Аляксей Селядцоў (злева) і Сяргей Бяззубенка

Аляксей Селядцоў (злева) і Сяргей Бяззубенка

У Магілёве разгортваецца «справа ахоўнікаў і ўчастковых», у публічных базах мы знайшлі згадкі пра чатырох былых афіцэраў МУС, якіх абвінавачваюць у карупцыі. Але іх можа быць і больш.

Тры з іх праходзяць па адной справе па артыкулах 426 ч. 2 (перавышэнне ўлады), арт. 431 ч. 1 (даванне хабару), арт. 209 ч. 1, ч. 2 (махлярства). Ім пагражае да шасці гадоў турмы. 

Першы з іх — капітан Аляксей Селядцоў

Участковы Аляксей Селядцоў — сын міліцыянера, у органах з 2009-га, скончыў Беларуска-расійскі ўніверсітэт, «добры стратэг, перамоўшчык і юрыст», як пісаў рэгіянальны сайт МУС. 

З ім жа ў кампаніі ўганараваны медалём «За бездакорную службу» трэцяй ступені камандзір узвода роты міліцыі Дэпартамента аховы Ленінскага раёна Магілёва Сяргей Бяззубенка. 

Трэці ў гэтай кампаніі — Бадзілаў Сяргей Анатольевіч. Маёр міліцыі, камандзір роты міліцыі Кастрычніцкага аддзела Дэпартамента аховы Магілёва. 

Па асобнай, але вельмі падобнай справе, адначасова судзяць і іншага магілёўскага ўчастковага Максіма Саскаўца па арт. 431 ч. 2 і ч. 1 (даванне хабару), арт. 209 ч. 2 і ч. 1 (махлярства), арт. 430 ч. 2 (атрыманне хабару), і арт. 212 ч. 2 (крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі).

Год таму магілёўская міліцыя выкладала відэа, дзе пенсіянерка, седзячы ў кватэры, выказвае Саскаўцу падзяку «за чуллівае стаўленне да грамадзян і прафесіяналізм». 

У чым праштрафіліся міліцыянты?

Як стала вядома «Нашай Ніве», да турмы іх прывяла традыцыйная для лукашэнкаўскай міліцыі схема заахвочванняў.

Рэч у тым, што ў гэтай структуры прынята рабіць грашовыя падарункі кіраўнікам на святы, мерапрыемствы і гэтак далей. 

Збіраюць грошы з усяго калектыву. Былыя супрацоўнікі красамоўна апісваюць прынятыя практыкі. 

«Гэта ні для каго не сакрэт. Цяперашнія генералы таксама рэгулярна атрымлівалі грашовыя падарункі, калі служылі ў ГАУСах і ГУУСах. Дарылі і публічна, выдумлялі маскіроўкі. Няёмка ж, канечне, вось так уручаць, таму адзін раз пры мне прыдумалі такі спосаб — дорыцца мікрахвалёўка публічна. Гэта нібыта і звычайны падарунак. Але ўнутры яе клалі пакет з грашыма», — расказвае нам абазнаны афіцэр МУС. 

У выпадку магілёўскіх участковых і дэпартамента аховы, праблемы выклікаў не сам факт пабораў, а тое, што частку з сабраных грошай збіральнікі пакідалі сабе. Гэтае прысваенне і стала, па інфармацыі «Нашай Нівы», асновай крымінальнай справы. 

label.reaction.like
4
label.reaction.facepalm
29
label.reaction.smile
188
label.reaction.omg
8
label.reaction.sad
6
label.reaction.anger
14