Фота: УНІАН

Фота: УНІАН

Міністэрства абароны Украіны прыняло рашэнне цалкам адысці ад савецкіх стандартаў харчавання ў войску і распрацаваць новыя варыянты меню для ўкраінскіх вайскоўцаў. Пра гэта напісаў кіраўнік профільнага міністэрства Аляксей Рэзнікаў на сваёй афіцыйнай старонцы ў фэйсбуку.

Рэзнікаў падкрэсліў, што ў Мінабароны і УСУ заўсёды была нулявая талерантнасць да карупцыі.

Міністр абароны дадаў, што ў падкантрольным яму міністэрстве і ва Узброеных сілах Украіны больш не павінна адбыцца такіх непаразуменняў, як скандал з закупкай прадуктаў па завышаных цэнах.

Каб запусціць гэты працэс, Аляксей Рэзнікаў будзе прасіць арганізаваць сумеснае пасяджэнне двух камітэтаў, бо спатрэбіцца сканцэнтраваць спецыялістаў і забяспечыць неабходны імпульс.

Таксама створаць працоўную групу, якая адпрацуе пытанне стварэння новага меню для вайскоўцаў па ўсіх вымярэннях — ад працэдуры ўкаранення да зместу меню.

Акрамя таго, кіраўнік Мінабароны паабяцаў, што асабіста звернецца да рынку з просьбай падтрымаць пераход на сістэму меню.

«Таксама я буду знаходзіцца ў пастаянным дыялогу з рынкам, каб забяспечыць стабільнае харчаванне на працягу пераходнага перыяду»,— сказаў ён.

Якім будзе меню для вайскоўцаў па натаўскіх стандартах?

Кіраўнік Мінабароны патлумачыў, што існуюць асаблівыя патрабаванні да сілкавання відаў, родаў і сіл УСУ. Ёсць ВМС, дэсантнікі, авіяцыя са сваімі асаблівасцямі. Ёсць адрозненні паміж харчаваннем у палявых умовах на фронце і ў пункце пастаяннай дыслакацыі. І ўсе гэтыя адрозненні неабходна ўлічыць.

Таксама для ўкраінскіх вайскоўцаў распрацуюць веганскае, халяльнае, кашэрнае меню і поснае меню хрысціянскай традыцыі.

21 студзеня журналіст Юрый Ніколаў заявіў, што Міністэрства абароны раскрадае бюджэтныя сродкі, завышаючы цэны на прадукты харчавання для Узброеных сіл Украіны. Мяркуючы па дакументах, якія апублікавалі журналісты, ведамства замовіла яйкі па 17 грн за штуку і бульбу па 22 грн за кг, хоць у Кіеве раздробны кошт складае 7 і 9 грн адпаведна.

Клас
10
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0