Фота: Monika Ney

Фота: Monika Ney

«На тое, каб пабудаваць нармальную краіну, пойдзе ўсё наша жыццё»

«Наша Ніва»: Чаму пра вас даўно не было чуваць?

Vinsent: Напэўна таму, што я даўно нічога не выдаваў, не канцэртаваў. Хоць я пішу новыя песні, проста пакуль што не выдаю. Усе тыя падзеі, што адбываюцца ў свеце, займалі шмат увагі. Быў і такі момант, што нічога не пісалася, але цяпер усё паціху вяртаецца. У гэтым годзе нейкія сінглы ў мяне дакладна выйдуць. Дарэчы, новыя працы будуць моцна адрознівацца ад таго, што я рабіў раней, таму не здзіўляйцеся, калі што (смяецца).

Пра што цяпер пішу? Пра жыццё, пра Беларусь і пачуцці. Песні лепш слухаць, чым пра іх расказваць. А так займаюся аўдыяпрадакшнам: пішу біты на Захад, займаюся агучваннем кінастужак, пішу джынглы для тэле- і радыёперадач.

«НН»: Калі вы апошні раз былі ў Беларусі?

V: Апошні раз у 2020 годзе, з таго часу там не быў. Ведаю пра створаную камісію па вяртанні, але ёй нельга верыць. Такое мы ўжо праходзілі, калі ў 20—30-х гадах інтэлігенцыя вярнулася, рэжым іх закатаваў. Мінула сто гадоў, але нічога не змянілася.

Увогуле ўсё дакладна і даўно апісана ў эсэ Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам», там усе адказы на пытанні. Вось і зараз некаторыя мае сябры рызыкуюць атрымаць ад рэжыму па 15 гадоў.

«НН»: Хто з вашых блізкіх цяпер у такім стане?

V: Гэта Паша Белавус, які быў маім менеджарам. Чалавек, які зрабіў для беларускай культуры больш, чым усё Міністэрства культуры, цяпер абвешчаны ворагам народа. Нядаўна затрымалі маю сяброўку Сашу Захарык, спявачку, з якой у нас нават ёсць супольная песня. Саша — адна з найлепшых вакалістак Беларусі, у нармальных дзяржавах такія дзяўчаты спяваюць у шыкоўных залах і ў прыгожых сукенках, а ў нас знаходзяцца на Акрэсціна, прабачце, без пракладак.

«НН»: Што адчулі, калі даведаліся пра тое, што Паўлу Белавусу пагражае 15-гадовае зняволенне і яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве?

V: Нічога не адчуў, не звяртаю ўвагі на гэтыя артыкулы. Ведаю, што яны столькі сядзець не будуць. Што да фармулёўкі абвінавачвання, то яна для мяне відавочная: мы цяпер знаходзімся пад неймаверным расійскім прыгнётам, і рэжым Лукашэнкі — гэта марыянеткавы рэжым Расіі. Як Расія стагоддзямі душыла нашых патрыётаў, так гэта працягваецца і цяпер.

Звяртае на сябе ўвагу прысуд Паўлу Белавусу: «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы». Узнікае пытанне: а якая ў вас Радзіма, манкурты? Таму што Павел дакладна працаваў для Беларусі.

«НН»: Вы самі плануеце вярнуцца ў Беларусь?

V: Канешне. Ёсць неафіты, якія толькі ў 2020 годзе зразумелі, што да чаго, але я ўсё зразумеў, яшчэ калі хадзіў у школу, калі ў мяне з’явіўся першы камп’ютар і доступ у інтэрнэт. Тыя 2—3 гады, што прайшлі з апошніх выбараў, для мяне нішто, я разглядаю змаганне за Беларусь у доўгатэрміновай перспектыве. Думаю, на тое, каб пабудаваць нармальную краіну, пойдзе ўсё наша жыццё.

Сэнс не ў тым, каб скінуць Лукашэнку, гэта задача, якая на паверхні. Каб пабудаваць нармальную дзяржаву, трэба памяняць людзей, памяняць іх мысленне, каб яны пачалі шанаваць самі сябе, свае карані, каб ажыла беларуская мова, каб людзі ведалі, што такое гісторыя і адкуль яны бяруцца. Гэтае змаганне за мысленне людзей — справа не 2—3 гадоў, а дзесяцігоддзяў.

