Сёння Андрэй Хадановіч расказвае:

  • калі адбылося другое нараджэнне забітага Дон Жуана;

  • які выхадзец з Беларусі напісаў сваю версію «Дон Жуана»;

  • чым Мальер падобны да савецкіх творцаў;

  • у чым глыбокі філасофскі сэнс «Дон Жуана» і пры чым тут Беларусь;

  • чуткі і легенды пра Жан-Батыста Мальера — дзе тут праўда;

  • чаму Дон Жуан параўноўваў сябе з Аляксандрам Македонскім;

  • хто быў прататыпам галоўных герояў п'есы Мальера;

  • як Хадановіч зрабіў беларускі пераклад «Дон Жуана» для Купалаўцаў і чаму не ўсё атрымалася.

Вось некалькі думак з відэа.

Размова вядзецца не столькі пра каханне, колькі пра неабмежаваную ўладу. Дон Жуан невыпадкова згадвае пра Аляксандра Македонскага з яго ваеннымі амбіцыямі. Ён сам сабе Аляксандр Македонскі ў каханні. Ці ставіцца герой з павагай да жанчыны як асобы? Пытанне рытарычнае. Зразумела, не. Ці цэніць ён жаночую прыгажосць? Настолькі, наколькі можа ёй скарыстацца!

Відавочна, Мальер сябе шмат у чым атаясамліваў са Сганарэлем. Ён працуе з персанажам у межах магчымасцяў сказаць уладару: «Ты не маеш рацыі». А Дон Жуан надта нагадвае Людовіка ХIV, які пыхліва казаў, што «Дзяржава — гэта Мы», які валадарыў столькі гадоў, што беларусу застаецца толькі да болю закусіць губу. Ён перажыў свайго сына і ўнука і пакінуў толькі малалетняга праўнука пасля сябе. Кароль, які правіў так, што злыя языкі жартавалі: гэта доўжылася столькі, што ў канцы ўсе забылі тое, што было спачатку. Вось жа, крытыкаваць такога можна толькі адзін раз, далей цябе пакараюць. Але Мальер не выбіраў час свайго нараджэння і ўмовы, у якіх пісаў. Ён карыстаўся тым акном магчымасцяў, якое яму далося. Мальер працаваў з уладай, уплываў на ўладу і спрабаваў яе выхоўваць.

Усе, здаецца, задаволеныя, што грэшнік пакараны, але ж Сганарэлю не заплацілі. Варта задумацца ўсім тым, хто рукамі і зубамі трымаецца за ўладу, незалежна ад таго, хто яны: чыноўнікі вертыкалі, людзі, якія фальсіфікуюць выбары, ці сілавікі, якія павязаныя крывёй са сваімі замоўшчыкамі. Памятайце, злачынца будзе пакараны, а вы застаняцеся без платы ад яго, але з расплатай, якая прыйдзе зусім з іншага боку.

Гісторыя Мальера і яго «Дон Жуана» вучыць, што ў самыя цёмныя часы ў чалавека застаецца тэрыторыя для таго, каб ствараць сваё і быць сабой, таму працягваем, як бы ні было цяжка, асабліва беларусам у Беларусі, развівацца культурна і рабіць свой унёсак у агульную перамогу.

Глядзім разам новае відэа Андрэя Хадановіча пра Дон Жуана, ставім падабайкі, каментуем і дзелімся з сябрамі і сяброўкамі.

Глядзіце таксама:

Андрэю Хадановічу — 50! Паэзія, якая заўжды дае надзею. Новае ВІДЭА на ягоным аўтарскім ютуб-канале

Сяргей Пясецкі: літаратурны геній і кантрабандыст на мяжы падзеленай Беларусі. Новае ВІДЭА на канале Андрэя Хадановіча

У паэзіі жаночы твар: ТОП-5 найлепшых кніг сучасных беларускіх паэтак. Новае ВІДЭА на канале Андрэя Хадановіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0