Музей гісторыі Брэста. Фота: БелТА

Музей гісторыі Брэста. Фота: БелТА

У музеі 1 сакавіка арганізуюць мерапрыемства, якое атрымала назву «Подзвіг ваяводы». «Упершыню будзе прадстаўленая скульптура «Берасцейскі ваявода Ціт. 1282 год», выкананая таленавітымі брэсцкімі скульптарамі Алесяй Гуршчанкавай і Паўлам Герасіменкам у 2022 годзе. Ваявода Ціт — сапраўдная гістарычная асоба, якая непасрэдна звязаная з гісторыяй Брэста XIII стагоддзя», — напісаў у сваім тэлеграм-канале старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

Пра подзвіг ваяводы Ціта вядома з Поўнага збору рускіх летапісаў. Там гаворыцца, што ў 1282 годзе на горад над Бугам напалі мазаўшане. Ворагі разрабавалі яго і забралі ў палон жыхароў. Ваявода змог сабраць людзей, каб аказаць непрыяцелю супраціўленне. «Летапісец піша, што мазаўшан было 200, нашых — 70 чалавек. Гераічна ваявода вярнуўся, адбіўшы палонных і вярнуўшы нарабаванае, — расказала Святлана Тамчук. — Наогул, пра наш горад у летапісах не так ужо шмат згадак, каля 30. Усе яны адрывістыя, лаканічныя. Летапісныя даныя — каштоўная інфармацыя, якая расказвае нам пра Брэст».

Убачыць скульптуру адважнага военачальніка наведвальнікі музея змогуць з 2 сакавіка. Дарэчы, подзвіг ваяводы Ціта ўвекавечаны ў радках на адной з пліт на помніка Тысячагоддзя Брэста.

Музей гісторыі Брэста цяпер размяшчаецца ў былым асабняку, пабудаваным у першай трэці ХХ стагоддзя. У яго калекцыях налічваецца амаль 5 тысяч прадметаў з XVII стагоддзя да сучаснасці. У мінулым годзе ў фонды паступіла каля 200 экспанатаў.

Клас
16
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1