Частыя наведвальнікі рынка ведаюць, што чым раней ты на яго прыйдзеш, тым большы выбар у цябе будзе. Але журналісты тут упершыню і прыйшлі не аб 11-й, а бліжэй да гадзіны, таму фразы «вы забіраеце апошняе» ці «ў нас ужо не засталося» ім прыйшлося чуць неаднойчы.

Тым не менш, людзей было шмат. Напрыклад, каб зайсці ў адзін з намётаў, трэба было пачакаць, пакуль адтуль выйдуць некалькі чалавек.

Усярэдзіне вялікая плынь людзей раз-пораз перасоўвалася ад адных прадаўцоў да іншых.

Сам намёт адносна невялікі па памеры і не нагадвае рынак у звыклым разуменні: цёплыя адценні ствараюць утульную атмасферу, у якой прадаўцы з усмешкай прапануюць пакаштаваць свае прадукты і распавядаюць пра іх выраб.

Ад суботы да суботы асартымент можа мяняцца, але 25 сакавіка супольнасць фермераў і энтузіястаў — менавіта так заснавальнік праекта Ксенія Вяцкая называе «Усё сваё» — прадавала свежы хлеб, сала, каўбасы, птушку, сыры і малочную прадукцыю, прысмакі і выпечку, сыраціснутае масла, агуркі і салаты, мёд і мядовыя прадукты, крафтавыя соусы, мікразеляніну, квасы і медавухі, цэпеліны, клёцкі і бліны, таматны сок, хамон, зеляніну, травяныя гарбаты, скрыпень і каву ўласнага пражання.

У кожнага прадаўца на стале можна ўбачыць асобную талерку, дошчачку з тым ці іншым прадуктам або шкляначку, напрыклад, з квасам, медавухай. Гэта зроблена для таго, каб кожны наведвальнік рынку мог спачатку пакаштаваць прапанаваную прадукцыю і толькі пасля гэтага прымаць рашэнне, ці варта яе купляць.

У рэчаіснасці ж было складаней адмовіцца ад дэгустацыі, чым прыняць рашэнне аб куплі. Варта было толькі паглядзець на чызкейк, як прадавец у тую ж хвіліну прапанаваў яго пакаштаваць.

— Не, дзякуй, мы пакуль што глядзім.

— Дык вы пакаштуйце і далей глядзіце, — адказвае нам прадавец.

Гэты рынак, хутчэй за ўсё, больш спадабаецца тым, хто хоча купляць выключна натуральныя прадукты з умоўна чыстым складам і гатовы за іх плаціць больш, чым звычайна. А людзям, якія прывыклі выбіраць прадукты ў найбліжэйшым да дому супермаркеце, магчыма, цэны пададуцца занадта высокімі.

Часты наведвальнік «Усё сваё» расказаў, чым яго прыцягвае фермерскі рынак:

«Я прыязджаю сюды прыкладна раз-два на месяц, а мая жонка не прапускае амаль ніводнай суботы, — распавёў Яўген. — Па-першае, мне падабаюцца якасныя і свежыя прадукты людзей, якія на гэтым зарабляюць.

Па-другое, я хачу падтрымліваць беларускі прадукт. Для таго, каб было нешта новае, якаснае, смачнае, патрэбная падтрымка, як сродкамі, так і словамі.

Па-трэцяе, я люблю шчырасць фермераў. Часцей за ўсё мы з жонкай купляем фермерскія яйкі, сезонныя памідоры з Піншчыны, хлеб з Old School Bakery, мёд і арэхі са згушчонкай у Наталлі, часам бяром сальцісон. Як правіла, у нас сярэдні чэк вагаецца ад 15 да 50 рублёў.

Але мне не падабаецца, што гэтае месца не заўсёды можа справіцца з той колькасцю людзей, якія наведваюць яго ў прызначаныя гадзіны з 11:00 да 15:00».

Чытайце таксама:

Пайшлі бярозавік і кляновік. Расказваем, дзе і пачым іх прадаюць лясгасы

«Колькі каштуе? Ну, колькі дасце». Якія прысмакі можна купіць «па дарозе»?

Сала — сапраўдны суперфуд. У чым карысць гэтага прадукту і колькі ён цяпер каштуе

Клас
8
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1