Аляксандр Дабравольскі. Скрыншот гутаркі на ютуб-канале «Жыццё-маліна»

Аляксандр Дабравольскі. Скрыншот гутаркі на ютуб-канале «Жыццё-маліна»

Чаму апазіцыя не можа аб’яднацца?

Аляксандр згадвае, што некалі выступаў перад валанцёрамі Офіса Ціханоўскай, і тыя запыталі яго, чаму ў апазіцыйных структурах шмат сварак. Адказ быў такі: «Таму што там працуюць людзі. Ніколі не бывае, каб усе былі з усім згодныя. І зараз мы бачым шмат гісторый, калі хтосьці праз незадаволеныя амбіцыі ці нейкі недавер выказвае рэчы, якія могуць быць непрыемнымі для іншых. Часам бываюць і сваркі».

Дабравольскі мяркуе, што і ў палітыцы іншых краін, той жа Украіны ці Польшчы, ён не бачыць імкнення да аб’яднання, а часам заўважае і негатыўную рэакцыю на кантакты беларусаў з іншаземнымі палітычнымі дзеячамі з боку іх канкурэнтаў: маўляў, Ціханоўская сустрэлася з Парашэнкам, і гэта праблема. Таксама спрэчкі — хвароба росту, якая спрыяе з’яўленню палітычнай культуры, такая культура нараджаецца з палітычнай практыкі, лічыць Аляксандр. А да такой стадыі нас прывяла маргіналізацыя беларускай апазіцыі праз тое, што з сярэдзіны нулявых у краіне адсутнічала публічная палітыка.

У пэўныя моманты, калі абіраецца ўлада, вельмі важнае адчуванне, што грамадзяне могуць на нешта ўплываць. І вось мы страцілі такое пачуццё. Дабравольскі кажа: «Прапаганда адыгрывае тут сваю ролю, але пачуццё грамадзянскай адказнасці не было развіта сярод беларусаў. Прапанова ад улады была такая: мы вас будзем трохі карміць, але вы маўчыце. Фактычна такі непублічны кантракт захоўваўся доўгі час».

Як прымусіў Лукашэнку выбачыцца

Гэтая гісторыя здарылася ў пачатку 90-х, калі Лукашэнка быў старшынёй антыкарупцыйнай камісіі ў парламенце, а Дабравольскі ўзначальваў Аб’яднаную дэмакратычную партыю Беларусі.

Вось як яе згадвае дарадца Святланы Ціханоўскай: «Лукашэнка выступае ў парламенце і некалькі разоў кажа: маўляў, гэты чалавек з Аб’яднанай дэмакратычнай партыі — карупцыянер, такі, такі і такі. Я прыходжу ў парламент, падыходжу да яго і кажу: «Вы сказалі вось такія рэчы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці». Ён кажа, што такога не гаварыў, а я яму адразу [падсоўваю] дыктафон, бо гэта [выступы Лукашэнкі] некалькі разоў транслявалі па радыё, і я запісаў. Ён паслухаў, кажа: «Ну так, сапраўды». Таму што там была Аграрна-дэмакратычная партыя яшчэ, ён пераблытаў. І я папрасіў абвергнуць гэта з парламенцкай трыбуны, бо ён з яе ўсё гэта гаварыў, і ён пайшоў, сказаў, што прыносіць прабачэнні і памыліўся, неахвотна, вядома».

Скрыншот гутаркі на ютуб-канале «Жыццё-маліна»

Скрыншот гутаркі на ютуб-канале «Жыццё-маліна»

Што будзе з Ціханоўскай пасля 2025 года

Тут Аляксандр Дабравольскі разглядае два варыянты падзей. Калі адбудуцца вольныя выбары ў Беларусі, то паўнамоцтвы Ціханоўскай заканчваюцца. Калі яны не адбудуцца, то да паўнамоцтваў Святланы Ціханоўскай можна будзе ставіцца па-рознаму, але яна ў любым выпадку застанецца палітычнай фігурай.

