Завадскі пачынае з таго, што кома — гэта вельмі шырокае паняцце: «Яно азначае страту прытомнасці, але чалавек пры гэтым знаходзіцца ў даволі цяжкім стане. Адна справа — кароткатэрміновая страта прытомнасці, якую можа выклікаць нават эмацыйны стрэс. Тады чалавек можа прыйсці ў сябе проста ад таго, што яму пад нос падсунуць ватку з нашатырным спіртам.

Але наяўнасць комы прадугледжвае больш сур’ёзную паталогію, якая ў любым разе звязаная з парушэннем дзейнасці галаўнога мозгу. Прычын у гэтага можа быць вельмі шмат, і мы не маем дастаткова інфармацыі, каб зразумець, што папраўдзе адбылося з Аксанай Зарэцкай».

Страта прытомнасці — гэта вельмі сур’ёзны сімптом, які вымагае экстраннай медыцынскай дапамогі.

Калі казаць пра доўгатэрміновую кому, як у гэтым выпадку, то яна патрабуе стацыянарнага лячэння і знаходжання чалавека ва ўмовах аддзялення рэанімацыі. Ні ў адным беларускім следчым ізалятары, адзначае Васіль, належных умоў для гэтага няма.

У СІЗА-1 месціцца рэспубліканская бальніца для падследных і асуджаных, і там ёсць аддзяленне рэанімацыі і анестэзіялогіі, хаця і ў вельмі ўсечаным выглядзе. З пункту гледжання Завадскага, зняволены ў такім стане павінен знаходзіцца там, атрымліваць неабходнае лячэнне і назіранне. На жаль, мы не ведаем, як і што было ў выпадку Аксаны.

Ні ў адной іншай беларускай пенітэнцыярнай установе больш няма аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі. Таму, калі гаворка ідзе пра такія ўстановы, чалавек у стане комы павінен знаходзіцца ў вольнай грамадзянскай бальніцы, упэўнены Васіль.

Завадскі таксама апісвае, якім павінен быць алгарытм дзеяння дактароў, калі яны маюць справу з чалавекам у коме: «Крытычна істотная задача — высветліць прычыну, праз якую развілася кома, і прызначыць лячэнне асноўнага захворвання, якое яе выклікала. Для гэтага патрэбна правесці адпаведнае абследаванне. У рэанімацыі чалавек праходзіць экстраннае лячэнне, потым яго абследуюць і прызначаюць лячэнне ад асноўнай хваробы. Калі ўсё гэта праходзіць нармальна, чалавек можа вярнуцца да свайго звычайнага жыцця, прымаць лекі і знаходзіцца пад назіраннем дактароў. Так гэта звычайна павінна адбывацца.

Вядома, месца пазбаўлення волі — гэта зусім не лячэбная ўстанова, і для арганізма чалавека знаходжанне ў тых умовах вельмі складанае. Калі чалавеку прызначылі лячэнне і лекі ёсць, ён можа іх прымаць і такім чынам атрымліваць лячэнне і за кратамі, але яму таксама патрэбны медыцынскі кантроль і назіранне, трэба выконваць рэкамендацыі па жыцці з яго дыягназам».

Стрэсавыя ўмовы накшталт камеры СІЗА самі па сабе могуць правакаваць пагоршанне стану. Гэта залежыць і ад прычынаў комы, але любы стрэс азначае парушэнне імунітэту і іншых сістэм арганізму, ён зусім не спрыяе здароўю, кажа Васіль.

Існуе інструкцыя, дзе пералічаныя захворванні, пры якіх перад судом ставіцца пытанне аб вызваленні вязня па стане здароўя, але гэта актуальна для ўжо асуджаных людзей. Завадскі расказвае, што ў той час, калі ён працаваў у турэмнай медыцыне, такія выпадкі мелі месца рэгулярна — гаворка ішла пра некалькі дзясяткаў вызваленых вязняў штогод.

Што датычыцца тых, хто яшчэ не трапіў пад суд, то ў выпадку з імі сапраўды не існуе распрацаваных нормаў, на аснове якіх чалавека маглі б вызваліць праз ягоны стан.

Што датычна таго спісу, на аснове якога вызваляюць вязняў, то Завадскі ўдакладняе, што патрапіць пад яго зусім няпроста: «Там пералічаныя вельмі цяжкія хваробы, напрыклад: анкалагічныя захворванні ў чацвёртай стадыі ці сардэчна-судзінная недастатковасць у трэцяй стадыі. Такія людзі вызваляюцца ў дужа цяжкім стане, але ўсё роўна лепш, калі яны знаходзяцца не за кратамі. Тады ў чалавека з’яўляецца больш магчымасцяў атрымаць лячэнне».

У паведамленні пра стан здароўя Зарэцкай адзначалася, што на Валадарцы нават не прынялі для яе валяр’яну ў перадачы. Але Васіль заўважае: калі жанчына была ў такім сур’ёзным стане, што ў яе развілася кома, наўрад ці ёй дапамагла б валяр’яна. У дадатак, гэты прэпарат звычайна ёсць у медыцынскіх частках у месцах пазбаўлення волі. 

Недахоп асвятлення і кальцыю, а таксама псіхалагічныя праблемы ў інтэлігентных людзей. Былыя беларускія турэмныя медыкі расказалі, якія праблемы назіралі ў вязняў

Як вяртаюцца да нармальнага жыцця пасля турмы і дзе шукаць дапамогу? Гісторыі экс-зняволеных

Былая палітзняволеная расказала, што дапамагло ёй аднавіцца

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
17
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?