Workers sort rubbish

Рабочыя сартуюць смецце ў цэнтры перапрацоўкі адходаў у раёне Сонгпа-гу ў Сеуле, Паўднёвая Карэя. Фота: Чон Ен-Джэ / AFP / Getty Images

Ва ўсім свеце большая частка з 1,4 мільярда тон прадуктаў, што людзі выкідваюць штогод, трапляе на сметнікі. Па меры гніення яны забруджваюць ваду і глебу і выдзяляюць велізарную колькасць метану — аднаго з самых магутных парніковых газаў.

Але не ў Паўднёвай Карэі, дзе харчовыя адкіды былі забароненыя на звалках амаль 20 гадоў таму. У гэтай краіне іх пераважную большасць перапрацоўваюць у корм для жывёл, угнаенне і паліва для ацяплення дамоў.

Феномен паўднёвакарэйскай сістэмы

Сістэму ў Паўднёвай Карэі вывучаюць урады ўсяго свету — Кітая, Даніі і іншых краін. Нью-Ёрк, які з восені пачне патрабаваць ад усіх жыхароў аддзяляць харчовыя адкіды ад іншага смецця, таксама прытрымліваецца карэйскай сістэмы.

Хоць у шэрагу гарадоў свету ёсць падобныя праграмы, мала якія краіны робяць тое, што Паўднёвая Карэя рэалізоўвае ў нацыянальным маштабе. Гэта звязана, канечне, з коштам. Нягледзячы на тое, што людзі і прадпрыемствы плацяць за харчовыя адкіды няшмат, па даных Міністэрства навакольнага асяроддзя краіны, гэтая праграма каштуе Паўднёвай Карэі каля 600 мільёнаў даляраў у год, але прыносіць і выгаду.

Прычыны новаўвядзенняў — горны рэльеф і асаблівасці кухні

Кулінарныя традыцыі Паўднёвай Карэі маюць тэндэнцыю заканчвацца няз’едзенай ежай. Невялікія гарніры — часам некалькі, часам больш за тузін — суправаджаюць большасць страў. Многія гады практычна ўсе рэшткі траплялі ў зямлю.

Яшчэ адна асаблівасць — тушанае мяса як адзін з асноўных прадуктаў карэйскай кухні, таму выкінутая ежа звычайна ўтрымлівае шмат соусу, падлівы, што азначае большы аб'ём і непрыемны пах пры гніенні.

Пры гэтым горны рэльеф краіны абмяжоўвае колькасць звалак, якія можна пабудаваць, і тое, як далёка яны могуць размяшчацца ад жылых раёнаў.

Таму натуральна, што змены падтрымалі людзі, што жывуць побач са звалкамі і скардзіліся на смурод.

З 2005 года ў Паўднёвай Карэі забаранілі вывозіць харчовыя адкіды на сметнікі. Мясцовыя органы ўлады пабудавалі сотні аб'ектаў для іх перапрацоўкі.

Як гэта працуе

Лі Хэ Ён, уладальнік кавярні Jongno Stew Village — папулярнага месца абеду на поўначы Сеула, за кожныя 20 літраў ежы, якія выкідвае, плаціць крыху больш за два даляры.

Па яго словах, «карэйцы любяць памыляцца ў бок празмернасці, калі справа датычыць ежы».

Увесь дзень рэшткі ежы складваюць у асобнае вядро на кухні, а пасля закрыцця кавярні спадар Лі высыпае іх у спецыяльны кантэйнер знадворку. На накрыўку прымацоўваецца налепка як доказ таго, што ён заплаціў за ўтылізацыю адкідаў.

Раніцай спецыяльная машына, паслугі якой аплачваюць жыхары раёна, забірае змесціва гэтых кантэйнераў. Грузавікі пачынаюць катацца па вуліцах а 5-й раніцы, спецыялісты адрываюць налепкі ад смеццевых бакаў і высыпаюць адкіды ў машыны.

Каля 11 гадзін раніцы яны дабіраюцца да перапрацоўчага прадпрыемства Табангу, дзе ўсё, што сабралі, выгружаюць.

