Man experiencing hearing issues

Фота: Freepik.com

Некаторым здаецца, што шум чуецца ў вуху. Іншыя мяркуюць, што нешта адбываецца ў мозгу. Але ніхто не ведае дакладна.

Таму першае, што трэба зрабіць, — гэта звярнуцца да лекара.

Калі пацыенты гэта робяць, многія з іх ужо ўцягнутыя ў цыкл стрэсу: шум у вушах узмацняе стрэс, стрэс узмацняе шум у вушах, які ўзмацняе стрэс, і гэтак далей.

Таму вельмі важна, каб лекар запэўніў вас у тым, што шум у вушах не ўяўляе небяспекі для жыцця. Калі доктар прыходзіць да высновы, што гук не ёсць прыкметай ці сімптомам чагосьці больш сур'ёзнага, людзі супакойваюцца і ўжо далей могуць паспяхова справіцца са сваім шумам у вушах. Мэта ў тым, каб пацыенты дасягнулі стану, калі шум не адцягвае іх увагу на працягу дня і не перашкаджае ім спаць уначы.

Прычыны шуму — ад стрэсу да праблем з крывяноснымі сасудамі

Часта шум у вушах з’яўляецца ў выніку акустычнай траўмы — гукаў агнястрэльнай зброі, электраінструментаў, МРТ ці проста музыкі на канцэрце. Хоць у большасці выпадкаў такі шум часовы.

Іншыя фактары, якія могуць выклікаць шум у вушах ці спрыяюць яму, — гэта эмацыйны стрэс, інфекцыі насавых пазух, ліхаманка, грып, а таксама спажыванне кафеіну, нікаціну, алкаголю і такіх лекаў, як аспірын, ібупрафен і іншых нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў. Калі людзі перастаюць хварэць, перажываць стрэс або ўжываць названыя рэчывы, шум у вушах звычайна праходзіць ці, прынамсі, становіцца меншы.

Людзям, якія адчуваюць шум у вушах, таксама трэба абследаваць вушы, каб выключыць простыя прычыны кшталту назапашвання вушной серы, інфекцыі або адтуліны ў барабаннай перапонцы.

Тым жа, хто чуе ў вуху свой пульс, — дакладна варта звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Бо такі пульсуючы шум можа быць звязаны з анамаліяй у адным з крывяносных сасудаў побач з вухам. Часта гэтыя анамаліі можна вылечыць, і шум можа быць паменшаны ці нават прыбраны.

Што можа дапамагчы ад шуму ў вушах

Калі ваш шум у вушах не сімптом нейкага асноўнага захворвання, лекары раяць розныя немедыцынскія варыянты, якія могуць яго паменшыць ці замаскіраваць.

Напрыклад, гук у вушах можна заглушыць фонавым шумам: на YouTube ёсць шмат відэа, якія генеруюць спецыяльны гук і могуць такім чынам прыбраць тынітус. Ёсць таксама адпаведныя праграмы для смартфонаў. Камусьці замаскіраваць шум у вушах дапамагаюць кандыцыянеры, вентылятары, тэлевізары і радыёпрыёмнікі.

Існуюць таксама спецыяльныя прылады, якія змяшчаюцца ў вуха. Запраграмаваныя аўдыёлагам, яны выдаюць тон той жа вышыні, што і шум у вушах, і такім чынам дапамагаюць нейтралізаваць унутраны гук.

Для людзей са стратай слыху шум у вушах могуць маскіраваць звычайныя слыхавыя апараты, якія дадаюць фонавы шум, але пры гэтым дапамагаюць пацыентам чуць.

Камусьці дапамагаюць антыдэпрэсанты і заспакаяльныя прэпараты.

Яшчэ адзін падыход — кагнітыўна-паводзінная тэрапія. Яна можа дапамагчы людзям, у якіх дэпрэсія, трывога, посттраўматычнае стрэсавае расстройства, страсенне мозгу або траўмы галаўнога мозгу. У гэтым выпадку, паціху памяншаючы стрэс, людзі вучацца прыстасоўвацца і жыць з шумам у вушах, а не змагацца з ім.

Чытайце яшчэ:

Восем спосабаў палепшыць працу мозгу

«Тэкставая шыя». Шмат часу сядзіце за камп’ютарам і спіна пачынае гэта адчуваць? Падказваем, як з гэтым змагацца 

Якія абследаванні трэба праходзіць жанчыне пасля 40 гадоў

Клас
41
Панылы сорам
7
Ха-ха
11
Ого
25
Сумна
43
Абуральна
71