Андрэй Швед. Фота: БелТА

Андрэй Швед. Фота: БелТА

Ключавы пункт праекта — карэкціроўка артыкула 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Дзякуючы зменам беларускія сілавыя структуры атрымаюць права заводзіць у дачыненні да памерлых крымінальныя справы па злачынствах, пералічаных у артыкуле 85 Крымінальнага кодэкса, а іменна:

  • падрыхтоўка або вядзенне агрэсіўнай вайны (артыкул 122);
  • акт міжнароднага тэрарызму (артыкул 126);
  • генацыд (артыкул 127);
  • злачынствы супраць бяспекі чалавецтва (артыкул 128);
  • вытворчасць, назапашванне або распаўсюджванне забароненых сродкаў вядзення вайны (артыкул 129);
  • экацыд (артыкул 131);
  • прымяненне зброі масавага паражэння (артыкул 134);
  • парушэнне законаў і звычаяў вайны (артыкул 135);
  • злачынныя парушэнні нормаў міжнароднага гуманітарнага права падчас узброеных канфліктаў (артыкул 136);
  • бяздзейнасць або адданне злачыннага загада падчас узброенага канфлікту (артыкул 137).

Гэтыя артыкулы і раней не мелі тэрміну даўніны, але асудзіць па іх можна было толькі жывых людзей, зараз жа — і памерлых.

Памерлым абвінавачваным па такіх справах будзе прызначацца адвакат. Адмовіцца ад яго паслуг будзе нельга (нават калі гэтага захочуць сваякі абвінавачванага, прызнаныя яго прадстаўнікамі).

Орган, які вядзе крымінальны працэс, павінен будзе прыняць меры для пошуку блізкіх сваякоў мёртвага абвінавачванага, каб яны маглі стаць яго прадстаўнікамі. Яны могуць увайсці ў працэс аж да заканчэння судовага следства. Але калі прадстаўнікі не знойдуцца, то суду гэта не перашкодзіць.

Законапраект цяпер рыхтуецца да першага чытання ў парламенце. Пасля прыняцця і падпісання Лукашэнкам ён набудзе моц праз дзесяць дзён.

Такія новаўвядзенні спатрэбіліся ў сувязі з наяўнасцю справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны, якая расследуецца Генпракуратурай ужо больш за два гады і якой улады надаюць вельмі шмат увагі. Зараз можна будзе вынесці прыгаворы афіцэрам вермахта і СС або іх памагатым. Можна ўявіць, як шмат эфірнага часу дзяржтэлеканалаў будзе прысвечана гэтым працэсам. 

Генпракурор Андрэй Швед раней анансаваў пачатак такіх судоў над мёртвымі ў канцы 2023 года.

У Беларусі і цяпер суды над памерлымі — не навінка. 

Так, Брэсцкі абласны суд судзіў (пасмяротна) параненага сілавікамі падчас пратэстаў у Брэсце Генадзя Шутава і прызнаў яго вінаватым. Вярхоўны суд пакінуў у сіле пасмяротны прысуд. 

У жніўні 2022 года ў Рэчыцы вынеслі прысуд Дзмітрыю Усхопаву, які загінуў на Новы год пасля затрымання сілавікамі. 

Суд прызнаў Дзмітрыя вінаватым у незаконным набыцці і захоўванні наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў без мэты збыту, а таксама ў замаху на набыццё і захоўванне псіхатропных рэчываў (сцвярджалася, што за некалькі дзён да трагедыі Дзмітрый з сябрам шукаў «закладку», але не знайшоў).

Прысуд быў вынесены без прызначэння пакарання, што падкрэслівалася асобна. 

Клас
0
Панылы сорам
25
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
14