Інстытут спецыяльнай вытворчасці (ці папросту завочныя суды) у Беларусі ўвялі з ліпеня 2022 года. Зроблена гэта было, каб пераследаваць палітычных апанентаў, што знаходзяцца за мяжой. Спіс артыкулаў, па якіх могуць судзіць завочна, унушальны і ўключае такія артыкулы, як акт тэрарызму, генацыд, наёмніцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый.

Найбольшыя завочныя прысуды на сёння — у рэдактараў Nexta Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка (ужо былога рэдактара праекта). Паводле дзяржаўных СМІ, іх абвінавачвалі не менш чым у 1586 злачынствах. Пуцілу інкрымінавалі 11 артыкулаў КК, Рудзіку — 10.

З палітыкаў у эміграцыі самы вялікі вырак вынеслі Паўлу Латушку — 18 гадоў. На год меней далі палітыку Валеру Цапкалу, які быў адным з прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта на выбарах у 2020-м. Сярод абвінавачанняў, якія выставілі Цапкалу, які калісьці быў кіраўніком ПВТ, — злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры.

Святлане Ціханоўскай прысудзілі завочна 15 гадоў. Яе, як і Латушку, прызналі вінаватай у змове з мэтай захопу ўлады, закліку да захопу ўлады, распальванні сацыяльнай варажнечы і стварэнні экстрэмісцкага фармавання.

Разам з Ціханоўскай і Латушкам па справе Каардынацыйнай рады праходзілі таксама былы работнік МТЗ Сяргей Дылеўскі, палітык Вольга Кавалькова і былая кіраўніца штаба Ціханоўскай Марыя Мароз. Усім тром далі па 12 гадоў.

Праз завочныя суды прайшлі стваральнікі Беларускага фонду спартовай салідарнасці — Аляксандра Герасіменя (якая пазней сышла з фонду) і Аляксандр Апейкін. Іх абвінавацілі ў тым, што яны стварылі спартовы фонд і распаўсюджвалі «загадзя лжывыя звесткі і выдумкі пра падзеі, якія адбываліся ў краіне, пра ход і вынікі выбарчай кампаніі 2020 года».

Спецыяльная вытворчасць была і па «справе ЧКБ» — тых, хто быў датычны да стварэння і адміністравання тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», дзе дэананімізавалі сілавікоў. Па справе праходзіла пяць чалавек — медыяменеджар Дзмітрый Навоша, Яніна Сазановіч, Даніла Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая. Усім ім далі па 12 гадоў.

Завочна судзілі былога пасла ў Аргенціне Уладзіміра Астапенку, які цяпер кіруе місіяй Аб'яднанага пераходнага кабінета ў Бруселі. Яго абвінавацілі ў намеры завалодаць маёмасцю ў буйным памеры, будучы службовай асобай. Астапенку завочна прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі. А пасля нечакана амніставалі на адзін год — «у сувязі з Днём народнага адзінства».

Чытайце таксама:

Раману Пратасевічу далі 8 гадоў калоніі. Але пакуль пакінулі пад хатнім арыштам

«Арыштаваная кватэра не ў маёй уласнасці». Аляксандра Герасіменя — пра завочны прысуд і маёмасць, якую хочуць адабраць

Мы атрымалі дзесяць выпадковых акаўнтаў са «зліву» ЧКБ. Ці можна вылічыць іх уладальнікаў?

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
7