«Па тэлефонах цяпер толькі пратакольныя размовы. Усё па рабоце, ні ўправа ні ўлева. Гаворыш столькі, колькі гатовы даць праслухаць уубэшнікам [УУБ — упраўленне ўласнай бяспекі]. Усе астатнія размовы — толькі праз мэсэнджары.

Апошнія месяцы уубэшнікі актыўна ўкідваюць інфармацыю, што яны могуць слухаць тэлеграм, прыводзяцца прыклады афіцэраў без імёнаў, якіх нібыта арыштавалі, бо нешта перахапілі. Але ніхто не ведае, што за яны. Таму гэта выглядае як байка, каб знізіць давер да таго, што непадкантрольна кантралёрам», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з беларускіх сілавікоў. 

«У нашым аддзеле ўсе аператыўнікі размаўляюць праз Telegram ці Signal па асабістых пытаннях. Пачалося гэта, бадай што, пасля зліваў «Байпола». Я з гэтым звязваю тое, што больш праслухоўкі ставіцца на «курылках» — проста ўжо менш могуць слухаць размовы, спрабуюць нешта вычэпліваць у іншых месцах», — дадаў іншы наш суразмоўца з міліцыі.

Чытайце таксама: У Мінску праслушку цяпер расстаўляюць не толькі ў кватэрах, але і на некаторых вуліцах

«Я б таксама не выключаў узрастання маштабу камунікацыі нашых «сілавікоў» з расійскімі «калегамі». Раней нефармальныя сувязі спрабавалі кантраляваць, адсочваць. А цяпер гэтак жа, як мы без наступстваў гаворым з журналістамі, лаяльныя Расіі афіцэры могуць кантактаваць з расійскімі куратарамі, або проста «калегамі», фармаваць з імі гурткі па інтарэсах. Я то ў шырокія кантакты і пагрозу змовы з Захаду не веру, а вось у змову супраць Лукашэнкі, інспіраваную Расіяй — цалкам. І я не тое што думаю, я ведаю, што Лукашэнку гэтае пытанне хвалюе, яму ўжо не могуць прыносіць, як раней, стэнаграмы размоваў яго афіцэраў і чыноўнікаў на «проста пачытаць». У краіне сапраўды павялічваюцца маштабы праслухоўкі дзяржслужачых», — дадаў яшчэ адзін наш суразмоўца. 

«Я па GSM размаўляю са сваякамі на побытавыя тэмы: бульба, рамонт машыны, вучоба дзяцей. Ніякіх тонкіх тэм не закранаю, проста зусім не гаварыць па GSM — гэта падазрона. А ўсё важнае пакідаю для мэсэнджараў, нават размовы з адкрытымі «ябацькамі» — таксама там. Яны таксама па GSM асабліва не гавораць, прынамсі ў маім калектыве», — сказаў нам адзін з абласных чыноўнікаў. 

Клас
7
Панылы сорам
8
Ха-ха
91
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
12