Дзе б мы ні былі, на гэты момант нам трэба канцэнтравацца на тым, каб захаваць сваю культуру, і тыя, хто знаходзіцца ў эміграцыі, маюць для гэтага больш магчымасцяў, чым тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі. А ў Беларусі людзі цяпер вымушаныя хаваць сваю беларускасць. Тым не менш усё больш маладых людзей прыходзіць да беларушчыны. Гэтага не знішчыць, таму што гэта ў сэрцах і нашых каранях.

«Падарыў свайму дэрматолагу флэшку з песнямі «Старога Ольсы»

«НН»: Вы некалі казалі, што данаціце абаронцам Украіны. 

V: Перамога Украіны — гэта зараз стратэгічная задача. Як бы мы ні ставіліся да таго, што некаторыя ўкраінцы ігнаруюць беларусаў і наш удзел, напрыклад, у паўстанні Каліноўскага, трэба разумець, што Украіна павінна перамагчы. Невядома, якой будзе гэтая перамога і наколькі яна магчымая ў кароткатэрміновай перспектыве, але я думаю, што Украіна ў цэлым здольная перамагчы. Мы павінны яе падтрымліваць усімі шляхамі, бо на сёння Украіна — наш сітуацыйны саюзнік. І ўвогуле, проста на чалавечым узроўні, у мяне шмат сяброў-украінцаў, я з імі падтрымліваю адносіны, мне іх шкада. Шкада, што знішчаецца такая прыгожая краіна, гінуць людзі.

Фота: Monika Ney

Фота: Monika Ney

Калі ж украінская ўлада дазваляе сабе сумнеўныя выказванні наконт ролі беларусаў у паўстанні Каліноўскага, то трэба выказваць рашучы пратэст, але пры гэтым глядзець у глыбіню. Пакуль мы самі сябе не пачнём шанаваць, не пачнём размаўляць на беларускай мове і ведаць нашу гісторыю, нічога не будзе.

Вы разумееце, чаму іншыя народы на нас плююць? Прэзідэнт і чыноўнікі — гэта толькі вяршыня айсберга, усё пачынаецца з камунікацыі паміж людзьмі. Калі тыя ж украінцы сустракаюць беларусаў за мяжой і гэтыя беларусы не размаўляюць на роднай мове, не ведаюць, хто яны такія, калі яны самі сабе не шануюць, хто іх будзе шанаваць?

Калі кожны з нас пачне паважаць сябе, нас будуць паважаць і на ўзроўні народа, і на ўзроўні прэзідэнта.

«НН»: Вайна ва Украіне мае культурніцкі кампанент?

V: У Расіі ж заўсёды была такая ідэалогія: што не зробіць расійскі штык, зробіць расійская школа і расійскі поп. Выражаецца гэта ў тым, каб навязаць сваю музыку і культуру, фільмы, серыялы і гэтак далей. Праз гэтыя прадукты яны прасоўваюць сваю шавіністычную прапаганду. Канешне, гэта элемент барацьбы, і Украіна цяпер вельмі годна бароніцца.

Некаторыя ўкраінцы накшталт Макса Барскіх, Патапа і Насты цяпер пераабуліся, пачалі спяваць і гутарыць па-ўкраінску. Але чаму яны раней лезлі працаваць у Маскву, на расійскі рынак? Можа, і не было б гэтай вайны, калі б яны гэтага не рабілі? Можа, і беларусы не цярпелі б так, як церпяць, калі б калабаранты накшталт [Алега] ЛСП вялі сябе інакш? Ён жа паехаў спяваць у Расію!

Шмат украінскіх артыстаў таксама ездзіла ў Маскву на паклон, а цяпер спявае па-ўкраінску. Але хаця б так, да некаторых жа не дайшло нават пасля пачатку вайны. Усе гэтыя артысты, якія ездзілі ў Маскву, самі і стваралі гэты «рускі свет» і ў выніку далі адну з падстаў, каб Расія да іх прыйшла з вайной.

Важна таксама адзначыць, што я не русафоб, мяне расійская культура ўвогуле асабліва не цікавіць, гэта іх справа. Але я не жадаю, каб беларуская культура ў Беларусі была пад прыгнётам расійскай.

Сэнс у тым, каб нашы людзі зразумелі, хто яны. Тады ў міжлюдскай камунікацыі з іншаземцамі іншыя народы будуць пра гэта даведвацца і перастануць нас прыпісваць да «рускага» ці нейкага яшчэ «свету». Калі народ моцны і ў яго моцны падмурак, то ніхто яму нічога не прыпісвае, і імавернасць таго, што хтосьці будзе замахвацца на іх землі, будзе меншая.

«НН»: Беларуская музыка павінна быць беларускамоўнай?

