Мінулая зіма стала адной з самых цёплых за ўсю гісторыю метэаназіранняў (заняла 11-е месца).
Студзень 2022-га ўвайшоў у дваццатку самых цёплых. Але ў той жа час менавіта ў студзені ў Касцюковічах адзначаная мінімальная тэмпература паветра за мінулы год — мінус 23,8 °С.
Кліматычная вясна наступіла на поўдні Беларусі 4—15 лютага — на 2—4 тыдні раней, чым звычайна.
Сакавік 2022 года стаў самым засушлівым з 1945 года. Ападкаў выпала ўсяго 17% ад кліматычнай нормы.
А красавік, наадварот, стаў самым вільготным за гэты ж перыяд назіранняў: колькасць ападкаў перавысіла дзве месячныя нормы.
Лета стала трэцім самым цёплым летам за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў з 1881 года!
У чэрвені былі зарэгістраваныя трапічныя ночы, калі мінімальная тэмпература паветра за ноч складала плюс 20 градусаў і больш. А 28 чэрвеня ў Лельчыцах адзначаны тэмпературны максімум па краіне — плюс 34,3 °С.
Мінулы жнівень стаў адным з самых цёплых за ўсю гісторыю метэаназіранняў і чацвёртым самым засушлівым з 1945 года. Ападкі склалі 37% кліматычнай нормы.
Восень увайшла ў 20 самых вільготных сезонаў з 1945 года.
Верасень стаў самым халодным за апошнія 20 гадоў. А кастрычнік — наадварот, чацвёртым самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў.
2022 адзначыўся катаклізмамі надвор'я ва ўсім свеце.
У верасні над ледзяным шчытом Грэнландыі ўпершыню ішоў дождж, а не снег.
Траціну Пакістана затапіла, што прывяло да вялізных эканамічных страт і чалавечых ахвяр.
Рэкордныя цеплавыя хвалі назіраліся ў Кітаі, Еўропе, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы.
Працяглая засуха на паўвостраве Самалі пагражае гуманітарнай катастрофай.
Выглядае, што і надалей экстрэмальныя перапады тэмператур будуць усё больш частымі. А каб прыстасавацца да гэтай новай рэальнасці, трэба запавольваць змяненне клімату.
Чытайце таксама:
У Беларусь ужо вярнуліся першыя пералётныя птушкі
Уначы беларусы назіралі незвычайную, але вельмі прыгожую астранамічную з'яву ФОТА
Вулканічная зіма на доўгія месяцы? Гэта можа нас чакаць





