Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Каманда навукоўцаў з Універсітэта Карнегі — Мелана распрацавала новы метад для выяўлення трохмернай формы і руху чалавечых цел, выкарыстоўваючы толькі WiFi-роўтары. Адпаведнае даследаванне было апублікавана 31 снежня мінулага года на сайце архіва Карнельскага ўніверсітэта.

Пры распрацоўцы гэтага метаду навукоўцы выкарыстоўвалі DensePose — сістэму для адлюстравання ўсіх пікселяў на паверхні чалавечага цела па фатаграфіях. Затым у ход пайшла наваствораная нейрасетка, здольная супастаўляць сігналы WiFi-роўтара з каардынатамі чалавека.

У выніку атрымалася стварыць новую сістэму сачэння, якая выключна пры дапамозе WiFi можа адлюстроўваць адразу некалькіх чалавек у фармаце сапраўдных трохмерных выяў. Аднак такі спосаб назірання цяпер працуе толькі мінімум з двума роўтарамі ў маленькіх замкнёных памяшканнях.

Камп'ютарнае бачанне і распазнаванне выяў пры дапамозе Wifi разам з праграмай DensePose. Фота: візуальны прыклад з даследавання Універсітэта Карнегі — Мелана, arxiv.org/abs/2301.00250

Камп'ютарнае бачанне і распазнаванне выяў пры дапамозе Wifi разам з праграмай DensePose. Фота: візуальны прыклад з даследавання Універсітэта Карнегі — Мелана, arxiv.org/abs/2301.00250

«Выкарыстанне WiFi дазваляе пазбегнуць негатыўных фактараў дрэннага асвятлення і зацянення, з якімі сутыкаюцца звычайныя камеры. Гэта пракладае шлях да недарагіх і шырока распаўсюджаных алгарытмаў распазнавання чалавека», — адзначаюць навукоўцы.

Разам з гэтым яны заяўляюць, што такая тэхналогія адначасова прызначаная для «абароны прыватнасці людзей», і прыводзяць наступныя ​​аргументы:

«Напрыклад, большасць людзей няёмка адчувае сябе, калі камеры запісваюць іх ва ўласных дамах, а ў некаторых месцах (напрыклад, у ванным пакоі) устаноўка камер увогуле недапушчальная. Гэта стаўленне асабліва крытычнае ў галіне аховы здароўя, якая ўсё больш пераходзіць з клінік у дамы, дзе за людзьмі назіраюць з дапамогай камер і іншых датчыкаў. Важна абысці гэты недавер да сачэння, каб лепш дапамагчы ўразлівым групам насельніцтва».

«Фактычна, большасць дамоў у развітых краінах ужо мае WiFi, і гэтую тэхналогію можна распаўсюджваць для маніторынгу дабрабыту пажылых людзей або выяўлення падазроных паводзін дома», — прыводзяць у якасці доказаў навукоўцы.

Пры гэтым яны не ўдакладняюць, што падпадае пад паняцце «падазроныя паводзіны» і што будзе, калі гэтая распрацоўка трапіць не ў тыя рукі.

Чытайце яшчэ:

«Як табе такое, Ілан Маск?»: у сістэмы Starlink хутка з'явіцца новы канкурэнт 

Важна ведаць. Якім чынам рэпрэсіўныя органы дастаюць ужо выдаленую інфармацыю з Telegram і што можна з гэтым зрабіць? 

У Google Maps можна схаваць часткі вашага дома, якія вы не хочаце, каб бачылі чужыя — вось як гэта зрабіць

Клас
5
Панылы сорам
27
Ха-ха
7
Ого
17
Сумна
2
Абуральна
50