Пазоў у ЕСПЧ падала арганізацыя KlimaSeniorinnen («Пажылыя жанчыны за клімат»). У яе ўваходзіць больш за 2000 жыхарак Швейцарыі, чый сярэдні ўзрост — 73 гады.

У Швейцарыі клімат цяплее хутчэй, чым у сярэднім па планеце, і KlimaSeniorinnen сцвярджае, прыклаўшы да пазову медыцынскія карты жанчын, што частыя хвалі спёкі пагражаюць іх здароўю і нават жыццю. Таму арганізацыя просіць ЕСПЧ абавязаць улады Швейцарыі больш энергічна скарачаць выкіды парніковых газаў.

У Швейцарыі KlimaSeniorinnen за апошнія шэсць гадоў ужо прайграла суды ва ўсіх інстанцыях аж да Вярхоўнага суда.

Урад Швейцарыі мае намер даказваць у ЕСПЧ, што пазоў не падлягае разгляду, так як правы пазоўніц не парушаныя ў дастатковай меры, каб звяртацца ў суд. Урад не адмаўляе, што змены клімату могуць уплываць на здароўе, але, згодна з яго аргументацыяй, у гэтым пытанні нельга вылучаць уплыў клімату менавіта на здароўе пажылых жанчын.

Калі Вялікая палата ЕСПЧ у сераду вырашыць прыняць пазоў да разгляду, і тым больш калі KlimaSeniorinnen у выніку выйграе, гэта можа стаць сур'ёзным прэцэдэнтам для ўсіх 46 дзяржаў, якія прызнаюць ЕСПЧ. Абаронцы клімату атрымаюць сігнал, што на ўлады можна спрабаваць ціснуць, акрамя іншага, і па юрыдычнай лініі абароны правоў чалавека.

Змяненне клімату — павышэнне сярэдняй тэмпературы атмасферы — ужо цяпер адчувальна ўплывае на жыццё людзей і ўсёй астатняй біясферы.

Навукоўцы лічаць, што для таго, каб пазбегнуць катастрафічных наступстваў, чалавецтву трэба стрымаць павышэнне сярэдняй тэмпературы ў межах 1,5 градуса Цэльсія да 2100 года.

Калі гэтага не атрымаецца зрабіць, то, напрыклад, Еўропе, па прагнозах экспертаў ААН, пагражаюць і небывалыя залевы з вялікімі паводкамі, і хвалі задушлівай спякоты з ляснымі пажарамі.

Чытайце яшчэ:

Не зафіксавана ні аднаго выпадку, каб чалавека вылечылі: хвароба Альцгеймера

Тры метады перамагчы інфармацыйную перагрузку ў свеце, поўным рэкламы і шкоднай інфармацыі

Чаму 3000 гадоў таму чалавечы мозг быў большы

Клас
2
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0