Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў Дмитрий Дашкевич и Эдуард Лобов Zmitser Dashkevich and Eduard Lobau

Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў

18 снежня 2010 года, роўна за суткі да асноўнага дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, двух маладых людзей затрымалі ў Мінску за быццам бы здзейсненае асабліва злоснае хуліганства.

Згодна з пазіцыяй следства, «Дашкевіч і Лобаў 18 снежня 2010 года ў 16:10, дзейнічаючы групай асобаў і знаходзячыся ў грамадскім месцы каля дома 24 па вуліцы Янкі Брыля наўмысна, без прычыны і з хуліганскіх памкненняў, груба парушаючы грамадзянскі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадства, учынілі гвалт адносна пацярпелых Малышава і Савіцкага, якія толькі папрасілі ў іх закурыць».

Што адбылося

Аўтары расследавання адзначаюць, што сачэнне за сабой хлопцы заўважылі адразу, як выехалі з вуліцы Панамарэнкі. Спрабуючы ад яго адарвацца, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў і Лазар Дзяніс Паўлавіч, які быў разам з імі, выйшлі з грамадскага транспарту. Да іх адразу падышлі невядомыя і пачалі збіваць. Заламалі рукі, паклалі на зямлю.

Ужо праз некалькі хвілін на месца злачынства прыбыў патруль міліцыі, які «выпадкова» праязджаў побач. А ў дадатак прыбег пешы патруль патрульна-паставой службы міліцыі. Акрамя гэтага, на месцы падзеі аказаўся і мікрааўтобус са спецназам.

Гэта ўсё наводзіць на думку, што аперацыя была старанна спланаваная і дэталёва падрыхтаваная.

Што не так

Цікава, што адразу былі затрыманыя тры чалавекі. Але да суда з іх дайшлі толькі двое. Справа адносна Дзяніса Лазара была спыненая з-за адсутнасці ва ўчынку складу злачынства. Гэта таксама наводзіць на пэўныя думкі, бо ні да таго, ні пасля гэтага інцыдэнту Дзяніс Лазар не быў заўважаны ў палітычнай актыўнасці.

Аўтары расследавання выказваюць здагадку, што Дзяніс Лазар, хутчэй за ўсё, выступіў у ролі наводчыка. А пасля таго, як яе адыграў, быў выведзены з гульні.

Наступная акалічнасць, на якую звяртаюць увагу аўтары расследавання, гэта тое, што ўсе паказанні супрацоўнікаў міліцыі былі запісаныя як пад капірку. Нават з захаваннем арфаграфічных памылак.

Сведкі — супрацоўнікі міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі — блыталіся ў сваіх паказаннях. Так, у аднаго з «пацярпелых» быў сіняк то на галаве, то на лбе. Другі сведка то бачыў кроў, то не бачыў.

І ўсё гэта з улікам таго, што, па словах пацярпелага Савіцкага, яму Лобаў нанёс удар металічным ломікам па галаве. Другі сведка апісваў гэтую ж сітуацыю ў іншым ракурсе і з іншымі пераменнымі.

Да таго ж, як адзначана ў матэрыялах справы, ломік быў канфіскаваны ў сведкі пратаколам вымання з 19.50 да 19.55. У той час як у пратаколе допыту той самы следчы пазначыў, што допыт працягваўся з 19.15 да 20.00 без перапынку. Гэта выключае магчымасць правядзення ім іншых следчых дзеянняў. Гэты факт з'яўляецца сведчаннем фальсіфікацыі пратакола вымання.

Як адзначаецца ў матэрыяле расследавання, каб не парушыць кволую канструкцыю дзяржаўнага абвінаваўцы, было прынятае рашэнне не праводзіць ні судова-генатыпаскапічнай экспертызы ўзораў крыві, ні судова-медыцынскай экспертызы па факце атрымання пацярпелымі цялесных пашкоджанняў.

І гэта прытым, што ў афіцыйнай прапагандзе распаўсюджвалася інфармацыя аб тым, што адзін з пацярпелых моцна пацярпеў і са шматлікімі цялеснымі пашкоджаннямі быў дастаўлены ў 9-ю гарадскую клінічную бальніцу.

Дзіўныя пацярпелыя

Крымінальная справа адносна Дашкевіча і Лобава разглядалася на адкрытым судовым пасяджэнні судом Маскоўскага раёна Мінска. Да пачатку судовага пасяджэння паступіла заява ад пацярпелых аб прыняцці мераў бяспекі адносна іх.

