11 мая Паўла Белавуса асудзілі на 13 год калоніі. Мінскі гарадскі суд разглядаў справу ў закрытым рэжыме. Дырэктара symbal.by і арганізатара святкавання 100‑годдзя БНР абвінавацілі ў «распаўсюдзе нацыяналізму» і «здрадзе дзяржаве». 

Абвінавачанне Белавусу рыхтык такое, як у сталінскія часы: «Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі».

На волі ў Паўла засталіся жонка і двое маленькіх дзяцей. Паплечнікі Белавуса з грамадскай ініцыятывы «Годна» абвясцілі збор сродкаў на дапамогу сям’і Паўла. Менш чым за суткі (за 9 гадзін) беларусы сабралі больш за 15 тысяч еўра. 

«Ідэі і імпэт Паўла Белавуса натхнілі быць беларускімі патрыётамі ці не цэлае пакаленне. Нават чыноўнікі падхапілі ў свой час трэнд на беларускасць, які запусціў Белавус з камандай. Палітычны рэжым палічыў актыўнасць Паўла «здрадай дзяржаве», але беларусы далі свой адказ на гэты абсурд.

Так, Павел — нацыяналіст. А нацыяналізм — гэта ідэя грамадзянскай салідарнасці і адказнай працы дзеля дабрабыту ўсіх грамадзян краіны. Справа Белавуса — агульная беларуская справа»,

— каментуе кіраўніца грамадскай ініцыятывы «Годна» Аліна Герашчанка.

Збор дапамогі для сям’і Паўла Белавуса працягваецца.

Сабраная сума пойдзе на аплату адвакатам, а таксама на набыццё неабходных для жыцця рэчаў і пакрыццё бытавых выдаткаў на сям'ю Паўла. У сям’і канфіскаваныя машыны, частка бытавой тэхнікі. Уся маёмасць у доме апісаная і можа быць канфіскаваная.

Праекты, якім Белавус прысвячаў свае сілы, таксама працягваюць сваю працу. Грамадская ініцыятыва «Годна» ладзіць адукацыйныя мерапрыемствы, здымае забаўляльны і адукацыйны кантэнт. Напрыклад, да Дня роднай мовы знялі сацыяльны ролік пра любоў да беларускай мовы.

А таксама выпусцілі серыю трэвэл-блогаў пра беларускія мясціны ў свеце «Бусь Беларусь: перазагрузка». Праект «Бусь Беларусь» Павел пачынаў у 2021 годзе у краіне. 

«Годна» праводзіць даследаванні па тэме нацыянальнай ідэнтычнасці і стварае кантэнт, які натхняе беларусаў ганарыцца тым, што яны беларусы, любіць сваю краіну, мову, культуру і гісторыю, ведаць свае традыцыі.

Крама «Сымбаль.бай» адрадзіла сваю дзейнасць за мяжой у анлайн-фармаце.

Паўла Белавуса асудзілі на 13 гадоў калоніі

Клас
25
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
2