Знаходзіцца рэтрыт-цэнтр пад назвай Rapanui place у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці, у вёсцы Белая Царква. Гэты населены пункт вядомы тым, што ўлетку тут праводзіцца музычны фэст SPRAVA. Галоўная славутасць вёскі знаходзіцца на паўвостраве, акружаным Чарэйскім возерам — менавіта тут размясцілася Траецкая царква. Адлегласць ад Мінска складае 163 кіламетры.
У аб'яве паведамляецца, што праект быў запушчаны ў 2021 годзе і за мінулы час вырас ад намётавага лагера да паўнавартаснага ўладкаванага комплексу для правядзення рэтрытаў. У інстаграме комплексу можна знайсці фотасправаздачы з ёга-тэрапіі, урокаў медытацыі, дзён цішыні, курсаў па цвікастаянні і іншых папулярных цяпер практык.
На ўчастку плошчай 4 гектары размясціліся 4 дамы купальнага тыпу (у іх можна спыняцца круглы год), 10 сезонных глемпінг-шатроў, якія могуць выкарыстоўвацца ў цёплы час года, кавярня, крама цудаў (крама спадарожных тавараў), уладкаваны пірс для правядзення практык і адпачынку і грыль-зона.
Што да выгод, то ў рэтрыт-цэнтры ёсць усе неабходныя камунікацыі (электрычнасць, уласная свідравіна, ацяпленне, інтэрнэт).
Адзначаецца, што ўчастак знаходзіцца ў доўгатэрміновай арэндзе і мае юрыдычны статус аграсядзібы.
У апісанні цэнтра згадваецца шырокая база кліентаў (1000+ чалавек), раскручаная старонка ў Instagram (5,5 тысячы падпісчыкаў), выбудаваная сістэма працы для правядзення штотыднёвых рэтрытаў і здачы ў арэнду глэмпінг-шатроў, настроены маркетынг для прыцягнення кліентаў.
«Кірунак ёгі і рэтрыт-цэнтаў толькі пачынае ў поўнай меры развівацца. Але ў нас ужо цяпер атрымалася стварыць не толькі першы ёга-рэтрыт-цэнтр у Беларусі, але і звязаць разам духоўны складнік і прыбытковую бізнэс-мадэль, якая працуе», — падкрэсліваецца ў аб'яве.
Кошт гатовага бізнэсу — 350 тысяч даляраў.






а я, наіўная, думала, што духоўны складнік - то бясплатна... + табе яшчэ й пячэньку дадуць