Кастусь Шыталь. Фота: Руслан Кулевіч

Кастусь Шыталь. Фота: Руслан Кулевіч

— З’яўленне і пашырэнне інтэрнэту ўвогуле перавярнула магчымасці для краязнаўства. Цяпер можна даследаваць гісторыю, не выходзячы з дому. Хоць, канечне, вельмі часта візіты ў архівы ці ў вялікія бібліятэкі могуць штосьці даць, але трэба сказаць, што ўжо большасць таго, што там можна знайсці, можна знаходзіць дыстанцыйна.

Калі казаць пра бібліятэкі, то суседнія з Беларуссю краіны Еўрасаюза выклалі ў сеціва проста гіганцкі масіў інфармацыі — гэта перыядычныя і неперыядычныя выданні, па якіх ужо скончыўся тэрмін аўтарскіх правоў, то-бок яны ўжо могуць быць у агульным доступе. І ў гэты масіў патрапіла, прыкладам, уся прэса, якая выходзіла да 1939 года ў Польскай Рэспубліцы.

Трэба ж разумець, што да гэтай дзяржавы тады належала і Вільня, і польскія газеты, якія друкаваліся тады ў Вільні, пісалі пра Заходнюю Беларусь, і беларускія газеты, бо ў міжваенны час у Вільні пастаянна выходзіла розная беларуская прэса. Адныя выданні пачыналі выходзіць, іншыя закрываліся — хтосьці з эканамічных прычын, хтосьці з кан’юнктурных, кагосьці зачынялі польскія ўлады.

Глыбокае часоў нямецкай акупацыі падчас Другой сусветнай вайны. Фота: асабісты архіў Кастуся Шыталя

Глыбокае часоў нямецкай акупацыі падчас Другой сусветнай вайны. Фота: асабісты архіў Кастуся Шыталя

Бібліятэка Літоўскай Акадэміі навук імя Урублеўскіх выклала ўжо некалькі гадоў таму практычна ўсю міжваенную беларускую прэсу, акрамя таго, цяпер яны ўжо заканчваюць сканаванне і публікацыю польскай віленскай прэсы, а гэта штодзённыя газеты Dziennik Wileński, Kurier Wileński, Słowo, якія выходзілі па трыста з нечым нумароў на год — гіганцкі масіў інфармацыі.

Ёсць таксама некаторыя выданні, якія выходзілі ў правінцыі, напрыклад, газета вучняў Дзісненскай гімназіі Nasz Głos, якая таксама давала шмат цікавых вестак з мясцовага жыцця, з жыцця гімназіі, прадстаўляла творчасць вучняў.

— А як у краіне, дзе зараз жывяце?

— Калі казаць пра Польшчу, то там ёсць цэлы шэраг лічбавых бібліятэк, якія базуюцца пераважна на зборах вялікіх польскіх бібліятэк кшталту Biblioteka Narodowa, на зборах універсітэцкіх бібліятэк кшталту бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта. І ёсць агульная па іх пошукавая сістэма, па якой можна нейкае канкрэтнае выданне пашукаць.

Больш за палову таго, што друкавалася ў міжваенны час у межах Польскай Рэспублікі, а таксама таго, што выходзіла на польскай мове ў часы Расійскай Імперыі, там ёсць. Адзінае, ёсць праблема дрэнна рэалізаванага паўнатэкставага пошуку. Але лепш такі пошук, чым ніякага.

Горш з гэтай справай у Расіі, хаця і там пэўныя зрухі ёсць. Прыкладам, на сайце Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ёсць шмат адлічбаванага, ёсць і агульная сістэма пошуку па бібліятэках Расіі. Таксама нешта можна шукаць, хоць там гэта не так развіта.

Найгорш з гэтай справай у Беларусі. Што праўда, на сайце Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску ёсць раздзел з перыёдыкай у тым ліку міжваеннага часу, тое-сёе ёсць з заходнебеларускіх часопісаў, з часопісаў беларускіх, якія выдавала беларуская меншасць у Латвіі.

Кастусь Шыталь. Фота: Руслан Кулевіч

Кастусь Шыталь. Фота: Руслан Кулевіч

Але ў параўнанні з тым, што зрабілі ў Літве і ў Польшчы, то гэта вельмі бедна выглядае, я б нават сказаў, што гэта ганебна — бо чаму за крыніцамі па гісторыі беларускага нацыянальнага руху нам трэба звяртацца на сайты літоўскай бібліятэкі? Літва гэта зрабіла, а беларускія чыноўнікі ад культуры не зрабілі для гэтага амаль нічога.

