Прэзідэнт Дуда і Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Прэзідэнт Дуда і Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Польшча працягне разглядаць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў якасці саўдзельніка расійскай агрэсіі. Яна прыкладзе намаганні для ўзмацнення санкцыйнага ціску на яго, будзе дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі і працягне праяўляць салідарнасць з беларускім народам, у тым ліку шляхам падтрымкі беларускіх дыяспар. Пра гэта прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў на сустрэчы з польскім дыпламатычным корпусам, якая адбылася ў панядзелак, піша Reform.by.

«Хачу нагадаць пра рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які аб'яднаўся з Крамлём. Мы не павінны забываць, што Беларусь — гэта не толькі краіна, якая афіцыйна падтрымлівае Расію, але і адзіная, якая дэ-факта спрыяла баявым дзеянням, аддаўшы сваю тэрыторыю для нападу на Украіну з поўначы ў крытычнай фазе вайны.

Таму, пакуль Беларуссю кіруе Лукашэнка, польская дыпламатыя павінна ставіцца да яе як да дзяржавы, адказнай за вядзенне пуцінскай вайны. Такім чынам, мы павінны імкнуцца на міжнародным форуме ўвесці і ўзмацніць усе магчымыя санкцыі супраць гэтай краіны», — сказаў ён.

Пры гэтым Дуда адзначыў, што трэба не забывацца і пра беларускі народ, які, у адрозненне ад расійскага, «не атручаны духам імперыялізму і дружалюбна ставіцца да Польшчы і палякаў».

Са слоў польскага прэзідэнта, беларусаў «тэрарызуе самадзержац», які не мае падтрымкі грамадзян і прыйшоў да ўлады ў выніку фальсіфікацый на выбарах.

«Таму мы павінны праявіць салідарнасць з беларускім народам! Нельга забывацца пра больш чым тысячу палітвязняў у Беларусі, а таксама пра рэпрэсіі супраць палякаў, якія жывуць у гэтай краіне. Жорсткім сімвалам гэтых рэпрэсій стала незаконнае асуджэнне Андрэя Пачобута, таму мы будзем змагацца на міжнародных форумах за вызваленне ўсіх палітвязняў і выступаем за ўзмацненне абмежавальных мер, уведзеных у дачыненні да Беларусі», — дадаў прэзідэнт Польшчы.

Ён выказаў задаволенасць тым, што яго краіна актыўна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць у Беларусі і садзейнічае стварэнню ўмоў для развіцця дэмакратыі і палітычнага дыялогу.

«У нашых інтарэсах прасоўваць і ўмацоўваць беларускую дыяспару і яе незалежныя палітычныя колы і ў іншых краінах. Мы павінны падтрымліваць іх, бо гэта наш суседскі, грамадзянскі абавязак як краіны «Салідарнасці», як краіны, чыё грамадства калісьці без адзінага стрэлу здолела перамагчы камунізм, спрыяючы і канчатковаму развалу Савецкага Саюза», — сказаў Дуда.

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0