Ніякіх пацверджанняў сваіх слоў Шайгу не прывёў. Аднак неўзабаве расійскае ваеннае ведамства распаўсюдзіла ў медыя кароткае відэа з кадрамі, як сцвярджалася, «знішчэння замежнай бранятэхнікі, у тым ліку танкаў Leopard», як заўважыла «Медуза».
Многія расійскія ваенныя блогеры ўсумніліся, што ў роліку Мінабароны РФ — сапраўдная бранятэхніка.
Тэлеграм-канал «Военный осведомитель», прааналізаваўшы абрысы машын, паведаміў, што ў рэчаіснасці на відэа — амерыканскія збожжаўборачныя камбайны John Deere 9000 і 700-й серый, а таксама трактар-апырсквальнік John Deere 4830, якія даволі папулярныя на тэрыторыі Украіны.
«Навошта было выдаваць кадры з памылковай паразай сельскагаспадарчай тэхнікі за актуальнае відэа паразы «Леапардаў», нам невядома», — пішуць аўтары канала.
Да такой жа высновы прыйшоў праваенны тэлеграм-канал «Рыбарь». «Калі павялічыць кадр, то ў контурах аб'екта можна разгледзець нешта падобнае да сельгастэхнікі. У абрысах вылучаюцца колы, а «ствол» нагадвае шнек. Ды і сам экіпаж верталёта ў перамовах не называе мэту «Леапардам», — гаворыцца ў яго публікацыі.
Відэа са «знішчэннем «Леапардаў» таксама пракаментаваў кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын.
«На гэтых кадрах выразна відаць, як танкі Leopard перасоўваюцца ў дзіўным тактычным манеўры насустрач адзін аднаму. Гэтыя танкі замаскіраваныя пад сельскагаспадарчыя камбайны. У іх загнутае ўніз дула», — заявіў ён.
Чытайце таксама:
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу ўпершыню з верасня 2022 года расказаў пра расійскія страты
На вайсковых зборах у Мінскім раёне трэніраваць будуць інструктары-«вагнераўцы»