— У чым каштоўнасць пошуку ў старых газетах ды часопісах?

— Па-першае, там друкавалася процьма карэспандэнцый з правінцыі, якія ёсць, так скажам, голасам тых людзей, якія жылі на Глыбоччыне, на Браслаўшчыне, на Вілейшчыне ў 1920-я — 30-я гады. Яны пісалі пра сваё жыццё, як жылося, з якімі цяжкасцямі сутыкаліся… І гэта крыніца як пра тое, якія падзеі адбываліся, так і пра тое, які быў на іх погляд нацыянальна свядомага вяскоўца 20-х гадоў. Што вось гэты вясковец з умоўнай вёскі недзе ў Браслаўскім павеце, які зацікавіўся беларушчынай, думаў пра тое, што адбываецца ў грамадстве і палітыцы, што яму там балела, што яго хвалявала.

Ну і ўвогуле, гэта дае магчымасць зразумець, які быў наш беларускі нацыянальны рух у правінцыі. У той жа час беларусы стваралі свае арганізацыі — палітычныя, грамадскія, культурніцкія, удзельнічалі ў выбарах, ладзілі беларускія канцэрты, пастаноўкі, выпісвалі беларускую прэсу, абураліся на пошце, калі газету часам ім не аддавалі, бо расцэньвалі як процідзяржаўную, і г. д. То-бок можна ўявіць, стварыць карціну нацыянальнага руху.

Агулам ёсць, вядома, публікацыі пра беларускі рух у міжваеннай Заходняй Беларусі, але пакуль што вельмі мала вядома пра яго на ўзроўні асобных гмін, паветаў, мястэчак і вёсак. І хоць матэрыялы гэтыя ўжо некалькі гадоў у вольным доступе, любы краязнаўца можа іх прачытаць і на аснове гэтага нейкую карціну стварыць, але не бачу актыўнай працы там нашых навукоўцаў.

А я думаю, гэта важна сёння нам, беларусам, ведаць, што вось у канкрэтных мясцовасцях, у Глыбокім, Будславе, Браславе, Лужках, Параф’янаве, людзі і сто, і дзевяноста гадоў таму пра Беларусь марылі, за Беларусь змагаліся, ідэнтыфікавалі сябе беларусамі, нешта рабілі для таго, каб гэтую беларушчыну рэалізоўваць.

Гэта адна з гістарычных крыніц. Канечне, нельга вобраз беларускага жыцця аднавіць толькі на аснове адной прэсы, ці толькі беларускай, ці толькі польскай. Але супаставіўшы розныя крыніцы, нешта ды выйдзе. Часам цікава пачытаць, як правінцыйныя карэспандэнты беларускіх і польскіх газет пра адну і тую ж падзею выказвалі свае меркаванні. Можна параўнаць факты і каментары, гэта цікава.

Паштоўка з відам Глыбокага. Фота: асабісты архіў Кастуся Шыталя

Паштоўка з відам Глыбокага. Фота: асабісты архіў Кастуся Шыталя

— У мястэчках Заходняй Беларусі было шмат яўрэйскага насельніцтва, прэса, пэўна, таксама выходзіла?

— У кожным значным горадзе былі свае яўрэйскія выданні. Праблема ў тым, што я не валодаю ідыш. У Глыбокім выходзілі дзве яўрэйскія газеты з 1932-га па 1936 год, потым аб’ядналіся ў адну. У аднаго знаёмца я часам пытаюся і прашу перакласці нешта з тых газет. Але, канечне, гэта нерэгулярная крыніца ведаў. Гэтая тэма чакае сваіх даследчыкаў — усё ёсць у архівах.

— Уражваюць вашыя пошукі і набыткі на аўкцыёнах — фотаздымкі, часопісы, газеты.

— Купляю я рэчы з дзвюма мэтамі. Першая — гэта каб здабыць тыя гістарычныя крыніцы, якіх няма ў вольным доступе. Ну, напрыклад, калі купіць на аўкцыёне фатаграфію і адсканаваць яе ў высокім разрозненні, то гэта будзе і добрая крыніца, бо на ёй можна нешта лепей разгледзець, і добры артэфакт, які з часам можна будзе выкарыстаць для ілюстравання нейкіх газетных артыкулаў, ці для стварэння фільмаў, ці для выстаў, ці для кніг, ці для музейнай экспазіцыі. Часам нешта набываю, калі бачу нейкую каштоўную рэч і хочацца, каб яна была ў беларускіх руках.

