39-гадовая Мая Церакулава выхоўвае траіх дзяцей. У 9-гадовай дачкі Евы — аўтызм. Дзяўчынка патрабуе навучання ў спецыялізаванай школе ці інтэграцыйным класе. Мая расказала «Свабодзе», як шукала месца для адукацыі дачкі і як ёй дапамог мэр (у Польшчы гэтая выбарная пасада называецца «прэзідэнт». — РС) Беластока Тадэвуш Трускаляскі.

«Цуд у тым, што я не знаёмая з прэзідэнтам горада, я не пісала яму, не хадзіла на прыём. Я не ведаю, як ён даведаўся пра нашу праблему, але факт у тым, што ён умяшаўся», — кажа доктарка.

Яна больш за месяц хадзіла па розных школах Беластока, шукала месца для навучання Евы. Усюды атрымала адмову, бо ані ў спецыялізаваных школах, ані ў інтэграцыйных класах не было вольных месцаў. Хадзіла лекарка, паводле яе слоў, і ў дэпартамент адукацыі.

«Хадзіла разам з Евай, бо яе ж няма на каго пакінуць. Такая, ведаеце, жанчына з сумным выглядам, з вельмі дрэннай польскай мовай просіць, каб узялі дачку вучыцца. Але адзінае, чаго мы дабіліся, што Еву маглі ўзяць на вучобу толькі з верасня ў спецыялізаваную школу, бо па заканадаўстве ў такім класе можа быць не больш за пяць вучняў. І там ужо ёсць пяць, толькі што ў верасні іх пакіне хлопчык, і Еву абяцалі ўзяць на ягонае месца», — расказала Мая. 

Жанчына хадзіла ў тым ліку і ў школу «па месцы жыхарства». Там таксама не маглі ўзяць дзяўчынку з асаблівасцямі развіцця, бо не маюць адмыслоўцаў і інтэграцыйнага класа.

«Я «азадачыла» дырэктара школы, і ён недзе хадзіў разбірацца. У выніку мне патэлефанавалі з сакратарыята спецыялізаванай школы і паведамілі, што дырэктару школы пазваніў прэзідэнт Беластока і прасіў, каб Еву ўзялі вучыцца цяпер, шостай у клас, пад ягоную персанальную адказнасць. Уявіце, гэта так прыемна і нечакана для нас! Прэзідэнт горада пагадзіўся ўзяць на сябе адказнасць за 9-гадовую дзяўчынку», — кажа доктарка.

Такім чынам Ева з 14 сакавіка пачала наведваць спецыялізаваную школу.

«Там маленькая школа, толькі восем класаў. Яна спецыяльна для дзяцей з аўтызмам. Там усё неабходнае ёсць, у тым ліку свой закрыты дворык, пакоі сэнсарнай інтэграцыі, прыязныя настаўнікі», — дадала Мая.

 Яна разам з Евай намалявала для мэра Беластока паштоўку з падзякай за ягоны клопат.

«Мы хочам паказаць, што мы сапраўды ўдзячныя яму. Зараз я змагу пайсці працаваць, пакуль Ева будзе вучыцца», — кажа Мая.

Клас
22
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0