Яго затрымалі 8 студзеня пры перасячэнні мяжы Беларусі на запыт улад Таджыкістана. Цяпер Насрыдзінаў знаходзіцца ў СІЗА ў Гродне. 21 лютага Генеральная пракуратура Беларусі прыняла рашэнне аб экстрадыцыі Насрыдзінава ў Таджыкістан. Нізамідзін Насрыдзінаў абскардзіў гэтае рашэнне ў судзе.

Насрыдзінаў з кастрычніка 2015 года жыве ў Нямеччыне. Улады ФРГ далі яму і членам яго сям'і палітычны прытулак. У 2017 годзе Насрыдзінаў на гадавым сходзе АБСЕ ў Варшаве назваўся сябрам забароненай у Таджыкістане «Групы 24». Адзін з прадстаўнікоў гэтага апазіцыйнага руху заявіў, што Насрыдзінаў не з'яўляецца сябрам «Групы 24» з 2018 года.

Паводле звестак Эніры Браніцкай, у Таджыкістане супраць Насрыдзінава распачата крымінальная справа аб публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасці або апраўданні экстрэмізму (артыкул 307(1) КК). За гэта злачынства ў Таджыкістане прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў.

«Калі распачата крымінальная справа — нам невядома, звестак пра гэта ў нас няма. Падзеі, якія інкрымінуюцца яму, апісваюцца так: з 24 верасня 2016 года да 23 кастрычніка 2016 года Насрыдзінаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы забароненых у краіне «Групы 24» і Партыі ісламскага адраджэння Таджыкістана, а ў першай палове 2017 года запісаў на відэа сваё выказванне супраць прэзідэнта і ўрада Таджыкістана», — распавяла яна.

Паводле яе слоў, пракуратура пры прыняцці рашэння не ўлічвала, што Насрыдзінаў ужо знаходзіцца пад міжнароднай абаронай у Нямеччыне, а ў Таджыкістане яму пагражаюць катаванні і несправядлівы судовы пераслед. Не было прынята пад увагу і тое, што раней сваякоў Насрыдзінава гвалтоўна вярнулі ў Таджыкістан, дзе асудзілі да вялікіх тэрмінаў пазбаўлення волі.

Насрыдзінаў абскардзіў пастанову Генпракуратуры Беларусі. Чакаецца, што ў канцы сакавіка яго заява будзе разгледжана судом Гродзенскай вобласці. Праваабаронцы выказваюць надзею, што гэтым разам судом будзе прынята пад увагу пастанова ўлад Нямеччыны аб наданні Насрыдзінаву палітычнага прытулку.

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
6