1 сакавіка адзначае круглую дату адзін з найруплівейшых даследчыкаў гісторыі Беларусі.

Анатоль Сідарэвіч нарадзіўся ў 1948 годзе на хутары Доўгі Лес на Піншчыне.

У жыцці яму давялося зведаць і звальненне з працы за крытыку савецкага ладу, і сачэнне КДБ, і карную псіхіятрыю.

У 1980-я Анатоль Сідарэвіч браў актыўны ўдзел у заснаванні дэмакратычных грамадскіх рухаў — Беларускага Народнага Фронту і сацыял-дэмакратыі. Ён перакананы марксіст і шчыры вернік-уніят.

Ужо паўстагоддзя Сідарэвіч — выбітная асоба ў беларускім культурным полі. Ён пераадкрыў для нашай гісторыі братоў Луцкевічаў, выявіў і ўдакладніў безліч гістарычных звестак пра час, калі вырашаўся лёс Беларусі, — пачатак ХХ стагоддзя. Лічыць яго выданні і публікацыі — марная справа…

Ëн таксама, як педагог Гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, паўплываў на фарміраванне гістарычнай свядомасці цэлага пакалення.

У 2020-ым ён перажыў цяжкі кавід, што зафіксаваў у моцных дзённікавых нататках.

За спадара Сідарэвіча гавораць ягоныя тэксты. Вось што ён пісаў некалькі гадоў таму:

«Гісторыя вучыць: ніякія спецслужбы, войскі, ніякія праўрадавыя партыі і грамадскія аб’яднанні, ніякія агітпропы не ўратуюць уладу, калі яна не прыслухоўваецца да голасу народа, своечасова не праводзіць наспелыя рэформы. Сілай можна толькі адтэрмінаваць грамадскія пераўтварэнні, але за чэрвенем 1907 года неадменна наступае люты 1917-га.

І чым далей адкладаюцца наспелыя рэформы, тым большая рызыка, што на месца нерашучых, але высокамаральных рэвалюцыянераў прыйдуць рэвалюцыянеры рашучыя, але пазбаўленыя маральных тармазоў і абмежавальнікаў. Рэвалюцыя выклікаецца і характар рэвалюцыі вызначаецца ўладаю, якая не хоча ці баіцца пераменаў.

Не ведаю, ці згодзяцца са мною сацыёлагі, але складваецца ўражанне, што ГРАМАДСТВА перарасло УЛАДУ. Не нейкі там пласт, а грамадства ў цэлым».

«Я вегетаваў». Гісторык Анатоль Сідарэвіч перанёс цяжкую форму кавіду і дзеліцца досведам

«Сяляне сумавалі не па Польшчы, а па сваёй зямлі», — Сідарэвіч ясна і проста тлумачыць, што трэба ведаць пра 17 Верасня

Марксізм заходні і марксізм усходні: Ленін і яго рэвалюцыя насуперак Марксу

Заходні марксізм, права на паўстанне і нацыі, якія «не толькі маюць права, але і абавязаныя быць нацыянальнымі». Спадчына Энгельса

Клас
39
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1