Па канвееры адходы перамяшчаюцца ў здрабняльнік, а ўсё тое, што складана здрабніць, адфільтроўваюць і спальваюць. Затым адходы абпальваюць і абязводжваюць. Вільгаць трапляе ў трубы, якія вядуць да ачышчальных збудаванняў, дзе частка адкідаў выкарыстоўваецца для вытворчасці біягазу. Астатняе ачышчаецца і скідаецца ў найбліжэйшы ручай.

Тое, што засталося ад адкідаў на перапрацоўчым заводзе, перамолваецца ў канчатковы прадукт — сухі карычневы парашок з пахам гразі. Гэта кармавая дабаўка для куранят і качак, багатая на бялок і клятчатку, яе адгружаюць фермерам бясплатна.

Некаторыя заводы працуюць інакш.

На біягазавай устаноўцы ў Каяне, прыгарадзе Сеула, харчовыя адкіды — амаль 70 000 тон у год — анаэробна зброджваюць. Яны знаходзяцца ў вялікіх рэзервуарах да 35 дзён, пакуль бактэрыі выконваюць сваю працу: раскладаюць арганічныя рэчывы і ўтвараюць біягаз, які складаецца ў асноўным з метану і вуглякіслага газу.

Біягаз прадаецца мясцоваму прадпрыемству, якое выкарыстоўвае яго для абагравання 3000 дамоў у Каяне.

Цвёрдае рэчыва, што застаецца, змешваецца з драўнянай габлюшкай для стварэння ўгнаення, якое можа атрымаць любы. Даследчыкі выявілі, што кожная тона харчовых адкідаў, што згнівае на сметніку, выдзяляе парніковыя газы, эквівалентныя 363 кг вуглякіслага газу. Па словах Лі Чанг-Гі, інжынера завода ў Каяне, перапрацоўка іх у біягаз змяншае гэтую лічбу ўдвая.

У паўднёвакарэйскай сістэмы здараліся і фэйлы: напрыклад, пах ад аднаго з перапрацоўчых прадпрыемстваў з непрадуманай тэхналогіяй быў настолькі жахлівым, што жыхары не маглі пакінуць вокны адчыненымі. Гэты завод спыніў сваю працу — людзі пратэставалі.

Але большасць заводаў па ўсёй краіне не выклікала сур'ёзных скаргаў. Чыноўнікі кажуць, што няўхільнае ўдасканаленне тэхналогій прывяло да больш «чыстай» перапрацоўкі.

A Seoul resident

Жыхарка Сеула паказвае, як правільна выкідваць смецце. Фота: CGTN

Як гэта працуе для звычайных людзей

У шматкватэрных дамах па ўсёй краіне жыхарам выдаюць карты, якія трэба сканаваць штораз, калі выкідаеш харчовыя адходы ў спецыяльны кантэйнер. Смеццевае вядро ўзважвае тое, што ты кінуў; у канцы месяца атрымліваеш рахунак.

Некаторых гэта ўсё ж стымулюе задумвацца над тым, што яны выкідваюць і колькі ежы мусяць купляць, бо чым менш выкідаеш, тым менш, адпаведна, плаціш.

Але крытыкі адзначаюць, што пры ўсіх сваіх перавагах паўднёвакарэйская праграма пакуль не дасягнула адной са сваіх мэтаў — прымусіць людзей менш выкідаць ежу. Па даных Міністэрства навакольнага асяроддзя, колькасць прадуктаў харчавання, што выкідаюцца, па ўсёй краіне застаецца больш-менш стабільнай на працягу многіх гадоў.

 Чытайце яшчэ:

Навукоўцы распрацавалі больш экалагічнае авіяпаліва з харчовых адкідаў. Палёты плануюць пачаць з 2023 года

Як сартаваць пакеты, кубачкі з-пад ёгурту, тэтрапак — парады дырэктара мінскага смеццесартавальнага завода

У Вілейскім раёне ў кантэйнер для смецця выкінулі 12 жывых вожыкаў ФОТЫ

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?