— То-бок вы перадаяце на радзіму набытыя артэфакты?

— Так, перадаю ў Глыбокае большую частку экспанатаў, што набываю. Лічу важным, каб яны знаходзіліся на радзіме і захоўваліся да лепшых часоў.

Тое цікавае, што знаходзіцца ў электронным выглядзе, адпраўляю па рассылцы краязнаўцам, настаўнікам, тым, хто цікавіцца роднай гісторыяй — там ужо хто як можа з гэтым, патроху карыстаюцца людзі. Выстаўляю ў сацсеткі нешта. Часам прыемна пабачыць вынікі.

Нядаўна вось Вольга Барышнікава родам з Германавіч рэканструявала некаторыя элементы традыцыйнай вопраткі нашага рэгіёна — намітку і світку замужняй жанчыны — паводле здымкаў Генрыка Віньчы, першага глыбоцкага краязнаўцы. Ягоныя здымкі я расшукаў у старой прэсе. І біяграфію Віньчы рэканструяваў па крупінках, бо ніхто дагэтуль ягоную біяграфію не апісваў — я сабраў, дзе што ён пісаў, дзе пра яго пісалі і згадвалі. Зараз больш-менш можна ўявіць жыццё гэтага чалавека.

— Мо калісьці і вуліца ў яго гонар у Глыбокім з’явіцца?

— Я думаю, што так. Дарэчы, я ўжо стварыў такі праект перайменавання вуліц Глыбокага. Па-першае, максімальна вярнуць гістарычныя назвы там, дзе яны дарэчныя, ну і надаць новыя назвы тым, дзе калісьці былі назвы ў гонар выключна польскіх нейкіх дзеячаў, якія да таго Глыбокага ніяк не блізкія.

У прынцыпе я лічу, што трэба ўшанаваць усіх мясцовых выбітных людзей, вярнуць іх імёны ў свядомасць. Ну, вось як той Генрык Віньча альбо Ежы Дулевіч, настаўнік і фатограф, які на мяжы 1920-х — 1930-х гадоў фатаграфаў Глыбоччыну. Можна сказаць, што тысячы людзей, чытачоў часопісаў, газет і кніжак бачылі Глыбокае менавіта па фота Дулевіча.

Ягоныя здымкі друкаваліся ў выданні Tygodnik Ilustrowany — адным з самых масавых часопісаў Польшчы, імі была аздобленая кніга Ота Гедэмана «Глыбокае. Гістарычны нарыс», якая выйшла ў 1935 годзе, яны друкаваліся ў выглядзе паштовак, шмат іх і па прыватных альбомах.

Дык вось нядаўна ўдалося натрапіць у Варшаве ў антыкварыяце на адзін такі збор арыгінальных фотаздымкаў аўтарства Ежы Дулевіча. Канечне, каштуе гэта шалёных грошай — па 300 злотых (амаль 65 еўра) за фотаздымак, але ўсё ж такі шэсць фотаздымкаў з гэтага збору я набыў — каб яны былі ў Глыбокім.

— Гэта пра рэдкасць ад вядомага фотамайстра, а кошт, скажам так, звычайных аматарскіх здымкаў?

— Большасць такіх здымкаў не каштуе больш за 10 еўра.

— Усё роўна ж такі пошук і набыццё вымагае матэрыяльных сродкаў…

— Самая дарагая рэч, якую даводзілася набываць, гэта альбом фотаздымкаў нямецкага лётчыка Першай сусветнай вайны — 650 еўра. Што праўда, не адзін я аплачваў, у складчыну набывалі.

Што датычыць грошай… Ведаеце, насамрэч вельмі шмат людзей, гатовых на добрую справу ахвяраваць. Пачынаючы з 2015 года, калі я стаў набываць на аўкцыёнах першыя здымкі і паштоўкі, калі яшчэ краўдфандынг толькі-толькі станавіўся папулярным у Беларусі, удавалася мне сярод знаёмых гэтыя грошы збіраць.

Цяпер часам некаторыя прыватныя асобы нядрэнныя ахвяраванні робяць, дзякуючы якім можна і колькі здымкаў па 300 злотых кожны купляць. Канечне, укладаю і сваё нешта, але, улічваючы, што не працую стала з-за праблем са здароўем, гэта невялікі ўнёсак.

