У рамках даследавання, паведамляе Medical Xpress, удзельнікі выконвалі заданні ва ўмовах «дыхання тым самым паветрам» — пры гэтым у паветры, якім чалавек дыхае, паступова павялічваецца ўтрыманне вуглякіслага газу і змяншаецца ўтрыманне кіслароду. Гэта магутны трыгер кіслароднага галадання, чалавек адчувае недахоп кіслароду, яму інстынктыўна хочацца дыхаць глыбей.

За добраахвотнікамі назіралі на працягу шасці хвілін або датуль, пакуль яны не дасягалі невыноснага, па іх адчуванні, узроўню дыскамфорту.

Падобна да болю, кіслароднае галаданне — недахоп кіслароду — выклікае жаданне зрабіць нешта, каб гэта спынілася.

Адны людзі вытрымлівалі выпрабаванне даўжэй і лепш, іншыя — карацей і горш.

Даследчыкі выявілі, што мужчыны з высокім узроўнем самакантролю маглі вытрымліваць паўторнае дыханне на працягу больш як пяці хвілін, што амаль на хвіліну даўжэй, чым у мужчын з нізкім узроўнем самакантролю.

Тыя, у каго быў высокі ўзровень самакантролю, пераносілі кіслароднае галаданне лепш і прыкладалі меншыя разумовыя высілкі для выканання задання.

Паміж удзельніцамі-жанчынамі не было істотных адрозненняў у працягласці, якую яны былі здатныя вытрымаць, але тыя, у каго быў больш высокі ўзровень самакантролю, мелі лепшую здольнасць выканання заданняў ва ўмовах недахопу паветра ў канцы выпрабавання. 

Сіла волі, або самакантроль — гэта здольнасць кантраляваць свае эмоцыі, думкі і паводзіны, здольнасць кіраваць сабой і пераадольваць сябе для дасягнення мэтаў, такіх, як адмова ад курэння і алкаголю або неабходнасць прытрымлівацца дыеты. Ён можа быць няпростай задачай, бо патрабуе ад людзей адмовы ад імгненных жаданняў і сутыкнення з непрыемнымі перажываннямі, стрэсам, а часам і болем. 

Джэймс Браўн, даследчык са Школы навукі і тэхналогій універсітэта Нотынгем Трэнт, мяркуе, што людзі з моцнай сілай волі «могуць паказваць лепшыя вынікі падчас інтэнсіўных практыкаванняў, бо яны лепш пераносяць агульны дыскамфорт».

Па словах Джэймса Браўна, вынікі праведзенага даследавання могуць дапамагчы растлумачыць, чаму пацыенты з хранічнымі захворваннямі лёгкіх не заўсёды аднолькава апісваюць свае сімптомы, нягледзячы на тое, што яны фізіялагічна падобныя.

Таксама даследчык звярнуў увагу на розніцу ў тым, як пераносілі даследаванне мужчыны і жанчыны — але чаму так атрымалася, можна патлумачыць толькі праз вывучэнне ўплыву сацыяльных нормаў, біялагічных і псіхалагічных адрозненняў паміж мужчынамі і жанчынамі.

Клас
14
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1