V: Для мяне беларуская музыка — гэта толькі беларускамоўная музыка, калі мы кажам пра песенны жанр. А калі беларусы пішуць песні па-руску, гэта не беларуская музыка.

Нам цяпер можа здавацца, маўляў, гэта ж спявак з Салігорска, ну і што, што ён спявае па-руску. Але праз 50 гадоў ніхто не будзе думаць, з Салігорска ён ці не, зроблена па-руску — значыць, расійскае.

«НН»: Калі беларусы спяваюць па-руску, яны належаць да «рускага свету»?

V: Канешне. Гэта падкрэслівае ўсе іх наратывы: маўляў, яны ж спяваюць па-руску, а чым яны адрозніваюцца ад нас? Нічым.

«НН»: Ёсць беларускія выканаўцы, якіх вы цяпер гатовыя слухаць?

V: У нас шмат вельмі добрых музыкаў, і цяжка некага вылучыць. Нават многія замежнікі слухаюць беларускую традыцыйную музыку тыпу «Старога Ольсы» і «Тройцы». Я падарыў свайму дэрматолагу флэшку з песнямі «Старога Ольсы», ён быў неверагодна шчаслівы.

Мне дужа падабаецца, як Shuma робіць старыя песні ў новым гучанні, гэта вельмі якасны прадукт. Хочацца, каб яны яшчэ выпусцілі новыя альбомы. Вельмі цешаць поспехі Лявона Вольскага, ён актыўна канцэртуе, гэта файна.

«НН»: У якім стане цяпер ваш жанр, беларускі рэп?

V: Як і звычайна, у ім дзеецца няшмат, але нейкія рэлізы з’яўляюцца. Цяпер, калі ў Беларусі ўся культура зачышчаная і застаецца працаваць толькі ў эміграцыі, гэта таксама не спрыяе развіццю жанру.

Але ёсць выканаўцы, якіх можна паслухаць. Не буду пералічваць усіх, але мне, напрыклад, вельмі падабаецца рэпер Gleboki Smak, ён робіць вельмі стыльныя рэчы. З новага моднага саўнда можна адзначыць рэпера Bayski. А калі хочаце больш олдскульнага гучання, раю Belaroots.

«Трэба выкарыстоўваць эміграцыю як шанец»

«НН»: Наша культура выцесненая за мяжу. Гэта безумоўная бяда ці з гэтага можа вырасці нешта файнае?

V: Гэта проста новы гістарычны этап. А калі мы ў Беларусі адчувалі сябе свабодна? Кожны мой беларускі канцэрт быў пад пагрозай зрыву, вечна кадэбэшнікі прэсавалі клубы, пад канец увогуле канцэрты сталі забараняць.

Мяне ж сталі забараняць раней за 2020 год, яшчэ ў 2012-м, калі выйшаў фільм «Жыве Беларусь» (Vinsent сыграў у ім галоўную ролю. — НН). Краіна зачышчаная пасля Плошчы-2010, усе маўчаць, і тут выходзіць фільм з такой назвай — гэта проста ўдар у морду гэтаму рэжыму. Так як я быў тварам фільма, на мяне і накінуліся гэтыя сабакі. Іншыя акцёры таксама пацярпелі.

Такім чынам, тое, што цяпер людзі перажываюць тысячамі эміграцыю і развітанне з Радзімай, я перажыў даўно. Усё гэта — і выпрабаванне, і шанец, думаю, у перспектыве гэта дасць нам плён.

Фота: Monika Ney

Фота: Monika Ney

Беларусы — вельмі развіты народ, маю на ўвазе патрыётаў, незалежную частку грамадства. Тыя музыкі, якія выехалі, граюць канцэрты, знаходзяць сваю публіку, арганізуюцца за мяжой, а гэта ж не так проста. Таксама і нашы незалежныя журналісты: ніводная рэдакцыя, якая трапіла пад рэпрэсіі, не знікла, усе неяк працуюць. Гэта сведчыць пра тое, што ў нас моцны інтэлектуальны патэнцыял і мы можам самаарганізоўвацца. А бэтэшнікам пакуль не скажуць, што рабіць, яны будуць стаяць, як тыя бараны пад брамай.

Нашым музыкам трэба выкарыстаць гэты шанс, супрацоўнічаць паміж сабой і з замежнікамі. Пакуль у нас такая гістарычная сітуацыя, мы павінны нарошчваць кантакты, каб потым іх захаваць. У ірландцаў таксама была вельмі сур’ёзная дыяспара, і цяпер у кожным горадзе свету ведаюць, што такое ірландскі паб і Дзень святога Патрыка, гэта разышлося па свеце дзякуючы ірландскай эміграцыі. Таму трэба рабіць сваё і выкарыстоўваць эміграцыю як шанец.

