Калісьці менавіта 6 мая сяляне ўпершыню пасля зімы ўранні выганялі кароў на выпас, а коней — на начлег. Гэты дзень таксама лічыцца святам пастухоў. А царква ўшаноўвае велікамучаніка Георгія Перамаганосца — нябеснага апекуна ўсіх воінаў.

У некаторых мясцовасцях Беларусі і дагэтуль захаваліся абрады і традыцыі на Юр’е.

Юр’еў дзень — свята пастухоў. Шмат дзе іх і зараз традыцыйна ўшаноўваюць і частуюць у гэты дзень.

Жывёле на Юр’е таксама надаюць шмат увагі. Шмат дзе выганяюць, паклаўшы перад гэтым ля парога хлява велікоднае яйка, спецыяльна для гэтага прыпасенае. Нашы продкі верылі, што тады іх каровы будуць круглымі і поўнымі. Дзесьці жывёлу злёгку пасцёбваюць асвечанымі вербнымі галінкамі, якія потым утыркаюць у сцены хлява. І гэта лічылася абаронай ад злых духаў на цэлы год.

Калі ж людзі хацелі быць наступны год здаровымі, моцнымі, поўнымі сіл, дык качаліся на Юр’е па ранішняй расе. Лічылася, што і ад сурокаў яна дапамагае. Праўда, сёлета май такі, што можна і захварэць ад такога «абярэгу».

Як апекуну ўрадлівасці, 6 мая Юр'ю таксама выносілі на палеткі каравай ды іншыя пачастункі. І не проста ішлі, а з пэўнымі абрадавымі дзеяннямі.

Напрыклад, у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна заходзяць у жыта, каб памераць караваем яго вышыню. Заходзяць праз своеасаблівую брамку, зробленую з ручніка. Яна сімвалізуе вароты, што адмыкае Юр’я.

А вось у вёсцы Іванава Слабада, што ў Лельчыцкім раёне на Юр’е ўпрыгожваюць елку і носяць яе па вёсцы.

Што датычыць народных прыкмет, то яны наступныя: «Як на Юр’я раса — хопіць коням аўса», «На Юр’я дождж — скаціне лёгкі год, а на грэчку — недарод», «Калі на Юр’я мароз, дык будуць добрыя проса і авёс», «Як дождж на Юр’я, будзе хлеб і ў дурня»…

Нагадваем, што ў годзе святкуецца два Юр’і — будзе яшчэ восеньскі.

Клас
35
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
4