У сваёй лекцыі Раманаў замахнуўся на нацыянальную ідэю Рэспублікі Беларусь. І заявіў (са спасылкай на расійскага філосафа Мікалая Лоскага), што «ўся гісторыя беларусаў была іх барацьбой за сваю рускасць». Захад жа, паводле Раманава, прывёў свет да несправядлівасці, экалагічнай катастрофы і на мяжу выжывання.

Сусветныя выклікі

Паводле Раманава, высокія тэхналогіі, якімі «авалодалі краіны капіталістычнага ядра, сталі інструментам падпарадкавання і панавання над насельніцтвам усёй астатняй часткі планеты», гэта, паводле яго, стала «новай разнавіднасцю каланізацыі адной часткай планеты іншай яе часткі».  

У той жа час выкліканы няроўнасцю мігранцкі рух, узмацненне «афра-мусульманскай або лацінаамерыканскай цывілізацыйнай дамінанты можа <…> прывесці да страты многімі заходнімі дзяржавамі ўласнай якаснай пэўнасці, сваёй ідэнтычнасці, культурна-цывілізацыйнай і ментальнай цэласнасці», разбурэння «еўрапейскага цывілізацыйнага кода і драматычнага паслаблення Еўропы».

Закранае Раманаў і «антрапалагічную катастрофу» — «драбненне і дэградацыю чалавека, нечуванае яго псаванне, духоўнае збядненне».

Галоўнай жа прычынай дэградацыі, паводле Раманава, зʼяўляецца бясконцае павышэнне камфорту жыцця. Такі чалавек, мяркуе Раманаў, «наўрад ці акажацца здольным да пераемнасці і працягу сацыяльнай эвалюцыі».

Таму зыходным пунктам пераадолення глабальных крызісаў, Раманаў бачыць «магутны рэфармацыйны зрух — абнаўленне сістэмы ідэалаў і каштоўнасцяў, якія дазваляюць чалавеку заставацца суб'ектам сацыяльных працэсаў, а не шрубкай гіганцкай сацыяльнай мегамашыны, быць у поўнай меры чалавекам, а не антрапоіднай істотай з цалкам разбуранай чалавечай сутнасцю».

Сацыялізм, піша Раманаў, калі і грашыць чымсьці ў крытыцы капіталізму, то найперш тым, што «адмаўляе яго недастаткова радыкальна».

Беларускі «выбар»

Раманаў дае свой адказ на пытанне пра тое, як Беларусі варта рэагаваць на глабальныя выклікі. Найперш гэта — каштоўнасць моцнай дзяржавы.

Паводле аўтара, усходнім славянам без моцнай дзяржавы не выжыць, такая «спецыфіка геапалітычных умоў»: «як толькі дзяржава слабее, у той жа момант абуджаюцца сілы ўнутранай анархіі і знешняй агрэсіі, пачынаюць бушаваць амбіцыі мясцовых «князькоў», гатовых бясконца дзяліць і рэзаць па жывым адзіную Еўразійскую прастору».

«Тым, каму здаваўся нязручным цяжар традыцыйнай улады, трэба будзе выпрабаваць такі цяжар «новага парадку», што пра «стары парадак» прыйдзецца толькі настальгічна ўздыхаць», — прадказвае Раманаў.

Акрамя моцнай дзяржавы, беларусам, відаць, прыйдзецца пагадзіцца з яшчэ больш сціплым жыццём. Бо камфорт і багацце, паводле аўтара, — разбурэнне асобы і дэградацыя.

«Ідэалогія і практыка тэхнагенна-спажывецкай стратэгіі развіцця, заснаваная на бязмежным росце матэрыяльных патрэбаў, нястрымнай тэхніка-эканамічнай экспансіі і сацыяльнай канкурэнцыі прывяла ўрэшце ўсё чалавецтва на мяжу глабальнай катастрофы. Яна абсалютна вычарпала сябе да канца ХХ стагоддзя. Ірацыянальна высокія стандарты жыцця краін «залатога мільярда» падтрымліваюцца сёння за кошт нізкага ўзроўню жыцця астатняга свету», — піша Раманаў.

Паводле яго, «неабходна рэабілітаваць тыя культурныя каштоўнасці і практыкі, якія былі рэалізаваныя незаходнімі культурамі».

«Вядома, поўная адмова ад дасягненняў сучаснасці немагчымая хоць бы па той прычыне, што цяперашняя колькасць народанасельніцтва патрабуе новых тэхналогій для элементарнага жыццезабеспячэння», — дае спадзеў аўтар на «элементарнае жыццезабеспячэнне».