Я ўвогуле маю пазітыўны падыход да жыцця, не бачу сэнсу ў тым, каб сядзець і плакаць, маўляў, Божа, якія мы бедныя. Пачуцці прыходзяць, і не трэба іх тармазіць, але негатыў не стварае нічога новага. Думаю, што ўсё будзе добра, і бачу, што тыя, хто актыўна граў у Беларусі, граюць і тут.

«НН»: Падзеі апошніх гадоў у свеце не прымусілі пахіснуцца ваш пазітыўны погляд на жыццё?

V: Канешне, у мяне бывае вельмі розны настрой, часам вельмі сумны, але я стараюся канцэнтравацца на пазітыўных рэчах. Кожны дзень думаю пра Беларусь і пра вяртанне. Калі мы вернемся, гэта ж не значыць, што мы будзем сядзець у Беларусі 20 гадоў запар і нікуды не выязджаць.

У кожнага чалавека павінна быць Радзіма, свая зямля і свой дом, у які ён можа заўсёды прыехаць. Калі мы вернемся ў Беларусь, хтосьці потым зноў з’едзе. Палякі, літоўцы, латвійцы шмат працуюць у іншых краінах, але яны заўсёды могуць прыехаць у свой дом, і размова менавіта пра такую магчымасць для нас. Калі чалавек ведае, што ён можа вярнуцца ў свой дом, то ён становіцца моцным.

Нельга спыніць змаганне, пакуль мы не будзем мець магчымасці вяртацца ў свой дом і не баяцца, што нас схопяць на мяжы. Я гэтую сітуацыю даўно ведаю: так як я даўно супраць рэжыму, калі я пераходзіў беларускую мяжу, то ніколі не ведаў, ці мяне на ёй не схопяць. Атрымліваецца, для мяне нічога не змянілася.

На гэтую сітуацыю трэба глядзець інакш, як на гістарычны шанец, які цяпер ёсць у беларусаў. Нам зараз трэба збіраць сілы, захаваць сваё ў эміграцыі і па магчымасці ў Беларусі. Цяпер мы не можам вярнуцца, але, калі мы будзем мацнейшыя і калі будзе спрыяльная гістарычная сітуацыя, тады мы вернемся. Інакш быць не можа, гэтая цемра не будзе вечнай.

«Не гляджу на новую Беларусь у ружовых акулярах»

«НН»: Вы вучыліся на журфаку з палітзняволеным галоўрэдам «Нашай Нівы» Ягорам Марціновічам.

V: Так, і нават гуляў у адной з ім футбольнай камандзе журфака, мы з Ягорам былі ў атацы, у абароне быў Мікіта Мелказёраў, ён быў найлепшым футбалістам у камандзе. Гуляў таксама і [прапагандыст] Ігар Тур. Але каманда ў нас была слабая, бо на журфаку было мала хлопцаў, і мы забівалі вельмі мала галоў. Калі мы гулялі з якім-небудзь фізфакам, дзе было вельмі шмат хлопцаў, мы прайгравалі 1:6, 1:5. Але калі мы гулялі з факультэтамі, дзе было мала хлопцаў, як на біяфаку, мы з імі маглі змагацца.

Запомніў момант, калі мы гулялі з біяфакам і быў лік 0:0. Мелказёраў з абароны мне закідвае мяч на самы перад, і я ў рыўку забіваю гол. Мы перамаглі біяфак з лікам 1:0, гэта было на стадыёне БДУ на Кастрычніцкай. Мне гэта запомнілася, бо мы забівалі галы вельмі рэдка (смяецца).

«НН»: На якой пазіцыі тады гуляў Ігар Тур?

V: Недзе ў паўабароне і ў атацы. Але, наколькі я памятаю, ён збольшага быў на замене, не ў асноўным складзе.

«НН»: Маглі тады прадбачыць, што потым жыццё вас усіх так раскідае?

V: Ёсць шмат прыстасаванцаў, якія засталіся працаваць на АНТ, БТ. Неяк бачыў фота, як пасля 2020 года мая знаёмая з журфака сядзіць побач з Лукашэнкам у Купалаўскім тэатры, а яе найлепшая сяброўка часоў студэнцтва цяпер знаходзіцца ў эміграцыі, яна сышла з АНТ у 2020 годзе і была вымушаная пакінуць краіну. З аднаго боку, ад усяго гэтага вельмі прыкра. З іншага боку, такое здаралася і будзе здарацца ў гісторыі чалавецтва, гэта тыповы сюжэт.