Цяпер вырашыў нарэшце завесці Патрэон, на які можна падпісацца, калі хто хоча 10, ці 20, ці 50 злотых на месяц ахвяроўваць на краязнаўчыя набыткі. Буду ўдзячны, больш падпісчыкаў — больш магчымасцяў.

— Ведаю, што Вы знаходзіце і такія малацікавыя, на першы погляд, рэчы кшталту планаў маёнткаў, сядзібаў і г. д. Гэта таксама замежныя архівы?

— Нармальная праца даследчыка архіваў — гэта нагамі ісці ў тыя фонды і сядзець там. Але ўлічваючы нашу лічбавую эпоху, некаторыя рэчы робяцца больш простымі. Напрыклад, у Польшчы дзейнічае сэрвіс пошуку ў архівах краіны, дзе алічбаваныя фонды і вопісы, прычым добра працуе па іх пошук. Таксама яны працягваюць алічбоўку архіўных матэрыялаў і выкладаюць іх у вольны доступ.

Напрыклад, Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве апублікаваў некалькі тысяч старонак дакументаў з архіва Радзівілаў, у тым ліку па маёнтку ў Глыбокім уключна з інвентарамі і іншымі дакументамі, пачынаючы ад XVI стагоддзя. І трэба толькі час і жаданне гэта ўсё перагледзець і перачытаць.

Па некаторых населеных пунктах удалося ўжо ўдакладніць даты першых згадак, нейкія згадкі мясцовых тапонімаў, ці яшчэ розныя цікавыя факты з мясцовай гісторыі ўдаецца знайсці. Скажу, што толькі-толькі ў гэтыя радзівілаўскія архівы ўлез, але ўжо знайшоў дакладную дату будаўніцтва сядзібна-паркавага комплексу ў Сітцах, млына ў Шарабаях, сядзібнага дома ў Глыбокім.

У Літве архіўны пошук толькі да ўзроўню назваў фондаў працуе, пошукавая сістэма там нязручная, але тым не менш самі вопісы алічбаваныя і іх можна спампаваць. Далей залежыць ад характару крыніцы. Калі гэта справа з перапіскай і вялікай колькасцю лістоў, то на сканаванне яе не хопіць аніякіх грошай. Лепей проста прыйсці ў архіў і пагартаць яе. Калі ж там у справе ёсць нейкі план маёнтка, фотаздымак, то можна проста напісаць у архіў і замовіць скан. Маю такі досвед і з Варшавай, і з Вільняй. Даволі хутка ўсе замовы выконваюцца, кошты невялікія, у Літве, напрыклад, паўтара еўра за старонку.

Ёсць цікавы «амерыканскі» досвед. У 1945 годзе амерыканцы захапілі зборы аэрафотаздымкаў нямецкай выведкі. Гэтыя здымкі былі вывезеныя, за часамі халоднай вайны былі апрацаваныя, класіфікаваныя, засакрэчаныя доўгі час. Цяпер грыф сакрэтнасці з іх зняты, можна сканы гэтых здымкаў таксама замаўляць праз адмысловых пасярэднікаў, якія ў ЗША займаюцца гэтым — абыходзіцца прыкладна ў 15 еўра за здымак.

Удалося здабыць аэрафотаздымкі Глыбокага, Докшыц, Шаркаўшчыны, іншых мястэчак рэгіёна ў вельмі добрай якасці. Можна разгледзець забудову, зразумець узровень разбурэнняў падчас вайны, асабліва падчас адступлення немцаў — шмат драўлянай забудовы было выпалена, нават не ўяўляў раней маштаб разбурэнняў. Адзін знаёмы накладае гэтыя здымкі на Google Maps, ёсць адмысловы сайт у яго, дзе можна ўжо зараз паглядзець вынікі.

— Што далей? Можа нейкая кніга, ці зборнік артыкулаў, ці працяг пошукаў?

— Буду працягваць працу збіральніка і даследчыка. Ніколі такога не здарыцца, што можна будзе сказаць: мы ўсё знайшлі. Заўсёды нейкія дэталі цікавыя з гісторыі адкрывацца будуць. Здаецца, што ўсё ўжо ведаеш пра свой рэгіён, але, аказваецца, далёка не ўсё, пастаянна нейкія цікавыя адкрыцці чакаюць. Цікавыя знаходкі здараюцца — і дзесьці яшчэ чакаюць даследчыка. Ёсць праца і ў архівах, і на аўкцыёнах, і ў бібліятэках.

Клас
33
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
5