Падчас інтэрв'ю супрацоўнік сайта нагадаў епіскапу пра нейкае «прароцтва манахаў украінскай Святагорскай лаўры», якое нібыта абвяшчае, што «ўз'яднанне трыадзінай Русі наступіць роўна праз паўгода, як толькі ерэтыкі і раскольнікі захопяць Кіева-Пячэрскую і Пачаеўскую лаўры».

На пытанне, «няўжо такое магчыма», Гурый адказаў: «Дай бог, каб гэта прароцтва аб трыадзінай Русі збылося».

Таксама гэты вядомы сваёй прарасійскай пазіцыяй епіскап абвінаваціў Захад і ўкраінскае кіраўніцтва ў атацы на праваслаўе і «ўсё рускае». І ўвогуле не шкадаваў эпітэтаў на іх адрас:

«Сёння палітычная ўлада Украіны, увасабляючы ў жыццё даўнія планы сусветнага закулісся, спрабуе расхістаць асновы праваслаўя», — сказаў Гурый.

«У аснове імкненняў кіруючай «эліты» — неапаганства, прычым носіць яно адкрыта бесаўскі характар», — лічыць ён.

Ён абрынуўся на тое, што ва Украіне нібыта пашыраюцца культы Сцяпана Бандэры, Сымона Пятлюры, Рамана Шухевіча і Івана Мазепы, параўнаўшы тое, што нібыта адбываецца, з савецкім часам: 

«Усё гэта не новае. Не так далёка яшчэ той час, калі закрывалі храмы і манастыры, святароў знявольвалі ў турмы. Вораг роду чалавечага насмейваўся, лічачы, што, разбурыўшы царкву, ён сатрэ яе з твару зямлі. Сціраў, падрываў, разбураў, але Царква Хрыстова толькі ўмацоўвалася».

«Калі разбураюць ісцінную кананічную Царкву, якая вядзе пераемнасць ад апосталаў, — чакай пакарання. Гэта не жарты — змагацца з Богам, ісці яму насуперак», — прыйшоў ён да заключнай высновы. 

Вышэйшая іерархія Рускай Праваслаўнай Царквы, епіскапам якой ёсць Гурый, з самага пачатку вайны Расіі супраць Украіны займае прарасійскую і праваенную пазіцыю, пра што шмат разоў адкрыта выказваўся сам патрыярх Кірыл. Беларускі епіскапат на чале з мітрапалітам Веніямінам такой пазіцыі, прынамсі, не пярэчыць, а найбольш актыўныя іерархі накшталт Гурыя і актыўна падтрымліваюць.

Клас
3
Панылы сорам
24
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
59