CNN ідэнтыфікавалі дрон як Mugin-5, які вырабляе кітайская кампанія Mugen Limited, якая базуецца ў Сямэне, што на ўсходнім узбярэжжы Кітая. Гэтыя БПЛА таксама вядомыя як «беспілотнікі Alibaba», бо іх можна купіць па кошце да 15 тысяч даляраў на кітайскіх інтэрнэт-платформах Alibaba і Taobao.

Кампанія пацвердзіла CNN, што гэта іх дрон, і назвала інцыдэнт «глыбока прыкрым».

Са слоў журналістаў, у ноч з пятніцы на суботу Служба бяспекі Украіны паведаміла ім, што ўкраінскія агенты на акупаванай тэрыторыі папярэдзілі, што адтуль быў запушчаны БПЛА. Пасля гэтага СБУ падняла па трывозе воінскія часці, якія базуюцца на ўсходзе Украіны, паблізу горада Славянск.

Каля 2 гадзін ночы байцы 111-й брыгады сіл тэрытарыяльнай абароны пачулі беспілотнік над галавой і нават убачылі, як на лятальным апараце замігала сігнальная лямпа. Вайскоўцы адкрылі агонь і збілі дрон. Са слоў байца, на якога спасылаецца СNN, беспілотнік ляцеў на вельмі нізкай вышыні.

На насавой частцы збітага апарата, па словах журналістаў, бачная адтуліна ад кулі. Украінскія вайскоўцы таксама паказалі журналістам невялікі кратар, утвораны грузам дрона — бомбай вагой прыкладна 20 кг. Байцы абясшкодзілі снарад і перадалі СNN відэа падрыву.

Выданне звярнулася ў Міністэрства абароны Расіі па каментарый па гэтым інцыдэнце, але не атрымала адказу.

Прадстаўнік Mugin Limited заявіў СNN, што кампанія «не патурае такому выкарыстанню і робіць усё магчымае, каб спыніць гэта». У заяве, апублікаванай на сайце кампаніі 2 сакавіка, Mugin Limited сьцьвярджае, што «асуджае» выкарыстанне сваёй прадукцыі падчас ваенных дзеянняў, і паведаміла, што спыніла прадаваць прадукцыю ў Расію ці Украіну з пачаткам вайны.

CNN таксама звязалася з паўтузіна іншых кампаній, чые электронныя кампаненты былі заўважаныя ў збітым БПЛА, сярод якіх ёсць тайваньскі вытворца электронных прылад MKS Servos.

Апошні пракаментаваў інцыдэнт наступным чынам: «Некаторыя вытворцы БПЛА могуць выкарыстоўваць сервапрывады MKS у сваіх гатовых прадуктах для ваеннага выкарыстання, нам гэта не падабаецца, і гэта супярэчыць місіі і бачанню нашай кампаніі».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?