У сувязі з гэтым суд прыняў рашэнне дапытваць іх па-за зонай бачнасці. Гэта вельмі дзіўна. Яны давалі паказанні праз напалову прачыненыя дзверы з суседняга памяшкання.

Аўтары расследавання высветлілі, што дакументы на пацярпелых Малышава і Савіцкага былі сфальсіфікаваныя. Такіх грамадзян не існавала.

Есць пашпарты на імя Малышава Алега Сяргеевіча, 15 лютага 1981 года нараджэння, ураджэнца пасёлка Ждановічы, і Савіцкага Канстанціна Аляксандравіча, 25 ліпеня 1979 года нараджэння, ураджэнца Самары.

Аднак фатаграфій у гэтых пашпартах няма. Замест іх — проста пустое месца. Усе астатнія звесткі таксама неінфарматыўныя і маюць цалкам фіктыўны характар.

Сярод іх — бацькі, якіх ніколі не існавала ў Беларусі, адрасы прапісак, дамоў, якіх ніколі не існавала ці яны былі, але ні Малышаў, ні Савіцкі ў іх ніколі не жылі.

Аўтары расследавання ўпэўненыя, што гэта, відавочна, міліцэйскія дакументы прыкрыцця. І прыкрываюць яны ў гэтым выпадку цалкам рэальных людзей. Але дзіўным таксама зʼяўляецца той факт, што пашпарты выдадзеныя за чатыры гады да падзей снежня 2010 года — адпаведна, 5 жніўня 2006 года і 17 студзеня 2006 года.

Дзіўнай зʼяўляецца і наступная акалічнасць. Калі няісныя Малышаў і Савіцкі былі засакрэчаныя толькі ў зале суда, то як можна растлумачыць першапачатковыя пратаколы іх допыту адразу пасля інцыдэнту, дзе яны абавязаныя былі пазначыць свае сапраўдныя звесткі.

Як яны маглі прадстаўляцца легендаванымі прозвішчамі, калі яны пра іх у той момант нават і не ведалі?

Калі яны пад гэтымі прыдуманымі імёнамі былі з самага пачатку, значыць, гэтыя дакументы прыкрыцця ім былі выдадзеныя ў рамках аператыўнай распрацоўкі Дашкевіча і Лобава. Гэта значыць, у рамках агентурна-аператыўнай справы. Атрымліваецца, што яны свядома ішлі на здзяйсненне правакацыі за дзень да выбараў. І хуткае прыбыццё міліцыі на месца злачынства толькі пацвярджае гэтыя словы.

Аўтары сцвярджаюць, што ў міліцыі не заставалася ніякай іншай магчымасці нейтралізаваць актывістаў напярэдадні выбараў, акрамя толькі як здзейсніць супраць іх правакацыю. Усё было спланавана і арганізавана насуперак адсутнасці ў дзеяннях Дашкевіча і Лобава хаця б нейкага ўчынку, які крымінальна караецца.

Па выніках суда Зміцер Дашкевіч быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Эдуард Лобаў — да чатырох гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Тэрміны пакарання яны адбылі цалкам. Дашкевічу ў калоніі дадалі яшчэ адзін год.

Турма не зламала ні Дашкевіча, ні Лобава, яны працягнулі сваю дзейнасць на карысць Беларусі. І абодвум гэта адгукнулася цяжкімі выпрабаваннямі. 

14 ліпеня 2022 года суд Маскоўскага раёна горада Мінска асудзіў Змітра Дашкевіча да 1,5 года пазбаўлення волі. А яго жонку Насту Дашкевіч да трох гадоў хатняй «хіміі».

Эдуард Лобаў 23 студзеня 2023 года загінуў у баях пад Вуглядарам, абараняючы незалежнасць Украіны і Беларусі.

Чытайце яшчэ:

«Прыкрываў адыход параненага камандзіра». Як загінуў беларускі добраахвотнік Эдуард Лобаў

«У дзень сапраўднага суда вы нічога не дасцё за сваю душу». Магутнае апошняе слова Змітра Дашкевіча на судзе

З просьбамі і без просьбаў: як палітвязняў вызвалялі ў 2011-м

Клас
7
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
20
Абуральна
64