Прэзідэнт ABBA Яўген Буры віншуе Настассю Валасевіч, сузаснавальніцу познанскай кавярні «My» («Мы») падчас узнагароджання пераможцаў прэміі Free Belarus Business Award. 11 мая 2023 года. Варшава, Польшча. Фота: «Белсат»

Прэзідэнт ABBA Яўген Буры віншуе Настассю Валасевіч, сузаснавальніцу познанскай кавярні «My» («Мы») падчас узнагароджання пераможцаў прэміі Free Belarus Business Award. 11 мая 2023 года. Варшава, Польшча. Фота: «Белсат»

За ўзнагароды першай прэміі, абвешчанай ABBA дзеля падтрымання беларускіх бізнэсоўцаў, якія пасля 2020-га апынуліся за мяжой, выказала жаданне пазмагацца 70 кампаній з розных сфер — ад будаўнічых прадпрыемстваў да бухгалтарскіх кабінетаў і дызайнерскіх бюро.

Пасля просьбы запоўніць анкету засталося чатыры дзясяткі, з якіх міжнароднае журы абрала фіналістаў. Дзеля бесстароннасці арганізатары паклікалі ў камісію толькі адну беларуску — Паліну Прысмакову з Фларыдскага атлантычнага ўніверсітэта.

«Гэта не быў конкурс стартапаў, — распавяла Прысмакова падчас цырымоніі. — У адказах анкеты мы шукалі, па-першае, наколькі бізнэс беларускі, а ягоныя каштоўнасці супадаюць з каштоўнасцямі ABBA як асацыяцыі. Па-другое, наколькі бізнэс этычны».

Да фіналу дабралася 12 кампаній, сярод якіх былі лагістычная, праектант адзення і распрацоўшчык мабільнага дадатку пра аюрведу. Пераможцамі ў тым ліку сталі анімацыйная міні-студыя з Вільні, кветкавая інтэрнэт-крама з Эстоніі, кавярня з польскай Познані і клінінгавая кампанія Cleanwhale. Апошняя кампанія, адкрытая братамі Іванам і Ільёй Шыламі яшчэ ў Беларусі, пасля 2020-га пачала працаваць у Еўропе, і, мяркуючы па шматлікіх інтэрв’ю яе заснавальнікаў, вельмі паспяхова.

Узнагароду Cleanwhale ўручаў беларускі прадпрымальнік з ЗША Віталь Самсонаў, які патлумачыў, што для беларускіх фірмаў зараз надзвычай важныя дзве рэчы: выйсці на міжнародны рынак і застацца беларусамі ды захаваць нацыянальную ідэнтычнасць, каб падтрымаць беларускую справу.

Неўзабаве літара «A» ў назве Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой не будзе патрэбная, а беларусы вернуцца на радзіму і працягнуць сваю справу там, дадаў Самсонаў.

У сваёй асабістай партнёрскай намінацыі Павел Лібер абраў медыка-касметалагічны кабінет, адкрыты беларусамі ў Польшчы.

Паводле слоў віцэ-прэзідэнткі ABBA Марыны Гірын, заявак з Польшчы журы атрымала найбольш.

Чалец журы Якуб Дрождж з Інстытута эканамічнай дыпламатыі прызнаўся «Белсату», што такі сталы прырост фірмаў з беларускім капіталам — як грашовым, гэтак і людскім — стаў асабліва назірацца пасля запуску Польшчай праграмы Poland Business Harbour, спачатку прысвечанай Беларусі, а пазней і іншым краінам за ўсходняй мяжой.

«Беларусы хутка інтэгруюцца з польскім грамадствам. Яны вывучаюць правілы вядзення бізнэсу, вельмі хочуць тут працаваць і сустракаюць прыязных палякаў, якія ім дапамагаюць. Што патрэбна беларусам? Напэўна, спецыяльныя праграмы, якія будуць дапамагаць пазнаваць польскае права, сістэму падаткаў і тое, як можна хутка перанесці бізнэс у Польшчу», — кажа ён.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1