Фота: pixabay

Фота: pixabay

Навукоўцы з Інстытута Уолтэра і Элізы Хол (WEHI) у Мельбурне вырашылі векавое пытанне ў даследаваннях дыябету, выявіўшы, што іншыя малекулы здольныя замяніць інсулін з такім жа эфектам. Гэта дае каштоўную інфармацыю для будучага стварэння першых інсулінавых таблетак.

Паводле даследавання, апублікаванага ў часопісе Nature Communications, навукоўцы паспяхова прадэманстравалі, што неінсулінавая малекула можа цалкам імітаваць інсулін, неабходны для падтрымання ўзроўню цукру ў крыві чалавека. Гэта адкрывае новыя магчымасці для распрацоўкі лекаў, якія маглі б замяніць штодзённыя ін'екцыі інсуліну для людзей з дыябетам 1-га тыпу.

Каманда навукоўцаў пры дапамозе крыяэлектроннай мікраскапіі пабудавала трохмерныя чарцяжы некалькіх малекул, званых «пептыдамі», якія, як вядома, узаемадзейнічаюць з рэцэптарам інсуліну і ўтрымліваюць яго ў «актыўным» стане. 

У ходзе эксперыменту быў выяўлены адзін «пептыд», які можа звязвацца з рэцэптарам і актываваць яго так, як інсулін. Па словах доктара Нікаласа Кірка, аднаго з аўтараў даследавання, з гэтай малекулы можна сінтэзаваць лекі ў выглядзе таблетак, бо сам інсулін занадта нестабільны і лёгка расшчапляецца арганізмам пры траплянні ў стрававод.

«Інсулін быў створаны 100 гадоў таму, а распрацоўка інсулінавых таблетак была галоўнай марай усіх даследчыкаў дыябету, але паспяховых спроб стварэння такіх лекаў дагэтуль не было. Нам самім трэба прайсці яшчэ доўгі шлях у выглядзе далейшых даследаванняў, але вельмі прыемна ведаць, што наша адкрыццё адчыняе дзверы для лячэння дыябету 1-га тыпу пры дапамозе таблетак», — расказвае доктар Кірк.

Нагадаем, што інсулін — гэта гармон, які іграе важную ролю ў рэгуляцыі ўзроўню глюкозы (цукру) у крыві чалавека. Ён выпрацоўваецца падстраўнікавай залозай і дапамагае арганізму выкарыстоўваць глюкозу для атрымання энергіі. У людзей з дыябетам арганізм або не выпрацоўвае дастатковай колькасці інсуліну, або не можа эфектыўна яго выкарыстоўваць, што прыводзіць да павышэння ўзроўню цукру ў крыві і іншых негатыўных наступстваў.

Чытайце яшчэ:

«Дактары сказалі, што я не жылец». Беларус важыў 183 кілаграмы і вырашыўся ўшыць страўнік. Як дапамагло?

Дактары перасцерагаюць: не рабіце гэтага перад паходам да медыкаў 

Гелевы манікюр здольны выклікаць рак

Клас
36
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
0