Спадарожнікавы здымак аэрадрома пасля дыверсіі

Спадарожнікавы здымак аэрадрома пасля дыверсіі

Паводле «Байпола», удзельнікамі плана «Перамога» пры здзяйсненні акцыі былі выкарыстаныя два дроны вытворчасці кампаніі DJI, пераабсталяваныя ў дроны-камікадзэ саматужным спосабам.

Кожны дрон нёс зарад 200 грам выбуховага рэчыва ў трацілавым эквіваленце. У якасці паражаючага элемента выкарыстаны металічныя шары з прыкладнай колькасцю 200 шт. на кожны.

Зыходзячы з апублікаваных спадарожнікавых здымкаў можна меркаваць, што маюцца два месцы пашкоджання.

Першае — пашкоджаны ключавы элемент, трохкаардынатная радыёлакацыйная станцыя, а менавіта лакатар. Другое — відаць пашкоджанне ў раёне размяшчэння абцякальніка антэны спадарожнікавай радыёлініі ў пярэдняй частцы, паблізу насавога адсека.

Наколькі гэтыя пашкоджанні могуць быць сур'ёзныя? Калі пашкоджаны лакатар, то антэну прыйдзецца мяняць цалкам з поўнай яе разборкай і дэмантажом. А акрамя антэны лакатара пад абцякальнікам павінна яшчэ знаходзіцца антэна сістэмы распазнавання «свой-чужы».

Абсталяванне такога тыпу, сцвярджае «Байпол» — дарагі адзінкавы прадукт, які вырабляецца на аснове папярэдняй замовы.

Не варта недаацэньваць і такія фактары паражэння, як уздзеянне агню і ўдарнай хвалі, якая прыводзіць да дэфармацыі альбо зрушэння элементаў лакатара.

Сталёвыя шарыкі ў ходзе выбуху павінны былі прабіцца на даволі вялікую глыбіню ў адносна тонкую абалонку корпуса самалёта і пашкодзіць праводку ды ЗВЧ-абсталяванне — РЛС і станцыю спадарожнікавай сувязі, якія размяшчаюцца, як правіла, паблізу антэн для пазбягання вялікіх страт энергіі ў ЗВЧ-хваляводах.

Акрамя таго, пад абшыўкай борта самалёта, уздоўж корпуса цягнуцца сажгутаваныя правады. І менавіта ў такім самалёце з-за наяўнасці вялікай колькасці абсталявання кабеляў рознага тыпу і прызначэння — кіламетры. Сталёвыя паражаючыя элементы маглі не толькі разарваць драты, але разам з агнём і аплавіць іх. 

Пакуль што невядома, ці давялося тушыць пажар і якой сумессю. 

Але акурат высокая тэмпература і рэакцыя на сродкі пажаратушэння таксама маглі паслужыць прычынай змены колеру крылаў і іншых элементаў, што відаць на спадарожнікавых здымках.

Калі тушэнне рабілася, то высокая імавернасць трапляння сродкаў пажаратушэння ў разбураныя месцы, а гэта прыводзіць да акіслення ўнутранай часткі ЗВЧ-хваляводаў, пакрытых металам з высокай праводнасцю, якім з'яўляецца срэбра. Высокая энергія сігналу лакацыйных станцый у месцах карозіі выклікае прагаранне гэтага пакрыцця. У выніку гэта можа выклікаць выхад са строю самой радыёлакацыйнай сістэмы.

Аднаўленне апісаных вышэй верагодных пашкоджанняў патрабуе наяўнасці не адной рамонтнай брыгады, а калектываў спецыялістаў, якія працуюць у сваіх вузкіх напрамках.

Пры гэтым патрабуецца наяўнасць рамонтных і выпрабавальных стэндаў. Зрабіць такі рамонт магчыма толькі на плошчах прадпрыемства, якое выконвала мадэрнізацыю комплексу. 

Клас
251
Панылы сорам
13
Ха-ха
17
Ого
14
Сумна
15
Абуральна
41