Новыя санкцыі ўзмацняюць экспартныя абмежаванні ў дачыненні да тавараў падвойнага выкарыстання і тэхналогій. Таксама пакет уключае мэтавыя абмежавальныя меры супраць фізічных і юрыдычных асоб, якія падтрымліваюць вайну, распаўсюджваюць прапаганду або дастаўляюць беспілотнікі, якія выкарыстоўвае Расія ў вайне.
Акрамя таго, санкцыі прадугледжваюць пэўныя меры супраць распаўсюджвання расійскай дэзынфармацыі.
«Разам краіны-чальцы ЕС увялі самыя моцныя і маштабныя санкцыі за ўсю гісторыю, каб дапамагчы Украіне выйграць вайну. ЕС адзіны з Украінай і ўкраінскім народам. Мы будзем падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца», — гаворыцца ў паведамленні.
Санкцыі будуць зацверджаныя пісьмовай працэдурай у першай палове дня 25 лютага.
Еўрапейскі дыпламат расказаў агенцтву «Інтэрфакс-Украіна», што Польшча, якая выступае за ўзмацненне суровасці санкцыйнага рэжыму для Расіі, пагадзілася ўхваліць пакет па «шасці гарантаваных умовах»:
- уключэнне ў спіс санкцый людзей, адказных за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію;
- узмацненне працы над санкцыямі супраць рэжыму Лукашэнкі;
- далейшая праца над санкцыямі супраць атамнай галіны Расіі;
- прымяненне санкцый у дачыненні да расійскіх алмазаў;
- спецыяльны механізм, які кантралюе ўзровень дыверсіфікацыі імпарту сінтэтычнага каўчуку ў ЕС;
- пачатак працы па прыцягненні да адказнасці 150 расійскіх прапагандыстаў, спіс якіх прапанавала Польшча.