Фота: Monika Ney

Фота: Monika Ney

Не веру ў люстрацыю, у тое, што атрымаецца вычысціць усіх злачынцаў сярод чыноўнікаў. Мне здаецца, дзяржаўны апарат у вялікай ступені захаваецца, і ўсе служкі рэжыму, якія моцна не запляміліся, проста пяройдуць на наш бок. Яны будуць крычаць «Дык я ж заўсёды быў за вас!» і потым гэта ўсё неяк замнецца, бо так раней здаралася ў гісторыі.

У 1989 годзе ў Польшчы дашчэнту разграмілі камуністаў і апазіцыя прыйшла да ўлады, а потым гэтыя ж камуністы ў нейкі час вярнуліся да ўлады пад новымі шыльдамі. Звычайна так і адбываецца: змяняецца верхавіна, але застаецца астатняя частка сістэмы. Маю на ўвазе дзяржаўных службоўцаў, мянтоў — іх так проста не заменіш.

Тым не менш, мая пазіцыя такая: усе павінны адказаць за свае злачынствы. Але, як паказала сітуацыя, звычайна так не адбываецца, яны проста пераабуваюцца, і грамадства іх неяк прымае.

«НН»: Выходзіць, грамадства ідзе на кампраміс дзеля будучыні?

V: У першую чаргу паміж сабой дамаўляюцца палітыкі і эліты, вельмі рэдка нехта нясе адказнасць за тое, што ён нарабіў пры ўладзе.

Зноў жа такі, падкрэслю, канцэнтравацца трэба на культурніцкім кодзе, бо гэта аснова. А ў нас сітуацыя на гэты момант такая, што Газманаў восенню выступаў на стадыёне ў Гомелі і там было шмат людзей. Не думаю, што ўсіх проста загналі, большасць сама прыйшла. Гэта сведчыць пра тое, што ў вялікай часткі грамадства ёсць ментальныя і інтэлектуальныя праблемы, нармальны чалавек усё ж аналізуе факты і не пойдзе падчас вайны на прапагандыста Газманава. Таму я не гляджу на новую Беларусь у ружовых акулярах. Гэтыя людзі застануцца, і з імі трэба будзе суіснаваць.

Вяртаючыся да Ягора Марціновіча, кожная нармальная дзяржава будуецца на такіх людзях, як ён. Гэта інтэлектуал, вельмі разумны чалавек і вялікі патрыёт Беларусі, чалавек, які ведае Беларусь і аб’ездзіў у ёй кожны раён, і яго інтэлект і патэнцыял цяпер ніяк не выкарыстоўваюцца. Гэта ж не нармальна, калі найлепшыя людзі сядзяць за кратамі.

Так ужо было ў нашай гісторыі, так ёсць і так будзе, пакуль мы не памяняем сваю ментальнасць і не зразумеем, хто мы, хто нашы сябры і ворагі.

Гісторыя пра брацкія народы ў палітыцы — гэта лухта, у палітыцы ёсць інтарэсы, і трэба дбаць пра інтарэсы свайго народа. Украінцы цяпер дзейнічаюць у сваіх дзяржаўных інтарэсах: маўляў, мы будзем беларусаў шчаміць, а з Лукашэнкам будзем супрацоўнічаць. Нам гэта непрыемна, але яны могуць сабе гэта дазволіць, бо ў іх цяпер ёсць сіла.

Нам не трэба канцэнтравацца на Украіне, хай сабе гавораць, што хочуць. Мы павінны быць моцныя і займацца сваімі інтарэсамі, а таксама пакінуць гэтыя маскальскія байкі пра братоў. Такія людзі, як Ягор Марціновіч, Павел Белавус і іншыя палітвязні, умеюць тлумачыць грамадству, на чым трэба канцэнтравацца, бо яны гэта ведаюць. Рэжым, канешне ж, хоча схаваць такіх людзей далей ад народа, каб яны не маглі расказаць праўду. Пазітыўны ж момант у тым, што гэтыя людзі, гэтыя глыбы, аднойчы выйдуць яшчэ мацнейшымі і зробяць для Беларусі яшчэ больш.

Зміцер Vinsent Папко: Беларус — гэта і ёсць еўрапеец

«Ты ім пракапаў метро, яны табе пракапалі магілу». Vinsent напісаў рэп-ліст расстралянаму літаратару Зяму Півавараву АЎДЫЁ

Рэперы Вінсэнт і LSP зладзілі публічныя разборкі 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?