Што ж бачыць Раманаў інструментам для «пераадолення тупікоў тэхнацэнтрызму і спажывецтва?»

«Па-першае, устойлівае імкненне да духоўна-каштоўнаснага стаўлення да рэальнасці»: «праваслаўна-хрысціянская ідэнтычнасць фармуе асаблівы тып асобы з постматэрыялістычнай структурай патрэбаў, феномен «зачараванага вандроўніка», які патрабуе не матэрыяльных каштоўнасцяў, не жыццёвага поспеху, а праўды, справядлівасці і сэнсу жыцця».

І яшчэ адзін сюрпрыз чакае ад Раманава беларусаў. Аказваецца,

«у нашым тыпе цывілізацыі няма і не можа быць працы, вытворчасці, сацыяльнай актыўнасці наогул, пабудаваных на прынцыпах эквівалентнага абмену коштамі».

«Калі ўсходні славянін сілкуецца энергіяй натхнення, якая ідзе ад волі, верыць у грамадскае ўпарадкаванне, ён нязменна дае больш таго, што прадугледжана «абменам»; калі ж перастае верыць — дае невымерна менш, і ўсё сацыяльнае жыццё разладжваецца, ператвараючыся ў хаос.

Cтаршыня грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алег Раманаў. Фота Zviazda.by

Cтаршыня грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алег Раманаў. Фота Zviazda.by

Гэта значыць, што ўсходнеславянскі цывілізацыйны тып зʼяўляецца этыкацэнтрычным — не ў сэнсе асаблівай маральнай перавагі над іншымі, а ў сэнсе няздольнасці праводзіць паслядоўнае адрозненне паміж паўсядзённымі руціннымі абавязкамі і вышэйшым служэннем», — даводзіць Раманаў.

Зразумела, і правы чалавека ва ўсходняга славяніна не такія, як у астатніх людзей.

«Сёння праблематыка правоў чалавека практычна манапалізаваная носьбітамі ліберальнай ідэалогіі, якія даюць гэтай тэме даволі спецыфічнае тлумачэнне.

Чалавек як носьбіт правоў відавочна або няяўна супрацьпастаўляецца грамадству і дзяржаве. Па сутнасці, ідэя правоў чалавека прадугледжвае рэалізацыю прынцыпу «не чалавек для грамадства, а грамадства для чалавека». <…> Зусім не выпадкова, што ідэю правоў чалавека асабліва ахвотна выкарыстоўваюць разнастайныя меншасці».

«Ва ўсходнеславянскім свеце большасць грамадства ў сілу аб'ектыўных гістарычных, псіхалагічных, адукацыйных і дэмаграфічных прычын не здольная ў поўнай меры абараняць свае інтарэсы. У гэтых умовах энергічная і эфектыўная абарона правоў меншасцяў (ды яшчэ і, як правіла, падтрымліваецца звонку) аб'ектыўна ператвараецца ва ўшчамленне і ў канчатковым рахунку ў адмаўленне правоў большасці, — па сутнасці справы, у антыграмадскую, дэструктыўную дзейнасць (бо грамадства ў цэлым — гэта ў першую чаргу яго большасць, а не меншасці).

Усходнеславянскія дзяржавы абавязаныя абараняць інтарэсы ў першую чаргу большасці сваіх грамадстваў», — даводзіць аўтар.

У выніку Раманаў прыходзіць да аксюмарана. Ëн сцвярджае, што «ў глыбока супярэчлівым глабальным свеце» усходнім славянам трэба аб’ядноўвацца, бо толькі гэта ім «дазволіць захаваць сваю ідэнтычнасць».

«Менавіта ў буйных палітычных утварэннях («імперыі») магчымая сапраўдная і яркая духоўная творчасць, якая пераадольвае «местачковасць» і правінцыйную зашоранасць, забяспечвае «палітычную і культурную гегемонію ў Еўразіі, што, у сваю чаргу, гарантуе ёй цэласнасць і ўстойлівасць», — піша аўтар. 

Чытайце таксама:

Давыдзька больш не ўзначальвае «Белую Русь». Яго месца заняў рэктар Полацкага ўніверсітэта

Пачысціў універсітэт, адпраўляў перавыхоўвацца на парад. Хто такі Алег Раманаў, новы кіраўнік «Белай Русі»

Клас
1
Панылы сорам
75
Ха-ха
9
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
24