«У лютым у нас запланаваная «Вялікая размова». Яна, як звычайна, пройдзе ў шырокім складзе. Мы запрашаем нашых журналістаў, блогераў, грамадскіх дзеячаў, да максімальна шчырай размовы ў жывым эфіры. […] Нам вельмі важна было пасля няпростага, але някепскага 2022 года даць магчымасць журналістам разам з [Лукашэнкам] падвесці яго вынікі […] [Лукашэнка] будзе максімальна адкрыты і адкажа на ўсе пытанні журналістаў», — цытавала БелТА Наталлю Эйсмант напачатку лютага. 

Сродкі масавай прапаганды распачалі падрыхтоўку да асвятлення мерапрыемства, а па ўсёй краіне пачалі адбор «ябацек» для камандзіроўкі ў сталіцу. 

Але, нешта пайшло не так. 

«Трапіць на гэтую размову выглядае прэстыжным у каштоўнасцях сістэмы. Ад нашага выканкама меўся ехаць заўважны «ябацька». Але «размову» адмянілі. Чаму — не ведаю», — сказаў «Нашай Ніве» чыноўнік аднаго з аблвыканкамаў. 

Тую ж інфармацыю пацвярдзіў супрацоўнік аднаго са СМІ. 

«Сапраўды, адмянілі. Чаму не ведаю. У нас у працоўным графіку на люты было, а потым не стала. На ўзроўні размоў тлумачаць, што ў Лукашэнкі змяніўся графік. Афіцыйнага тлумачэння не ведаю», — сказаў гэты чалавек «Нашай Ніве». 

Наталля Эйсмант пакуль ніяк не паведамляла пра адмену лукашэнкаўскага стэндапа. 

Папярэдні раз «Вялікая размова з прэзідэнтам» адбылася 9 жніўня 2021 года. На тую размову незалежныя СМІ ўжо не запрашалі, але прысутнічалі замежныя журналісты, і ўвесь сцэнар быў пабудаваны на «адлупе» ім як з боку Аляксандра Лукашэнкі, так і з боку прапагандыстаў, сярод якіх былі, у прыватнасці, Рыгор Азаронак і Ксенія Лебедзева. Тая прэс-канферэнцыя доўжылася 8 гадзін, што мела на мэце паказаць фізічную і інтэлектуальную форму Лукашэнкі праз год пасля паразы 2020 года.

Сёння расійскія СМІ паведамілі, што 17 лютага можа адбыцца чарговая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
38
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
5