яго заблытаная гісторыя і складаны статус) планаваў камандзіроўку ў Штаты і спецыяльна цікавіўся ў аэрапорце, ці спатрэбіцца яму дазвол на вяртанне. Яго запэўнілі, што не, але па прылёце адмовілі ва ўездзе. І толькі ўмяшанне жонкі-ўругвайкі дапамагло. Потым у яго праз гэта паўсталі праблемы з падачай на ПМЖ, цяпер яму прапаноўваюць яшчэ раз выехаць і заехаць, але для гэтага патрэбна новая віза.

Такія нюансы высвятляюцца не адразу, а паступова. Можна абіваць парогі месяц і толькі потым высветліць, што ўсё трэба было рабіць інакш. Як быццам няма ніякіх уніфікаваных правілаў, кожны чыноўнік сам сабе начальнік і вынаходзіць сваё.

Тут патрэбныя дакументы ЗАГС мясцовага ўзору (пасведчанне аб нараджэнні, аб шлюбе), іх патрабуюць для пацвярджэння страхоўкі. Звычайна гэта займае месяц-два. Але праз скандал з фальсіфікацыяй дакументаў для расіян гэты працэс са жніўня завіс. Цяпер мы катаемся ў Мантэвідэа і абіваем парогі ЗАГСа.

(UPD. З трэцяга разу мы нарэшце злавілі дырэктара ў Мантэвідэа і спыталі, чаму нашы дакументы так доўга робяцца, патлумачылі, што Беларусь — гэта не Расія, а іншая краіна. У выніку праз дзве гадзіны даведкі былі гатовыя. Яны былі «на разглядзе» 10 месяцаў).

Мантэвідэа

Мантэвідэа

Здаецца, зашмат мінусаў, але ў цэлым нам падабаецца. І так, мы вырашылі, што застаёмся тут. На зіму, магчыма, будзем з’язджаць у Еўропу або Азію, але пакуль на гэта няма сродкаў, займаемся пытаннем нерухомай маёмасці.

Чытайце таксама:

«Іншы свет. У чымсьці больш прагрэсіўны за наш». Беларусы пажылі ў Аргенціне і расказалі, у чым яе плюсы і мінусы

«Бегаюць голыя дзеці разам з качкамі і парсюкамі». Беларуска пераехала ў Гватэмалу і расказвае пра гэту экзатычную краіну

«Цяпер я б на гэта не пайшоў». Беларус купіў участак зямлі на Занзібары, але аказалася, што ёсць нюансы

Клас
20
Панылы сорам
7
Ха-ха
6
Ого
9
Сумна
8
Абуральна
17