Гісторыю махлярства прыводзіць СК. Па даных следства, у сакавіку мінулага года 71-гадовая мінчанка сустрэла на вуліцы дзвюх жанчын.

Яны распавялі, што адна з іх валодае звышздольнасцямі лячэння ад сурокаў, якія якраз накладзеныя на пенсіянерку. Для збавення ад праклёну жанчыне прапанавалі правесці таямнічы рытуал. Адна з іх разбіла курынае яйка аб асфальт. У цэнтры жаўтка знаходзіліся камяні, са слоў суразмоўніцы менавіта яны і былі вінаватымі ва ўсіх нягодах пацярпелай.

Для «замацавання» праведзенага абраду жанчыны папрасілі асабістыя зберажэнні. Паверыўшы ва ўсё, што адбываецца, мінчанка перадала ім 550 рублёў. Псеўдалекарка змясціла грошы ў скрутак газеты і аддала назад пацярпелай, пры гэтым сказала не разгортваць яго некалькі дзён. Пасля жанчыны развіталіся. Ужо на наступны дзень пенсіянерка выявіла, што ў скрутку няма грошай і звярнулася ў праваахоўныя органы.

Жанчын знайшлі — гэта былі 69-гадовая ілжэлекарка і яе 60-гадовая сяброўка, абедзве — жыхаркі Мінскага раёна. Раней іх ужо судзілі за аналагічныя злачынствы. На допыце яны прызналіся, што ніякімі дарамі не валодаюць і на іх рахунку яшчэ дзве ашуканыя пенсіянеркі. Дзякуючы даверлівасці пацярпелых, ім удалося «зарабіць» больш за 28 тысяч рублёў.

Жанчын абвінавацілі па ч. ч. 2, 3 арт.209 (махлярства, здзейсненае паўторна, групай асоб у буйным памеры) Крымінальнага кодэкса. Псеўдалекарку адправілі пад варту, сяброўка — пад асабістым паручыцельствам.

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
2