Три концептуальных самолета из проекта Airbus «ZEROe» Тры канцэптуальных самалёта з праекта Airbus

Тры канцэптуальныя самалёты з праекта Airbus «ZEROe». Фота: airbus.com

Як піша Welt.de, у 2020 годзе кампанія Airbus абʼявіла, што стане першым вытворцам у свеце, які ў 2035 годзе запусціць пасажырскі самалёт для палётаў без шкодных выкідаў. Замест газы ў баку павінен быць замарожаны вадкі вадарод.

Пераход на вадародныя рухавікі разглядаецца Airbus як «тэхналагічны выклік» і «прарыў у авіяцыі». У пошуках найлепшых рашэнняў у верасні 2020 года канцэрн прэзентаваў тры канцэпцыі самалёта з нулявымі выкідамі, даўшы яму назву ZEROe, што значыць нуль выкідаў.

Прадэманстраваныя ідэі ўключалі тры мадэлі самалётаў: турбавінтавы для ўнутраных рэйсаў і два турбавентылятарных, адзін з якіх выкананы па схеме «лятучае крыло». Інжынеры павінны былі вызначыцца паміж рознымі відамі вадародных рухавікоў.

Але цяпер, як адзначае нямецкае выданне, стала зразумела, што не ўсе самалёты будуць на вадародных рухавіках. Адна з мадэляў, якая павінна замяніць сённяшняга лідара продажу — самалёт серыі А320, будзе мець рухавік на сінтэтычным паліве (SAF), які дзякуючы новай тэхналогіі будзе спажываць на 20—25% менш экапаліва. Кошт гэтай распрацоўкі спецыялісты кампаніі ацэньваюць у некалькі дзясяткаў мільярдаў еўра.

Welt.de піша, што ў галіновых экспертаў заўсёды былі сумневы адносна таго, ці падыходзяць вадародныя самалёты для далёкамагістральных маршрутаў, асабліва з улікам таго, што ў гэтым выпадку па ўсім свеце неабходна было б стварыць інфраструктуру для абслугоўвання самалёта будучыні на вадародзе. Яна ўключала б прамысловыя вузлы блізу аэрапортаў, дзе новыя самалёты атрымлівалі б неабходнае тэхабслугоўванне і, галоўнае, дзе выраблялася б звадкаванае вадароднае паліва.

ЗША і Boeing робяць стаўку на сінтэтычнае паліва (SAF) для зніжэння выкідаў у атмасферу. Аднак сёння SAF усё яшчэ значна даражэйшае за газу, а абʼёмы вытворчасці яго пакуль мінімальныя.

Але кампанія Airbus, як яна паведамляе на сваім сайце, працягвае распрацоўку дзвюх тэхналогій рухавікоў на аснове вадароду. Кампанія разлічвае да 2025 года дасягнуць сталага ўзроўню тэхналагічнай гатоўнасці рухавіка, які працуе на вадародным паліве.

Запуск абедзвюх новых мадэляў (з вадародным рухавіком і на экапаліве) Airbus у вытворчасць запланаваны на перыяд з 2035 па 2040 год.

Чытайце яшчэ:

У Еўропе распрацоўваюць гіпергукавы самалёт, які зменіць пасажырскую авіяцыю

Ryanair заказвае 300 самалётаў Boeing 737 Max 10s

Нас чакае больш стрэсаў у палётах: з-за змены клімату турбулентнасць становіцца больш частай з'явай

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?