Як расказалі чытачы «Люстэрка», пытанняў да вынікаў іспыту выявілася шмат. Яны падзяліліся з журналістамі прыкладамі няправільных падлікаў.

Так, адна з абітурыентак здавала іспыт па рускай мове. Усяго ў тэсце было 40 пытанняў, на 37 з якіх дзяўчына адказала правільна і яшчэ на адно часткова. Але, мяркуючы па даных у асабістым кабінеце, яе працу ацанілі ў 82 балы.

Яшчэ адна выпускніца здавала беларускую мову. У 40 пытаннях яна зрабіла дзве памылкі і яшчэ на два адказала часткова дакладна. Такі вынік Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) ацаніў у 74 балы.

А ў трэцяй адзінаццацікласніцы і зусім не было памылак: у асабістым кабінеце 39 правільных адказаў, а на адно пытанне дзяўчына адказала часткова. Праўда, няпоўны адказ каштаваў ёй 8 балаў — у выніку яна атрымала 92.

— У кагосьці ўвогуле вынікі ў 101 і 103 балы. Ці, напрыклад, у кагосьці 0,0000000000074 бала ці нават нуль. Як такое магчыма? Усе ў шоку, — абураецца чытач.

«Люстэрка» піша, што скрыншоты ёсць у рэдакцыі. 

— Калі не будзе пераліку, многія нават не паступяць праз РІКВ, — абмяркоўваюць школьнікі ў чатах. Многія хлопцы ўжо жартуюць, што гатовыя служыць: «Ну, у войска заўсёды можна. Спадзяюся, сустрэнемся ў адной роце, мужыкі».

Пасля атрымання адказаў засмучаныя школьнікі і іх бацькі атакавалі гарачую лінію РІКВ.

— Нам адказваюць, што адбыўся збой і балы пералічаць. Абяцалі зрабіць гэта ўжо да сённяшняга вечара, — перадаюць па чатах выпускнікі.

Аператыўна датэлефанавацца да аператара гарачай лініі РІКВ журналісты не змаглі, у інстытуце не здымалі трубку. Таксама аператыўна атрымаць каментар не ўдалося і ў Міністэрстве адукацыі. 

Як павінны лічыць балы на ЦЭ? За кожнае правільна ці часткова правільна выкананае заданне выпускніку налічваюцца 1 ці 2 першасныя балы (у залежнасці ад тыпу задання). Потым сума першасных балаў абітурыента пераводзіцца ў тэставы бал. Гэта робіцца з дапамогай спецыяльнай формулы, якую РІКВ не публікуе.

У 2022 годзе першасныя і тэставыя балы ЦТ па рускай і беларускай мовах суадносіліся такім чынам, табліцы за 2023 год пакуль няма.

ЦЭ ў Беларусі праходзіць першы год. Кожны выпускнік-2023 здаваў два цэнтралізаваныя экзамены. Адзін абавязковы — па рускай ці беларускай мове. Другі прадмет — па выбары. Заданні адаптавалі да базавага ўзроўню школьнай праграмы.

Чытайце таксама:

Студэнтаў Баранавіцкага ўніверсітэта прымусілі глядзець інтэрв'ю з Раманам Пратасевічам

«Атачыў сябе даносчыкамі». Расказваем пра дэкана юрфака БДУ, са студэнтам якога двойчы запісалі відэа ў духу сілавікоў

Клас
4
Панылы сорам
38
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
8
Абуральна
8