Фота: mozd.blr / Tiktok
«ПВК Р’ёдан» ніяк не звязаная з вайсковымі кампаніямі, гэтая абрэвіятура мае хутчэй жартоўны характар. Гэта супольнасць нефармалаў і аматараў анімэ, у прыватнасці, анімэ Hunter x Hunter. Прыхільнікі «Родана» носяць штаны ў клетку, доўгія валасы, а таксама цішоткі з выявамі павукоў і лічбай 4, што і адсылае да анімэ. У Расіі яны выступаюць супраць футбольных фанатаў-ультрас, мігрантаў і выхадцаў з Каўказа.
У Расіі «ПВК Родан» ужо набыла вядомасць праз сутыкненні з футбольнымі фанатамі, хваляванні з удзелам субкультуры прайшлі і ва Украіне. У абедзвюх краінах праваахоўнікі зацікавіліся супольнасцю, і ўкраінскія сілавікі спрабуюць зразумець, ці ёсць у распаўсюджванні субкультуры расійскі след.
У Беларусі пакуль не было сутычак з удзелам «Родана», але ўжо з’явіліся прысвечаныя субкультуры паблікі. Спачатку стала вядома пра старонкі ў тэлеграме, якія каардынуюць прыхільнікаў у Гомелі і Магілёве, таксама «Родан» мае і сваю старонку для Мінска.
Гэта старонка ў тыктоку мае на момант напісання артыкула 612 падпісантаў. Мінскае «падраздзяленне» назвалі «МОЗД «Андеграунд» — расшыфроўваецца, як тлумачаць самі аўтары старонкі, як «Минское объединение здравого движения». Самае папулярнае відэа ў акаўнце выйшла ўсяго 16 гадзін таму, але ўжо мае больш за 35 тысяч праглядаў. У ім прадстаўнікі субкультуры прапануюць зладзіць сустрэчу ў раёне Каменнай Горкі і дэманструюць фота гіпермаркета Green — магчыма, гэта месца будучай сустрэчы.
Яшчэ ў акаўнце ёсць чатыры відэа, якія маюць недзе па 2-3 тысячы праглядаў, самы ранні з ролікаў з’явіўся чатыры дні таму. У адным з іх, напрыклад, сцвярджаецца, што падраздзяленне, якому належыць акаўнт, не бярэ ў палон, і дэманструюцца кадры з барцамі ў зале.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»