Пано з Кастусём Каліноўскім на гістфаку БДУ да пачатку рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

Пано з Кастусём Каліноўскім на гістфаку БДУ да пачатку рэканструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

Керамічнае пано размяшчалася ў адной з аўдыторый на чацвёртым паверсе гістфака. На ім у поўны рост быў адлюстраваны лідар вызвольнага паўстання 1863—1864 гадоў на Беларусі Кастусь Каліноўскі і паўстанцы-касінеры на заднім фоне. У ніжняй частцы пано была змешчана цытата з верша «За ўсё…», напісанага Янкам Купалам у 1926 годзе:

Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў з цемры да святла.

Рэшткі дэкаратыўнага пано, зваленыя ў кучу разам з будаўнічым смеццем

Рэшткі дэкаратыўнага пано, зваленыя ў кучу разам з будаўнічым смеццем

На фота ў кучы будаўнічага смецця відаць фрагменты рэльефнай рамы, якая абрамляла выяву Каліноўскага, а таксама кавалкі іншых кампазіцый з аўдыторыі па матывах твораў Купалы.

Па нашай інфармацыі, знішчэнне пано адбылося да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022-м. 

Гэтыя пано, хутчэй за ўсё, не маюць ніякага дачынення да гістарычнага факультэта і дасталіся яму ў спадчыну ад філалагічнага факультэта, які займаў будынак па Чырвонаармейскай вуліцы з моманту ягонай адбудовы ў 1957 годзе. Выселены філфак быў толькі ў 1992-м.

Керамічныя пано па матывах твораў Янкі Купалы, знішчаныя разам з пано з выявай Кастуся Каліноўскага. Фота: Wikimedia Commons

Керамічныя пано па матывах твораў Янкі Купалы, знішчаныя разам з пано з выявай Кастуся Каліноўскага. Фота: Wikimedia Commons

Рэканструкцыя корпуса цягнецца з 2021 года. Корпус гістфака — адзін з першых будынкаў, якія заняў створаны ў 1921 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Да гэтага будынак, узведзены ў 1863—1867 гадах, займала мужчынская гімназія С. П. Зубакіна і К. В. Фальковіча. Па ўніверсітэцкай нумарацыі будынак былой гімназіі стаў называцца «Домам № 1».

Дом № 1 БДУ — сучасны будынак гістарычнага факультэта БДУ. Фота: Wikimedia Commons

Дом № 1 БДУ — сучасны будынак гістарычнага факультэта БДУ. Фота: Wikimedia Commons

У часе вайны будынак моцна пацярпеў, ад яго заставаліся толькі знадворныя сцены. Большая частка руін была знесена, ад будынка сярэдзіны XIX стагоддзя засталася толькі дваровая частка, на месцы якой сёння знаходзіцца актавая зала факультэта. На месцы ж знесенай часткі па праекце Якава Шапіры ў ​​1957 годзе пабудаваны новы чатырохпавярховы корпус у духу савецкай неакласікі. У інтэр’ерах да рэканструкцыі захаваліся парадная лесвіца з балясамі, вітражы, паркет, лепка на столях і сценах вестыбюля і актавай залы.

Інтэр'ер калідораў гістфака БДУ на рэндарах. Фота: «Мінск-Навіны»

Інтэр'ер калідораў гістфака БДУ на рэндарах. Фота: «Мінск-Навіны»

На рэндарах жа сціплай класікі больш няма, а ёсць «па-багатаму» зроблены еўрарамонт з керамагранітнымі падлогамі, тынкоўкай-венецыянкай і молдынгамі на сценах, кесонамі і дарагімі люстрамі на столях, безгустоўнымі цяжкімі шторамі на вокнах. Відаць, у гэты «палацавы стыль» ніяк не ўпісвалася праставатая савецкая кераміка, і адзінае, што дадумаліся з ёй зрабіць, — пабіць ды выкінуць на сметніцу. Або камусьці ў кіраўніцтве не падабалася постаць паўстанца…

Лесвічная пляцоўка гістфака БДУ на рэндарах. Фота: «Мінск-Навіны»

Лесвічная пляцоўка гістфака БДУ на рэндарах. Фота: «Мінск-Навіны»

Але, згодна з заканадаўствам, творы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва не могуць быць знішчаныя, а мусяць быць рэканструяваныя — пад гэтае азначэнне падпадае ў тым ліку змяненне месца знаходжання. Праўда, ніякага пераліку, які дазваляў бы адсочваць тое, што адбываецца з падобнымі культурнымі каштоўнасцямі, не існуе — аднойчы яны проста знікаюць у нікуды. Калі зафарбаваную ці збітую мазаіку яшчэ нехта заўважыць і абурыцца, то інтэр’ерныя рэчы знікаюць без аніякага шуму.

Мяркуючы па ўсім, на гістарычным факультэце БДУ ў выніку рэканструкцыі не застанецца анічога гістарычнага, акрамя фасадаў.

Чытайце таксама:

У Бярозаўскім райвыканкаме расказалі, чаму знішчылі манументальную мазаіку канца 1980-х

Першую бабруйскую мазаіку могуць захаваць. Але гэта не дакладна

У Зэльве знеслі помнік Ларысе Геніюш

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?