Нёман. Фота: Wikimedia
Петыцыю на сайце Кіеўскай рады зарэгістравала ўкраінская актрыса Ада Рогаўцава.
«Вуліца Нёманская ў Пячэрскім раёне горада Кіева названая ў гонар ракі Нёман, якая працякае па Калінінградскай вобласці Расіі. Расійскія тапонімы не павінны быць ушанаваныя ў гарадской прасторы сталіцы Украіны», — гаворыцца ў апісанні петыцыі.
Таксама Рогаўцава падкрэсліла, што Кіеў павінен шанаваць герояў, якія аддалі жыццё за незалежнасць Украіны. Таму вуліцу Нёманскую, на думку актрысы, варта перайменаваць у гонар Дмытра Кацюбайлы.
Але колькі ў Нёмане расійскага?
Найбольшы адрэзак Нёмана пралягае ў Беларусі — 462 кіламетры. Тут рака і бярэ пачатак. Далей — Літва, 359 кіламетраў. Прычым у Літве рака Нёман найдаўжэйшая ў краіне. Яшчэ 17,3 кіламетра пралягае праз беларуска-літоўскую мяжу. І толькі 98,7 кіламетра прыпадае на мяжу Літвы і Калінінградскай вобласці Расіі. Пры тым, што сама Калінінградская вобласць часткова знаходзіцца на тэрыторыі так званай гістарычнай «Малой Літвы».
А што датычна самой назвы, то версій яе ўзнікнення надзвычай шмат, але дакладна можна сказаць, што яна мае балцкае паходжанне.
Сёння вуліца Нёманская знаходзіцца ў Пячэрскім раёне Кіева, пачынаецца ад бульвара Мікалая Міхноўскага і працягваецца да вуліцы Міхайла Бойчука.
Дмытро Кацюбайла загінуў пад Бахмутам 7 сакавіка. «Да Вінчы» было 27 гадоў. Ён удзельнічаў у расійска-ўкраінскай вайне з 2014 года, быў камандзірам узвода добраахвотнікаў, а затым — камандзірам роты. Атрымаў цяжкае раненне ў Пясках Данецкай вобласці, але пасля выздараўлення вярнуўся на фронт. У сакавіку 2016 года ён быў прызначаны камандзірам першай асобнай штурмавой роты «Ваўкі Да Вінчы», якая пазней стала батальёнам.





