Нагадаем, што палітык быў затрыманы ў Мінску 7 чэрвеня 2020 года. Пазней у дачыненні да яго было вынесена тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах за ўдзел у перадвыбарных пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.

Пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту Паўла Севярынца не выпусцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага па арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў).

У выніку палітык быў асуджаны на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Адбывае пакаранне Павел Севярынец у шклоўскай папраўчай калоніі № 17.

— Якімі былі для нашай сям’і гэтыя тры гады? — кажа Вольга Севярынец. — З аднаго боку, гэта былі вельмі складаныя і балючыя гады. А з іншага — гэта гады веры, надзеі і любові, таму што было шмат добрых сустрэч, шмат падтрымкі ад людзей, шмат напоўненых каханнем лістоў ад Паўла.

І шмат было малітваў, у якіх вера і надзея, што ўсё кепскае Госпад зможа перамяніць на дабро і наступіць дзень, калі мы зноў будзем разам: Паша, Францішак, я, нашы бацькі.

— Калі Паўла затрымалі, малому Францішку было ўсяго два гады…

— Зараз гэта ўжо сур’ёзны хлопец — вясной яму споўнілася пяць гадоў. Ён, безумоўна, вельмі змяніўся апошнім часам, але ўсё адно памятае тату, моліцца за яго, чакае. З такім унутраным сцісканнем слухае гісторыі пра Паўла, пры гэтым заўсёды ўнутрана засяроджваецца, уважліва слухае. Яму вельмі цікава пра тату слухаць.

А Паша нязменна піша Францішку асобныя лісты ад таты сыну.

— Ёсць у Францішка ўжо нейкія здольнасці?

— Інтарэсы дзяцей нярэдка змяняюцца. Адзінае, відаць, што ў сына праяўляецца моцная воля, севярынцаўская настойлівасць, якую я ніяк і нічым не магу перамагчы.

Калі Францішку нешта патрэбна, то ён упарта будзе стаяць на сваім, пакуль не дасягне таго, што ён хоча.

Увогуле, сын любіць маляваць, бо ў гэтым плане ў яго ідзе параўнанне з татам. Паша дасылае яму лісты з турмы з малюнкамі, і сын таксама яму ў адказ малюе.

Але зараз у Францішка любімая цацка — самакат. Гойсае на ім па дварэ, як эстрэмал.

— Ці ёсць нейкія апошнія навіны ад Паўла?

— Пэўны перыяд Паша быў у штрафным ізалятары, а цяпер яго змясцілі на тры месяцы ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). З сувязі з мужам засталіся толькі рэдкія лісты ад яго…

Чытайце таксама:

Тры гады таму арыштавалі Паўла Севярынца

З-за Паўла Севярынца на царкоўныя службы ў шклоўскай калоніі пачалі прыходзіць міліцыянеры

Паглядзіце, які малюнак даслаў Павел Севярынец свайму сыну ФОТА

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
12
Абуральна
4