Галоўны пралік Офіса Ціханоўскай

Такім крокам дарадца Ціханоўскай называе дрэнна прадуманы народны ўльтыматум: «Наша памылка была ў тым, што гэта трэба было зрабіць раней, дзесьці ў верасні [2020 года], я не ўпэўнены, што і гэта было б правільным крокам. Проста ў такіх сітуацыях, калі яны складаныя і калі ідзе складаная палітычная барацьба, пралічыць цяжка і атрымаць усю інфармацыю цяжка, ніколі не стае інфармацыі, калі ты прымаеш рашэнні».

Тым не менш Дабравольскі лічыць, што і ў такім выглядзе ўльтыматум меў эфект для некаторых рэчаў: «Напрыклад, «Байпол» стварыўся пасля яго. Шмат хто нам расказваў, што сышоў з пракуратуры, са Следчага камітэта пасля таго, як быў аб’яўлены ўльтыматум, але гэтых людзей было мала. Эфект быў, але не той, на які мы разлічвалі, страйкі пачаліся, але не так, як мы разлічвалі. Не трэба было заклікаць прыватны бізнэс зачыняцца, таму што гэта для іх ператварылася ў рэпрэсіі. Аднак мы маглі б гэтага не зрабіць, і тады не атрымалі б гэтага досведу».

Прэтэнзіі ў тым, што Офіс падставіў людзей, Аляксандр прымае, бо лічыць іх справядлівымі. З іншага боку, ён мяркуе, што калі Офіс будзе заклікаць людзей нічога не рабіць, бо гэта небяспечна, гэта будзе значыць, што Офіс нічога не прапаноўвае. Таму трэба рызыкаваць, але рызыкаваць разумна. І вось тут, кажа Дабравольскі, складаная рэч, бо Офіс супрацоўнічае з рознымі публічнымі і непублічнымі арганізацыямі, з Кааліцыяй пратэсных двароў, і яны штосьці робяць для перамогі над рэжымам. Усё гэта пакуль што ў Беларусі небяспечна, і таму заўсёды рызыкоўна, але заклікаць не рызыкаваць дзеля сваёй краіны таксама няправільная тактыка, распавядае Дабравольскі.

«Калектыўны Захад ёсць суб’ектам, Расія ёсць суб’ектам, рэжым ёсць суб’ектам, але ж і мы ёсць суб’ектам, у адрозненне ад таго, што раней не было такой суб’ектнасці ў нас, у дэмакратычных сіл. У нас няма магчымасці зараз істотным чынам нешта змяніць у Беларусі, але мы і рыхтуемся да таго, каб гэта мяняць, і імкнёмся мяняць, і ў нас ёсць магчымасць шмат што змяніць на міжнароднай арэне. Напрыклад, Міністэрства замежных спраў Лукашэнкі цяпер мае, можа, 10% магчымасцяў знешняй палітыкі, а астатняе маем мы. Гэтага недастаткова для змены сітуацыі ў Беларусі. Не заўсёды атрымліваецца ўтрымліваць фокус на сітуацыі ўнутры Беларусі, але мы заўсёды вяртаемся да яе», — тлумачыць палітык.

Ці далей беларусы ад перамогі над рэжымам, чым у 2020 годзе?

«Бліжэй, бо ў 2020 годзе нам не ўдалося і мы працягваем гэтую справу. Калі б не працягвалі, былі б далей», — мяркуе Дабравольскі.

Чытайце таксама:

Святар Кухта ў «Жыцці-маліне» расказаў пра асаблівасці мітрапаліта Веніяміна, кантраст двух патрыярхаў і сваю працу ў ІТ

«Толку ад маралі, якая не вызваляе людзей?» Былы дыпламат Мацукевіч заклікае да перамоў з Лукашэнкам

Янушкевіч у «Жыцці-маліне»: Ваўкі не ведаюць, што такое дараванне

Клас
29
Панылы сорам
8
Ха-ха
9
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
8

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?