Суразмоўцы ў банкаўскіх колах паведамілі «Нашай Ніве», што ў панядзелак, 15 мая, аўстрыйскі Райфайзэн Банк паінфармаваў кіраўніцтва беларускіх банкаў аб тым, што з 31.07 спыняе супрацоўніцтва з усімі банкамі ў беларускай юрысдыкцыі. 

У выніку санкцый за ўнутраныя рэпрэсіі і ўдзел рэжыму ў вайне беларускі фінансавы сектар быў моцна абмежаваны ў сваёй магчымасці падтрымліваць зносіны з навакольным светам. «Райфайзэн» заставаўся апошнім банкам, які карэспандаваў беларускім банкам пры накіраванні плацяжоў у Еўропу, а таксама прыёме плацяжоў адтуль. 

«Праз «Райфайзэн» працавалі амаль усе. Гэта вельмі ўскладняе і без таго няпростае фінансавае жыццё беларускім кампаніям, якія прымаюць аплату ў далярах/еўра або плацяць у іх за тавары ці паслугі, — кажа супрацоўнік аднаго з банкаў. — Калі тлумачыць рух грошай асацыятыўна, то раней мы лёталі ў Вільню прамым рэйсам, потым пачалі лётаць у Вільню праз Вену, а зараз мы даляцім да Вільні толькі з некалькімі перасадкамі праз Астану ці Ерэван. А калі канчатковая мэта «палёту» якая-небудзь Албанія, то палёт можа ўвогуле стаць бясконцым.

Фактычна бізнэс мае пару месяцаў, каб прыдумаць новую схему разлікаў з партнёрамі. Хтосьці ўжо раней вывеў сваю замежнаэканамічную дзейнасць у іншую юрысдыкцыю, але няма ніякіх гарантый, што нас у выніку не «папросяць» і з умоўнага Казахстана, таму што амерыканцы і еўрапейцы ўзмацняюць ціск на тых, хто дапамагае абыходзіць санкцыі». 

Адначасова з гэтым, як паведамляюць беларускія бізнэсмены, беларускі Прыёрбанк пачаў дасылаць кліентам лісты з просьбай не пазначаць карэспандуючы банк у даных плацяжоў — іначай яны не будуць дастаўленыя. 

«Перакладаючы зноў на асацыятыўную мову, можна сказаць, што калі б Прыёрбанк быў сэрвісам па продажы авіяквіткоў, то цяпер ён інфармуе, што вы можаце толькі пазначыць, куды вам трэба, а вось авіякампанію, а таксама ваш маршрут будзем выбіраць мы, і вы ўплыву на гэта не маеце», — дадае да гэтага наш суразмоўца-банкір. 

Імаверна, адмова ад карэспандуючых адносін з беларускімі банкамі — гэта наступствы ціску ЗША на еўрапейскія фінансавыя інстытуты, якія працягвалі працаваць з расіянамі і беларусамі насуперак агульнай палітыцы санкцый. 

Раней суразмоўцы «Нашай Нівы» паведамлялі, што кампетэнтныя структуры ЗША запыталі ў аўстрыйскага «Райфайзэна» ўсю дакументацыю аб праведзеных беларускай і расійскай «дочкамі» аперацыях. Пры адмове выдаць дакументацыю або пры выяўленні фактаў забароненых плацяжоў аўстрыйскаму банку пагражалі санкцыямі — забаронай на працу з далярам. 

Аб правядзенні праверкі ў кантэксце вайны (але без згадкі Беларусі) паведамлялася афіцыйна. 

Праз нейкі час пасля гэтага стала вядома, што Прыёрбанк і расійская дачка «Райфайзэна» прадаюцца. Імаверны купец — структуры «Раснафты», расійскага дзяржаўнага нафтагазавага гіганта. 

Яшчэ раней праз ціск амерыканцаў быў закрыты філіял расійскага МТС Банка ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. 

Пасля спынення магчымасці працаваць у валюце праз аўстрыйскі «Райфайзэн» у беларускага бізнэсу застанецца яшчэ менш варыянтаў.

Каналы для аплаты ў еўра і злотых застаюцца ў Альфа-банку і БНБ-Банку, лазейка з далярамі застаецца ў Парытэтбанку. 

Любое звужэнне магчымасцяў робіць плацяжы больш працяглымі і дарагімі. 

Чытайце таксама:

Ігар Сечын можа набыць Прыёрбанк

Клас
33
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
7
Сумна
24
Абуральна
12